Якія рэгіёны існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII стагодзьдзі? Як і калі назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам? Дзе праходзілі межы Беларусі ў ХІХ стагодзьдзі? І якія ў ХХ стагодзьдзі прапаноўваліся варыянты назвы для радзімы беларусаў?
Пра гэта і пра іншае мы гаворым з гісторыкам, які апошнім часам займаецца палітычнымі сымбалямі Беларусі, доктарам гістарычных навук, дацэнтам Інстытуту Гісторыі Упсальскага ўнівэрсытэту Андрэем Катлярчуком.
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Андрэем Катлярчуком:
Якія рэгіёны існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII стагодзьдзі? Як і калі назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам? Дзе праходзілі межы Беларусі ў ХІХ стагодзьдзі? І якія ў ХХ стагодзьдзі прапаноўваліся варыянты назвы для радзімы беларусаў?
Пра гэта і пра іншае мы пагаворым з гісторыкам, які апошнім часам займаецца палітычнымі сымбалямі Беларусі, доктарам гістарычных навук, дацэнтам Інстытуту гісторыі Упсальскага ўнівэрсытэту Андрэем Катлярчуком.
— Вы шмат займаліся XVII стагодзьдзем, пісалі пра Кейданскую ўнію і пра іншыя падзеі таго стагодзьдзя. Якія рэгіёны існавалі тады ў Вялікім Княстве Літоўскім? Як яны называліся і дзе знаходзіліся?
— Вядома, Вялікае Княства Літоўскае, як і іншыя краіны, складалася з рэгіёнаў. І вось калі ў XVI стагодзьдзі рэгіёны, можна сказаць, плаваюць, і Беларусь можна знайсьці і каля Ноўгараду, і каля Пскова, то XVII стагодзьдзе паказвае, што адбываецца ўжо канкрэтная лякалізацыя ўсіх рэгіёнаў.
Мы бачым Літву, якая знаходзіцца і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і на тэрыторыі сучаснай Літвы. Нагадаю, што Ковенскі павет, Вількамірскі павет — гэта літоўскія паветы, гэта не Жамойць, яны знаходзіліся ў гістарычнай Літве.
Потым мы маем Беларусь, яна лякалізуецца там, дзе цяпер усходняя частка краіны. Гэта Полацак, Віцебск, Магілёў, Гомель.
Мы маем Палесьсе, і нават часта Берасьцейскае ваяводзтва называюць Палескім ваяводзтвам. І нават ёсьць асобныя мапы Палесься. Гэта старая назва, вядомая яшчэ з ХІІІ стагодзьдзя.
І маем Падляшша. То бок той рэгіён, большасьць якога сёньня знаходзіцца ў Польшчы, але нейкі кавалак ёсьць і ў Беларусі.
Мы маем чатыры рэгіёны, якія згадваюцца падарожнікамі. І, як мы сёньня ведаем, назва аднаго з гэтых рэгіёнаў зрабілася назвай краіны. Мы можам лёгка патлумачыць, чаму так сталася. Але з гістарычнага пункту гледжаньня кожная з назваў гэтых рэгіёнаў мела нейкі патэнцыял стаць назвай краіны. Але Беларусь ад самага пачатку мела найлепшыя шанцы ў гэтай канкурэнцыі.
— А гэтая Беларусь, якая ўжо была ў XVII стагодзьдзі, узьнікла натуральна? Цяпер жа ёсьць людзі, якія сьцьвярджаюць, што гэта Расея накінула такую назву суседняй тэрыторыі і народу. Ці так гэта? Калі і як назва Беларусь напоўнілася палітычным сэнсам?
— Гэта добрае пытаньне. Я магу слухачоў і чытачоў адаслаць да маёй кнігі пра Кейданскую унію «У ценю Польшчы і Расеі». Спачатку яна выйшла па-ангельску, пасьля было надрукавана два беларускія выданьні. І там я разглядаю гэтае пытаньне.
І што цікава, дык гэта тое, што XVII стагодзьдзе — гэта час моцных трансфармацый. «Руская» нацыя, якая існавала ў Вялікім Княстве і Кароне Польскай, падзяляецца. Мы ўжо маем украінскі гетманат, маем казаччыну. «Руская» мова, якая была адзінаю для беларусаў і ўкраінцаў, таксама пачынае падзяляцца.
І па Беларусі мы маем некалькі значных момантаў у XVII стагодзьдзі. Па-першае, 1632 год, калі кароль Рэчы Паспалітай легалізуе праваслаўную царкву. І вось адзіны япіскап, які працуе легальна, гэта магілёўскі япіскап. І вось гэтая япархія пачынае называцца беларускай. Прычым самі праваслаўныя сьвятары называюць яе беларускай.
Мы маем беларускі дыстрыкт Рэфармацкага збору, гэта тыя старыя кальвіністы. Гэты дыстрыкт месьціўся там, дзе Полацак, Віцебск і ў бок Магілёва. І ён называўся беларускім.
Мы маем палітычны праект палкоўніка Канстанціна Паклонскага, які манэўраваў паміж Расеяй, Польшчай, Швэцыяй і які называў сябе беларускім палкоўнікам.
Але самае цікавае, пра што я пішу ў кнізе, гэта тое, што падчас вайны сярэдзіны XVII стагодзьдзя, таго Патопу, той «невядомай вайны», калі Маскоўскае княства пайшло на Вялікае Княства Літоўскае, нараджаецца палітычны зьмест Беларусі, палітычная адзнака.
Па-першае, гэта ня цар вырашыў называць гэты рэгіён Беларусьсю. Я пішу пра гэта ў кнізе. У першых указах цар Аляксей Міхайлавіч піша, што ён узяў літоўскія гарады, і дадае да свайго тытулу «князь Полацкі і Амсьціслаўскі». І першы вядомы нам дакумэнт, калі цар упершыню называе сябе «гаспадаром Белай Русі», гэта ахоўная грамата Куцеінскаму манастыру. Так што, хутчэй за ўсё, беларускія праваслаўныя сьвятары падказалі яму такую ідэю. Пасьля ён пасьлядоўна пачынае называць сябе вялікім князем Літоўскім і гаспадаром Белай Русі ў загадах і ўказах, якія ён выпускае.
І вось тут узьнікае цікавая спрэчка за тытулятуру. А тытулы ў той час азначалі права на ўладаньне, на сувэрэнітэт. І вось мы бачым, што швэдзкі кароль адмаўляе цару звацца Вялікім князем Літоўскім і гаспадаром Белай Русі. Больш за тое, сэнатары Вялікага Княства Літоўскага пішуць ліст у Маскву, дзе тлумачаць так: ты сябе называеш гаспадаром Белай Русі, але гэта ня так; кароль польскі — ён кароль Белай Русі. І вось гэта вельмі важна. Тут мы маем Беларусь як палітычную адзінку.
У адказ кароль польскі і яго дзедзічы атрымліваюць вельмі моцны адказ з Масквы: маўляў, такога ніколі не было, мы пра такое ніколі ня чулі, як так, што кароль Рэчы Паспалітай таксама і кароль Белай Русі?
Але важна, што вось у гэтай вайне і ў гэтай палітычнай канкурэнцыі і канфліктах Беларусь з рэгіёну набывае адценьне палітычнай адзінкі Вялікага Княства Літоўскага.
І потым ужо мы бачым, што шляхта з гэтых ваяводзтваў ідэнтыфікуе сябе зь Беларусьсю. Можна згадаць і Яна Баршчэўскага, і Аляксандра Рыпінскага. Яны пішуць пра Беларусь як пра рэгіён Вялікага Княства Літоўскага.
— Падсумоўваючы ваш адказ, можна сказаць, што назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам менавіта ў XVII стагодзьдзі, і гэта была выключна ўнутрыбеларуская справа, і гэтаму не дапамагалі нейкія зьнешнія актары.