Гісторыкі звярнуліся да беларусаў
2020-08-27 22:00
Зварот ста гісторыкаў накіраваны беларускаму грамадству, як адказ на шальмаванне нацыянальнай сімволікі Вячаслава Даніловіча – чыноўніка інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.
Ён прапанаваў задумацца над ужываннем бел-чырвона-белага сцяга, і асудзіў беларускага грамадства за яе ўжыванне.
„Ён перайшоў чырвоную рысу”, – мяркуе адзін з аўтараў заявы прафесар Алесь Краўцэвіч:
– Усё такі трэба нам змагацца з праявамі, калі да гэтай прапаганды далучаюцца нашы калегі гісторыкі. Зараз пераломны момант у гісторыі краіны, таму кожны чалавек, кожны грамадзянін выбірае бок, на якім яму стаць. Калі з’явіўся гэты сюжэт па БТ, я пра яго даведаўся з інфармацыі ў „Нашай Ніве”, бо БТ у нас мала хто глядзіць увогуле. Я палічыў неабходным адразу на гэта адрэагаваць, каб нас гісторыкаў не залічылі да пасобнікаў рэжыму, каб паказаць, што мы патрыёты, мы іншыя людзі.
На думку Алея Краўцэвіча, народ паказаў, што з’яўляецца сапраўднай святыняй, выносячы тысячы бел-чырвона-белых сцягоў на акцыі пратэсту супраць рэжыму ўзурпатара Лукашэнкі.
Поўны тэкст без купюраў і рэдакцыйных правак ніжэй:
Зварот гісторыкаў
У этэры першай праграмы БТ 20 жніўня 2020 г. выступіў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Вячаслаў Даніловіч у якасці эксперта па бела-чырвона-беламу сцягу.
У гэтым выступе кандыдат гістарычных навук Даніловіч прапанаваў „задумацца” над сімволікай бела-чырвона-белага сцяга і асудзіў беларускую грамадзянскую супольнасць за яго выкарыстанне ў пратэстах. У якасці аргумента была агучаная замшэлая дэмагагічная тэза пра ўжыванне гэтага сцяга беларускімі калабарантамі ў часы нямецкай акупацыі.
Між тым добра вядома (і не толькі гісторыкам), што бел-чырвона-белы сцяг здаўна прысутны ў беларускай гісторыі і з’яўляецца непадважальнай нацыянальнай і гістарычнай каштоўнасцю беларускага народа.
Нацыянальныя сцягі падчас Другой святовай вайны ўжываліся калабарантамі ўсіх краінаў, акупаваных гітлераўскай Германіяй. У тым ліку расейскімі – пад афіцыйным сімвалам сучаснай Расеі бела-сіне-чырвоным сцягам на баку Гітлера ваявалі сотні тысяч расейцаў.
Выкарыстанне нацыянальнага сцяга якімі-небудзь варожымі сіламі не прыводзіць да ягонай дэвальвацыі. Бела-чырвона-белы сцяг, пад якім у жніўні 2020 г. праходзіць мірная беларуская рэвалюцыя, не можа быць скампраметаваны нават тым, што пад ім прымаў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь – сённяшні дыктатар Аляксандр Лукашэнка.
У вырашальны момант гісторыі краіны кожны грамадзянін вымушаны выбіраць – на чыім баку яму стаць. Спадар Вячаслаў Даніловіч выбраў бок антыбеларускай дыктатуры і выкарыстаў у яе абарону сваю афіцыйную пазіцыю дырэктара акадэмічнай установы.
Гэты антынавуковы і антымаральны чын паставіў яго па-за межамі не толькі беларускай грамадзянскай, але і навуковай супольнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня