Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ўзяў вялікае інтэрвію ў старшыні Беларускага ПЭНа Тацяны Нядбай.
ПАЧАТАК ПРАЦЫ. ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА-СТАРШЫНЯ Ў БЕЛАРУСКІМ ПЭНЕ
Калі
я ў 2017 годзе прыйшла ў наш ПЭН, я стала там першай
жанчынай-старшынёй. Яшчэ і ўзрост мой быў маладзейшы, чым той, з якім
звычайна абіраюць старшынь. Калі паглядзець гісторыю, старшынямі былі
вельмі сталыя і аўтарытэтныя мужчыны – зубры, мастадонты літаратуры.
Андрэй Хадановіч быў першым адчувальна маладзейшым старшынём. Ён кіраваў
гадоў восем – а пасьля гэты выклік давялося прыняць мне.
Калі
мяне абіралі, было вельмі шмат скепсісу, асабліва ад часткі тых самых
«старэйшых мужчынаў». Я разумела, што мушу давесьці, у тым ліку самой
сабе, што я вартая даверу, атрыманага ад тых, хто за мяне галасаваў.
Першае,
што я пачала рабіць у нашым ПЭНе з 2017 году – гэта вельмі ўважліва
слухаць асяродзьдзе: дзе, на іх думку, ПЭН недапрацоўвае, што мусіць
рабіць. Вельмі ўважліва ставілася да ўсяго, што гаворыцца наконт місіі
ПЭНу, абмяркоўвала гэта з калегамі.
«ПЭН НЕДАПРАЦОЎВАЕ Ў ПРАВААБАРОНЧЫМ КІРУНКУ»
Я
згадала кагадзе «старэйшых мужчынаў», якія скептычна да мяне ставіліся –
але ўсё ж скарэктую сябе: ня варта разьвешваць ярлыкі і абагульняць,
вядома… Уладзімер Арлоў, Алесь Бяляцкі, іншыя, каго не магу назваць, бо
людзі ў Беларусі, – былі для мяне паплечнікамі і калегамі. Вялізную
падтрымку заўжды атрымлівала таксама ад Святланы Алексіевіч, П.К., іншых
пісьменьніц… Я заўсёды магла зь імі раіцца, абмяркоўваць крытыку ў бок
Беларускага ПЭНу – каб зразумець, на што мы здольныя, што нам трэба
зрабіць, у які бок рухацца.
Шукала прастору для росту, каб рэалізаваць патэнцыял Беларускага ПЭНу, каб зразумець, што мне не дарма аказалі давер.
Акрамя
пісьменьнікаў, мне дапамагалі разьвіваць ПЭН і праваабаронцы. Вельмі
істотным быў іх досьвед дзевяностых: праца ў грамадзянскай супольнасьці,
стварэньне праваабарончага руху ў Беларусі. Дапамога праваабаронцаў
была надзвычай важнай – каб зразумець, як трошачкі вырасьці там, дзе нам
не хапае моцы.
Увесь час вакол паўтаралі, што ПЭН –
праваабарончая арганізацыя, але ў праваабарончым кірунку яна
недапрацоўвае. Я лічу, што гэтую задачу мне паставіла супольнасьць –
разьвіваць у Беларускім ПЭНе праваабарончы кірунак. Спачатку літаратарка
і праваабаронца П.К. дапамагла нам зразумець, як увогуле магла б
выглядаць пэнаўская праваабарончая дзейнасьць. І ў 2018–2019 гадах мы
зьвярнуліся да іншых калег – праваабаронцаў, экспэртаў, якія дапамаглі
распрацаваць мэтадалёгію маніторынгу парушэньняў правоў чалавека ў сфэры
культуры і наладзіць працу маніторынгавай групы.
Так
у 2019 годзе і пачаўся той самы маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў
сфэры культуры, якому прысьвечаны гэты артыкул. Аднак мы забеглі
наперад – а варта вярнуцца на некалькі гадоў раней, каб зразумець, з
чаго менавіта паўстаў маніторынг, зь якіх патрэбаў, якім ён бачыўся – і ў
што ператварыўся ў выніку.
БЕЛАРУСКІ ПЭН – ПІСЬМЕНЬНІЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ЦІ ПРАВААБАРОНЧАЯ?
Яшчэ
да таго, як мы пачалі працаваць над маніторынгам, Беларускі ПЭН
адгукаўся заявамі на парушэньні правоў літаратараў, на важныя падзеі ў
сфэры культуры – так што сьцьвярджаць, што мы зусім-зусім нічога не
рабілі ў праваабароне, нельга.
Дый дзейнасьць у межах творчага
кірунку: літаратурныя прэміі, майстар-клясы для аўтараў, перакладчыцкія
майстэрні, пісьменьніцкія рэзыдэнцыі – таксама мае ў сабе праваабарончы
кампанэнт, гэта падтрымка дыскрымінаванай культуры, літаратуры, мовы.
Але
паспрабуй знайсьці грошы на беларускую культуру! Напрыклад, у Польшчы
існуе Польскі інстытут кнігі – яны падтрымліваюць пераклад польскіх кніг
на іншыя мовы і такім чынам прасоўваюць польскую кнігу, робяць яе
бачнай, спрыяюць культурным сувязям. Польскі інстытут папулярызуе
польскую культуру за межамі Польшчы, а гэта і прасоўваньне вобразу
Польшчы як краіны, падвышэньне абазнанасьці іншых краінаў пра польскую
культуру. У беларусаў жа такога інстытуту няма.
Асобнай працай
стала знаёмства зь іншымі ПЭНамі ды характарам іх дзейнасьці. З аднаго
боку, няма нейкага агульнага правіла, што менавіта рэгіянальныя ПЭНы
мусяць рабіць, бо ў кожнай краіне – свая сытуацыя, свае праблемы і
выклікі. Зь іншага боку, ПЭН – гэта абарона свабода выказваньня,
разьвіцьцё літаратуры, абарона пісьменьнікаў. І ўся гэтая дзейнасьць
мусіць адбывацца паводле прынцыпаў правоў чалавека.
«ГЭТА НАШАЕ ВЯЛІКАЕ ДАСЯГНЕНЬНЕ – ШТО БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА ДАГЭТУЛЬ ЖЫВАЯ, НАСУПЕРАК УМОВАМ»
Культура
ня можа паўнавартасна развівацца без сыстэмнай падтрымкі дзяржавы. А
беларуская незалежная культура нейкім чынам выкруцілася і захавала сябе.
Гэта нашае вялікае дасягненьне – што мы дагэтуль жывыя, насуперак
умовам. Калі ня толькі дзяржава – але нават бізнэс сістэмна ня можа
падтрымліваць культуру, хіба нейкія зусім бяззубыя ініцыятывы, што не
выказвалі свайго стаўленьня да рэпрэсіяў і правоў чалавека. Бо падтрымка
культуры ў такіх умовах была небясьпечнаю для бізнэсу.
Дзяржава
разумела культуру вельмі сэрвільна – і працягвае такое стаўленьне.
Сёньня гэтак прамаўляе да культуры і Міністэрства культуры Беларусі, і
іншыя чыноўнікі: мы вас утрымліваем, а вы нас яшчэ і крытыкуеце. На іх
думку, калі дзяржава фінансуе культуру, то культура мусіць умацоўваць
ідэалёгію дзяржавы.
Вось у такіх умовах існавала беларуская
культура: без сыстэмнай падтрымкі дзяржавы, без падтрымкі бізнэсу, які
адразу станавіўся на коўзкую сьцежку, калі пачынаў падтрымліваць
культурніцкія праекты, без магчымасьці легальна атрымліваць гранты, бо
іх трэба было рэгістраваць, а значыць, узгадніць зь дзяржаваю. І мы – ня
толькі Беларускі ПЭН, а ўся культурніцкая сфэра Беларусі – мы выстаялі,
мы разьвіваемся.
Пасьля 2014 году быў час, калі дзяржава крыху
павярнулася да нацыянальнай культуры – усьведамляючы, што грэбаваньне
беларускай ідэнтычнасцю зробіць Беларусь рэгіёнам Расеі, вывучаючы ўрокі
пачатку расейскай вайны ва Украіне і анэксіі Крыму, што рэалізоўвалася,
сярод іншага, пад лозунгам «абароны расейскамоўных». Гэта дало больш
прасторы для беларускай сымболікі, тых самых вышыванак, для беларускіх
культурніцкіх імпрэзаў… Але, вядома, у 2020 годзе дзяржава пашкадавала,
што трошкі адпусьціла лейцы.
Яшчэ важным кампанэнтам культурнага
поля да 2020 году былі краўдфандынгавыя пляцоўкі – плятформы, празь якія
супольнасьць магла легальна падтрымліваць праекты. Не было сыстэмнай
падтрымкі дзяржавы, не было магчымасьцяў атрымліваць гранты, не было
падтрымкі ад бізнэсаў, таму краўдфандынг тады быў адной з рэвалюцыйных
магчымасьцяў. Вядома, ня ўсе праекты маглі быць падтрыманыя, бо ня ўсе
мастакі – добрыя мэнэджары, якія могуць прадаць свой творчы прадукт.
«ТЫ ПРЫХОДЗІШ ДА ДОНАРАЎ – А Ў ІХ НЯМА РАЗУМЕНЬНЯ, ШТО НЯ ТАК ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРАЙ»
Я
расказваю пра стан культуры, каб прыйсьці да пэнаўскага маніторынгу. Бо
ён вырас ня толькі з таго, што супольнасьць крытыкавала нас за
недастатковую «праваабарончасьць». Але і з таго, што на культурніцкія
праекты катэгарычна, сыстэмна не хапала рэсурсаў – і трэба было
знаходзіць грошы на адміністраваньне прэміяў, на імпрэзы, на ўтрыманьне
каманды, якая працавала б прафэсійна, каб праца ішла рэгулярна.
Я
пачала як старшыня Беларускага ПЭНу сустракацца з донарамі. І тут
зьявілася праблема: ты прыходзіш да донараў, расказваеш ім пра культуру –
а ў іх няма разуменьня, а што ж ня так з культурай і – чаму яна важная…
Я
сябе адчувала як чалавек, які тлумачыць элемэнтарныя рэчы (што ж ня так
з культурай). І разумела: мне не хапае добра апісанай сытуацыі,
матэрыялаў, каб мы маглі сабраць гэтыя факты парушэньняў правоў
чалавека, перасьледу творцаў, прыгнёту беларускай культуры – каб у нас
была статыстыка і аналітыка. Каб я на падставе гэтай статыстыкі магла
донарам патлумачыць і абгрунтаваць патрэбу падтрымкі культуры, якая і
так слаба вельмі падтрымліваецца. Лічыцца, што ў першую чаргу трэба
падтрымліваць незалежныя мэдыя, абарону правоў чалавека…
Безумоўна,
гэта трэба падтрымліваць – але чаму культура выпадае з прыярытэтаў, з
гэтай «першай чаргі»? Бо «культура сама неяк паўстане», «культура – ня
справа першаступеннай важнасьці»?
«КАЛІ МЫ ПАДТРЫМЛІВАЕМ КУЛЬТУРНІЦКІЯ ПРАЕКТЫ, МЫ ЎТРЫМЛІВАЕМ КАШТОЎНАСНУЮ БАЗУ ГРАМАДЗТВА»
Маёй
задачай было даказаць, што культура – ня менш важная за правы чалавека,
за мэдыя. Я не пра спаборніцтва і канкурэнцыю, а пра разуменьне, што
гэта скразная матэрыя, якая забясьпечвае стабільнасьць зьменаў у
грамадзтве. Падтрымка культуры не паказвае хуткіх вынікаў. Ты зрабіла
гэты праект – але ні за пяць, ні за дваццаць тысячаў ты часта ня можаш
паказаць нават сярэднетэрміновых вынікаў. Але – ты паспрыяла таму, што
празь дзесяць, праз дваццаць гадоў рашэньні будуць прымацца з улікам
таго, што ты зрабіла. Калі мы падтрымліваем культурніцкія праекты, мы
ўтрымліваем каштоўнасную базу грамадзтва.
Маніторынг парушэньняў
правоў чалавека мы пачыналі ў тым ліку для таго, каб сабраць гэтую
статыстыку і пераканаць нашых замежных партнэраў, паказаць, што ж ня так
з нашай культурай. Гэта ж унікальная сытуацыя, што дзяржава нішчыць
сваю культуру (зрэшты, ня толькі сваю). І каб можна было пераканаць
прыватных спонсараў, урады іншых краінаў падтрымліваць беларускую
культуру.
Але ў 2019 годзе для нашага маніторынгу была яшчэ адна
нагода. Мы думалі, окей, мы зараз зьбяром гэтыя факты парушэньняў,
прыйдзем у Міністэрства культуры, напрыклад, і скажам: паслухайце, тут,
тут і тут можна штосьці іначай рабіць. Мы разьлічвалі – хай не адразу –
на нейкія зьмены. Спадзяваліся, што Беларускі ПЭН зможа ўплываць на
сытуацыю ў Беларусі. Каб культурніцкая палітыка мянялася, каб у Кодэкс
аб культуры былі ўнесеныя зьмены, якія б палепшылі…
ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ЛІТАРАТУРЫ – І Ў КІНО, ТЭАТРЫ, МУЗЫЦЫ…
Калі
мы пачыналі маніторынг у 2019 годзе, то думалі, што мусім факусавацца
на правах літаратараў. Літаратараў мы разумелі шырока: гэта ўсе, хто
перакладае, выдае, гэта рэдактары, выкладчыкі літаратуры,
літаратуразнаўцы – усе, хто падтрымлівае, умацоўвае і бароніць вуснае і
пісьмовае беларускае слова.
Каб зрэалізаваць такі маніторынг для
сэгмэнту літаратуры, я пачала камунікаваць з нашымі
калегамі-праваабаронцамі з БАЖу, БХК, іншых арганізацыяў. І пытаюся: а
што там з маніторынгам у іншых сэгмэнтах культуры: у кіно, тэатры,
музыцы? Я хацела параўнаць, узяць у наш ПЭН найлепшыя практыкі. Але
аказваецца, што нічога гэткага няма. Нам не было дзе падгледзець ні
мэтадалёгіі, нічога; мы мусілі фармуляваць усё самі, вынаходзіць
маніторынг. Вось тады і падумалі, што калі іншымі сэгмэнтамі культуры
ніхто не займаецца, тады, відаць (нагадваю, гэта былі 2018–2019 гады,
калі не было яшчэ такога масавага парушэньня правоў чалавека) давядзецца
ПЭНу маніторыць і гэтыя парушэньні. Стартанулі мы ў канцы 2019-га…
Але
прыйшоў 2020 год. Камандзе Беларускага ПЭНу, якая рабіла маніторынг,
стала моцна бракаваць вытворчых магчымасьцяў, людзі працавалі значна
больш часу, чым меркавалася пачаткова. Баюся, што цяпер мы, можа, і не
адважыліся б на маніторынг усёй культуры. Ведаючы, колькі зваліцца на
нас у 2020 годзе. Але я вельмі радая, што мы не здаліся і вытрымалі.
Беларускі
ПЭН фіксуе парушэньні правоў чалавека ва ўсіх сэгмэнтах культуры.
Спрабуем дакумэнтаваць усё, што трапляе да нас. Ня толькі з публічных
крыніцаў. Сёньня ўвогуле нашыя крыніцы ў істотнай ступені непублічныя.
Мы фіксуем тое, што трапляе ў СМІ, што расказваюць сябры і партнэры,
іншыя літаратары… Мы фіксуем усё і апрацоўваем: для статыстыкі, для
разуменьня сытуацыі, для аднаўленьня справядлівасьці і пакараньня
вінаватых.
Людзі, знаёмыя з нашым маніторынгам, кажуць, што яго
маральна складана чытаць. А там жа згаданыя далёка ня ўсе выпадкі
рэпрэсіяў. Шмат сытуацыяў, вельмі балючых, вельмі драматычных, на жаль,
немагчыма сёньня публічыць.
«ЦЯЖКА РАЗУМЕЦЬ, ШТО ТВОЙ СЯБАР ПАМІРАЕ Ў ТУРМЕ»
Вось
з такіх розных патрэбаў і з задачаў, пастаўленых супольнасьцю, мы
пачыналі гэты маніторынг. Пачыналі, каб палепшыць сытуацыю, каб
пераканаць донараў, чаму сфэра беларускай культуры патрабуе падтрымкі. І
прыйшлі да таго, што сёньня мы робім маніторынг у сыстэмным рэжыме, а
яго вынікі дапамагаюць нам яшчэ і лепш разумець патрэбы як сфэры, так і
рэпрэсаваных дзеячаў культуры. А значыць – больш эфэктыўна планаваць
дапамогу. Вельмі ўдзячная камандзе, якая штодня варыцца ў гэтай
інфармацыі. Гэта вельмі складана для псыхікі – пасьля штодзённай працы з
нэгатыўнай інфармацыяй дадаюцца фізычныя праблемы. А весткі пра сьмерці
нашых калегаў…
Мы ж пішам не пра нейкую абстрактную культуру на
Месяцы – мы пішам пра культуру ў Беларусі. Там нашыя знаёмыя, сябры,
блізкія, сёстры ды браты – і гэта робіць сытуацыю вельмі асабістай.
Цяжка разумець, што твой сябар памірае ў турме, бо яму не аказалі
мэдычнай дапамогі. Твой сябар, зь якім вы шмат раіліся, які табе шмат
рэкамэндаваў, сядзіць у турме, губляе сваё здароўе, гады свайго жыцьця…
Гэта вельмі асабістая справа, вельмі блізкая, інтымная, і разам з тым –
мы намагаемся захоўваць прафэсіяналізм, дыстанцыю, каб ацэньваць падзеі
максымальна аб'ектыўна. Калі няма праверанага факту, ня будзем пра гэта
пісаць.
ГЭТЫ МАНІТОРЫНГ МУСІЦЬ БЫЦЬ ПАД РУКОЙ У СЬВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ, КАЛІ ЯНА ЕДЗЕ РАСКАЗВАЦЬ ПРА КУЛЬТУРУ
Беларускаму
ПЭНу на сёньня крыху не хапае рэсурсаў, каб эфэктыўна прасоўваць
маніторынг. Я ўпэўненая, што мы робім проста выдатны прадукт. Вельмі
патрэбны. У нас ёсьць пераклады на ангельскую, на расейскую мовы – але
няма магчымасьцяў, каб данесьці гэты тэкст да тых, у каго ён мусіць
ляжаць на стале як настольная кніга. Напрыклад, Сьвятлана Ціханоўская
едзе кудысьці расказваць пра беларускую культуру – і ў яе пад рукой
ёсьць гатовы матэрыял…
Так, безумоўна, кожны выпуск маніторынгу мы
дасылаем спэцдакладчыку ААН у справе Беларусі, дасылаем іншым
суб’ектам.... Але, я ўпэўненая, гэтых дзеяньняў недастаткова, каб
маніторынг адпрацоўваў свой патэнцыял. Бо фінансавых сродкаў, каб наняць
для прасоўваньня асобнага чалавека, мы ня маем. Таму мы заклікаем
кожнага і кожную зрабіць тое, што ў іх сілах – падзяліцца інфармацыяй,
расказаць пра сытуацыю ў культуры сваім калегам ці партнэрам, падтрымаць
працу нашай каманды. Сёньня, сярод іншага, гэта можна зрабіць праз
Patreon, Stripe або проста пераводам на банкаўскі рахунак. Мы працуем
легальна ў Эўрапейскім Зьвязе, праходзім аўдыты – і ўсё, што трапляе на
банкаўскі рахунак, выдаткоўваецца мэтава і ў адпаведнасьці з
заканадаўствам. Дарэчы, гэта, бадай што, адзіны плюс нашага знаходжаньня
за межамі Беларусі – магчымасьць легальна і празрыста працаваць…
З Тацянай Нядбай гутарыў Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Вільня, 2024 год