- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Каб яшчэ больш любіць родную мову Не бойся, устань, распяты, Прыніжаны і пракляты,Устань, распраміся, браце,Зрабіся ізноў крылатым —Распяцце — тваё багацце.У наш час няпроста складваецца сітуацыя з нашай роднай беларускай моваю, аднак для тых, хто палюбіў сваё роднае слова на ўсё жыццё, хто аддана служыць яму і нясе крыж пакуты за яго, беларуская мова стала яшчэ мілейшай, яшчэ даражэйшай і больш трапяткой. Гэта як маці, якая больш любіць сваё пакрыўджанае лёсам дзіця. Ды варта сказаць, што ў сённяшнім жыцці ёсць шмат пазітыўнага, станоўчага для нашай мовы і яе прыхільнікаў. Памятаю, як трымцела спалохана душа, калі ў сярэдзіне 90-х гадоў наша мова пачала здаваць свае пазіцыі. Настаўніца — пенсіянерка адной са слонімскіх школ Яўгенія Мікалаеўна Трафімовіч так выказала свае адчуванні на гэты конт: “Ехала з аперацыі на анкалагічнае захворванне, дзе мне выразалі частку лёгкага, але душа балела не за сябе — я пакутавала ад пытання: што будзе з нашай роднай беларускай мовай?” Вось ужо некалькі гадоў, як спачыла Яўгенія Мікалаеўна, знайшла прытулак на Кракоцкіх могілках, але яе мужнасць і глыбокая адданасць беларускасці з’яўляецца прыкладам для жывых. І тут прыгадваюцца словы з малітвы: “Любоў вянчае ўсю моц духу”. Любоў павянчаная для нас з нашай роднай мовай, якая патрабуе ад любячых сэрцаў самаахвярнай святой пакуты. Вось чаму наш час — гэта час адданай любові, мужнасці і вернасці тых, хто прычыніўся да служэння роднай мове.