Год «хіміі» за надпіс «No war», 86% беларусаў супраць удзелу ў вайне
2022-05-02 21:12
У Беларусі людзі працягваюць выказваць сваё нэгатыўнае стаўленьне да вайны ва Ўкраіне. Свабода зьбірае гэтыя падзеі на адной мапе.
У сакавіку пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага ў Беларусі правялі тэлефоннае сацыялягічнае апытаньне на тэму вайны ва Ўкраіне. Гэта было рэпрэзэнтатыўнае апытаньне 1000 рэспандэнтаў, гранічная памылка рэпрэзэнтатыўнасьці 3%.
Паводле дадзеных апытаньня, беларусы нэгатыўна ставяцца да ўцягваньня сваёй краіны ў вайну: дзьве траціны апытаных выказаліся супраць выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі расейскімі войскамі для нанясеньня ўдараў па Украіне, пераважная большасьць (86%) рэспандэнтаў — супраць удзелу беларускай арміі ў збройным канфлікце на баку Расеі, і толькі 11% — за такі ўдзел.
Раней былі агучаныя дадзеныя сакавіцкага апытаньня Chatham House, паводле якіх за непасрэдны ўдзел Беларусі ў баявых дзеяньнях на баку РФ выказваліся толькі 3% апытаных.
За надпіс «No war» — год «хатняй хіміі»
Жыхара Берасьця асудзілі на год «хатняй хіміі» за надпіс «No war». 20 сакавіка ў раёне чыгуначнай станцыі «Брэст Паўднёвы» зьявіўся пацыфісцкі надпіс-графіці. Яго асноўнай часткай была фраза «No war». Таксама стаяў стылізаваны подпіс аўтара. Частка была выканана маркерам, іншае намалявана балёнчыкам.
У Барысаве затрымалі выкладчыка хірургіі Барысаўскага мэдычнага каледжа Алеся Бутэнку. Падчас лекцыі ён выказваў студэнтам сваю нэгатыўную пазыцыю наконт расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Акрамя гэтага, у віну затрыманаму ставяць тое, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Таксіста затрымалі, бо адмовіўся везьці расейскага вайскоўца
Кіроўцу інкрымінуюць арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) — нібыта за тое, што ён адпраўляў тэлеграм-каналам відэа перасоўваньня вайсковай тэхнікі.
У Менску затрымалі 49-гадовую жанчыну за надпіс у ліфце «Супраць вайны». На яе распачалі 2 крымінальныя справы: за «псаваньне маёмасьці» і «за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».