- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Гародні адраджэнцкі рух адметны тым, што яго вызначаюць заводскія інжынеры, якія не падводзяць жыццё пад тэарэтычныя абстракцыі, адчуваюць яго на ўласнай скуры, бо за кожным — змена, цэх, канструктарскае бюро. Пакаленне трыццацігадовых,— у літаратуры яны чамусьці лічацца маладымі,— здолела супрацьстаяць брэжнеўшчыне, не дало сябе апрануць у бясколерную стандартную уніформу. Алесь Чобат быў нязручны для начальства сваёй нестандартнасцю. На заводзе аўтамагнітолаў і «Азоце» далей працуюць зробленыя па яго праектах прэсформы, але аўтар быў вымушаны пайсці ў свет. Апошняе звальненне прама звязанае з першым мітынгам БНФ у Гародні 26 лістапада 1989 года, які паспяхова правёў Алесь. Зборнік «Год» — гэта імпульс неспакойнага часу, усяго няўтульнага жыцця непадкупнага пакалення, якое нібыта нікому не патрэбна, але якое на попеле ўсіх чалавечых вартасцей не ўпала і знайшло сілы застацца людзьмі, а таму патрэбнае ўсім. (Д. Бічэль-Загнетава, «Але заўжды патрэбна будзе воля...», фрагмэнт)