«Гэта вялікая сіла – прысутнасць беларускіх прадстаўнікоў свету культуры тут, у Варшаве і ў Польшчы»
2023-09-25 20:37
Польскі Фонд HumanDoc дапамагае прадстаўнікам сферы культуры, якія былі прымушаныя пакінуць Беларусь.
Польскі Фонд
HumanDoc арганізоўвае курсы польскай мовы для беларускіх прадстаўнікоў свету культуры, якія апынуліся ў эміграцыі. Заняткі цалкам бясплатныя, пачнуцца яны ў кастрычніку. Пра згаданыя курсы, а таксама падтрымку беларускай творчай інтэлігенцыі ў эміграцыі мы пагаворым з прадстаўніком фонду.
Пра курсы польскай мовы, а таксама пра беларускае эміграцыйнае асяроддзе ў Польшчы мы размаўляем са Станіславам Бруднахам (Stanisław Brudnoch), кіраўнікам украінскай праграмы Фонду HumanDoc.
Мы запыталі нашага суразмоўцу, як і калі з’явілася ідэя арганізаваць курсы польскай мовы для беларускай творчай інтэлігенцыі, якая была прымушаная падацца ў эміграцыю.
- Наш фонд дапамагае беларусам з 2020 года, а з мінулага года дапамагаем таксама ўкраінцам, якія прыехалі ў Польшчу. Моўныя курсы мы праводзім з 2020 года. Вядома, што калі нехта прыязджае ў новую краіну, то мова – гэта аснова. Гэта доступ да інфармацыі, да працы, да адукацыі. Мы правялі ўжо дзясяткі моўных курсаў, прычым на розных узроўнях валодання мовай – ад асноў, да добрага ўзроўню. Наш фонд таксама праводзіў курсы польскай мовы для медыкаў і юрыстаў, а нядаўна вырашылі, што варта арганізаваць лекцыі для беларускіх прадстаўнікоў свету культуры. Дзякуючы гэтаму прадстаўнікі беларускай эміграцыі змогуць наладзіць кантакты з прадстаўнікамі польскага культурнага асяроддзя альбо з установамі культуры. Курсы, якія мы прапануем, на ўзроўні B2 і C1 – гэта значыць для людзей, якія ўжо ведаюць польскую мову. Дадаткова наш фонд прафінансуе здачу дзяржаўных экзаменаў на сертыфікат B2 і C1 для найлепшых курсантаў.
У апошні час Варшава стала важным цэнтрам беларускага акцёрскага асяроддзя. Можна сказаць, што ў польскую сталіцу пераехаў амаль цэлы Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. Як здаецца, Польшча можа выкарыстаць талент і майстэрства беларускіх акцёраў, якія былі прымушаныя пакінуць сваю радзіму.
- Польшча, Варшава і іншыя вялікія гарады сталі свайго роду хабам беларускай незалежнай культуры. Гэта акцёры, тэатральныя рэжысёры, драматургі, перформеры, прадстаўнікі візуальнага мастацтва. Не ўсіх творчых людзей з Беларусі ў Польшчы заўважаюць, але беларуская творчая інтэлігенцыя не разгубілася ў новай краіне. Так, у польскіх тэатрах ідуць беларускія пастаноўкі, выступаюць беларускія акцёры, беларускіх драматургаў запрашаюць у польскія тэатры, у галерэях праходзяць выставы беларускіх мастакоў. Гэта вялікая сіла – прысутнасць беларускіх прадстаўнікоў свету культуры тут, у Варшаве і ў Польшчы. Але гэта таксама вялікі шанц для польскай культуры. Было б добра, каб беларускія артысты і мастакі інтэграваліся ў польскую культуру.
І сапраўды – у апошні час Варшава стала важным цэнтрам беларускага жыцця: тут працуюць беларускія фірмы, аказваюцца рознага роду паслугі, беларусы працуюць у польскіх кампаніях... Мы запыталі нашага суразмоўцу, ці беларусы, прадстаўнікі новай эміграцыі, паводле яго меркавання, знайшлі сваё месца ў Польшчы і ў польскай сталіцы, ці ўсё ж такі існуюць пэўныя праблемы?
- Я лічу, што беларускай эміграцыі ўдалося адаптавацца ў Польшчы. Гэта людзі, у якіх вялікі культурніцкі капітал, гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, у якіх у Беларусі была ўжо акрэсленая грамадская пазіцыя. Яны не згубіліся ў Польшчы, а наадварот – адаптаваліся да новых умоў і нават інтэграваліся ў польскае грамадства. Гэта таксама людзі, якія добра ведаюць англійскую мову і хочуць вывучаць мову польскую. У іх таксама ёсць матывацыя да таго, каб тут, у Польшчы, уладкаваць сабе жыццё, бо не вядома, калі яны змогуць вярнуцца ў Беларусь і там спакойна жыць. Для Польшчы – гэта вялікі плюс, што да нас прыехалі адукаваныя людзі, прадстаўнікі свету культуры, ІТ-сферы, і я мяркую што мы, польскае грамадства, павінны скарыстацца іх прысутнасцю ў нас.
Частка іншаземцаў, якія трапляюць у іншую краіну, гуртуюцца ў сваім асяроддзі і не інтэгруюцца ў мясцовае грамадства. Мы запыталі Станіслава Бруднаха, ці, паводле яго назіранняў, беларусы з новай хвалі эміграцыі інтэгруюцца ў польскае грамадства, ці трымаюцца свайго асяроддзя?
- Гэта залежыць ад чалавека, бо я ведаю людзей, якія вельмі ахвотна ўсталёўваюць кантакты з польскім асяроддзем, арганізацыямі і палякамі – яны не хочуць зачыняцца ў эміграцыйным гета. Але таксама я ведаю людзей, у якіх няма сілы на інтэграцыю, іх псіхалагічны стан не дазваляе рабіць нейкія змены і ісці наперад. Таму яны закрываюцца сярод сваіх, у эміграцыйным гета, бо для іх – гэта вядомае асяроддзе, вядомая мова і людзі.
Я хачу зазначыць, што ў Польшчы жывуць прадстаўнікі некалькіх хваляў эміграцыі. Апошняя – гэта беларусы, якія пераехалі пасля 2020 года. Але раней беларусы таксама пераязджалі жыць у Польшчу.
Калі гаварыць пра апошнюю хвалю эміграцыі, то можна заўважыць, што многія беларусы ў Польшчы мяняюцца, напрыклад, пачынаюць размаўляць па-беларуску. У Варшаве ўсё часцей можна пачуць беларускую мову.
Я пазітыўна ацэньваю факт, што ў Варшаве жывуць беларусы, і што яны бачныя, бо мы, жыхары сталіцы, можам карыстацца эфектамі працы прадстаўнікоў беларускай культуры. І гэта вельмі добра – я магу толькі радавацца.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл