Глеб Пакаціла: Мы рабілі ўсё, каб спыніць расейцаў
2022-08-16 12:33
Па палітычных матывах з’ехаў з Беларусі ва Украіну, дзе і застаўся беларус Глеб Пакаціла.
Паколькі ён не можа служыць у войску, то пачаў валанцёрыць, распавёў „Госць Рацыі”.
РР: Як даўно вы знаходзіцеся ва Украіне?
– Я з’ехаў у Кіеў у верасні 2020года. Гэта было раптоўна зроблена таму, што я пачуў ад сваіх знаёмых, што закрываецца мяжа з-за ковіду, я сабраў сваю валізку за 45 хвілін. Я ў Кіеве знаходжуся ўжо амаль два гады.
РР: Чаму вы абралі Украіну і дагэтуль не з’ехалі?
– Я вельмі шмат вандраваў раней, я закаханы ў Вільню, быў у Польшчы. Яны прывабныя, але я не бачу Польшчу, як краіну, дзе можна было б жыць. Наведаць яе ў турыстычных мэтах – гэта добра. Украіна заўсёды была зямлёй, дзе тым мог спакойна выказваць свае думкі. Флёр гэтай незалежнасці я адчуваю ў Літве. Флёр гэтай незалежнасці магчыма адчуваў у Польшчы. Шмат хто з беларусаў выкарыстоўваў Украіну, як транзітны прытулак.
РР: ЦІ маглі б вы распавесці пра сваю валанцёрскую працу?
– Калі ўсё гэта пачалася, то я вырашыў 24-га не пакідаць Кіеў. Шмат хто з беларусаў вырашыў выкарыстаць магчымасць і перасекчы мяжу. Гэта мая асабістая думка, што я як мужчына, хоць і не маю ваеннага досведу і не трымаў зброю ў руках, але я магу дапамагаць іншымі справамі. Спачатку тут на раёне я дапамагаў будаваць барыкады. Мы рабілі ўсё, каб спыніць расейцаў, а таксама дапамагаў набываць прадукты і лекі. Дзесьці напрыканцы траўня мы былі ў Бучы, дзе беларусы, якія засталіся ў Кіеве, дапамагалі разбіраць завалы.
Глеб Пакаціла дадаў, што нягледзячы на ўсе складанасці, з якімі сутыкаюцца беларусы ва Украіне, да яго ставяцца з павагай і разумеюць яго стаўленне да расейскай агрэсіі.
Беларускае Радыё Рацыя