Грамадская дзяячка Алена Анісім: Важна не паддавацца песімізму, а добра разумець, чаго мы хочам
2022-03-26 22:46
Беларуская Народная Рэспубліка праіснавала менш за год, аднак гэты палітычны крок адыграў вялікую ролю ў фармаванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
Сёння Беларусь і беларусы адзначаюць Дзень волі. Гэта неафіцыйнае свята, пакуль што. Але вельмі важнае ў гістарычным кантэксце. 104 гады таму, 25 сакавіка 1918 года, у Мінску была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Размаўляем пра гэтую дату з Аленай Анісім, мовазнаўцаю і палітычнай, грамадскай дзяячкай, старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
– Я хацела б павіншаваць усіх беларусаў, незалежна ад таго, дзе яны цяпер знаходзяцца – у Польшчы, Літве, Грузіі, Канадзе, павіншаваць з Днём волі. Гэтая дата мае надзвычайнае палітычнае значэнне. Таму што 25 сакавіка 1918 года запісана як самая важная падзея ў жыцці беларускага народа, таму што ў пачатку ХХ стагоддзя беларуская нацыя вуснамі сваіх найлепшых прадстаўнікоў, тагачаснай палітычнай эліты заявіла пра сваё права на самастойнае вырашэнне свайго палітычнага жыцця. Яшчэ адно важнае рашэнне – беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай мовы. Гэта стала тым падмуркам, на якім і паўстала беларуская дзяржаўнасць, незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь. Таксама мы згадваем пра тое, што 100 гадоў таму была створана навуковая ўстанова Інбелкульт. Але без акту 1918-га наўрадці было б магчыма стварыць такую навуковую арганізацыю, якая пасля надала моцны імпульс усяму нацыянальнаму, культурнаму жыццю ўсяго беларускага народа.
Наша гісторыя ведае розныя часы, калі гэтая дата замоўчвалася, не адзначалася шырока, была выкінутая з гісторыі, тым не менш адзначэнне 100-годдз-я БНР паказала, што памяць пра дату, разуменне таго, што гэта значыць, нікуды не дзелася. Наадварот, новае пакаленне з яшчэ большым імпэтам ставіцца да гэтай даты. Гэта сведчыць пра тое, што як толькі ўлады Беларусі самі дарастуць да ўсведамлення гэтай даты, Дзень волі стане ўсеагульным народным днём. Важна тое, што для кожнага беларуса, патрыёта – гэта нацыянальнае свята.
Алена Анісім гаворыць, што найбольш прыгожае і ўрачыстае святкаванне было ў 2018 годзе ў Мінску – акурат да 100-годдзя падзеі. А я заўважу, што тады ўсё было падрыхтавана рукамі беларускай супольнасці, не афіцыйнымі ўладамі, – ад святочных канцэртаў да адмысловых гастранамічных прапаноў у кавярнях. Як кажуць, не замінайце і людзі ўсё зробяць самі.
– Сёлетняе свята, на жаль, засмучанае, яно праходзіць пад знакам негатыўных падзеяў: на фоне вайны, абсалютна несправядлівай і непатрэбнай вайны, у якую хочуць увязаць і Беларусь. Наўрадці адбудуцца нейкія шэсці таму падобнае, але не гэта галоўнае. Галоўнае, што людзі пра гэта свята ведаюць і нікуды яго хаваць не збіраюцца, нягледзячы на рэпрэсіі. Нельга сказаць, што ў нас ёсць нагода для вялікай радасці, тым не менш 25 сакавіка – гэта свята, гэта дзень беларускай волі.
Грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы», якое ўзначальвае Алена Анісім, і якое шмат год працавала ў кірунку развіцця беларускай мовы, адукацыі, было пазбаўленае рэгістрацыі разам з сотнямі іншых НДА. Аднак сваю дзейнасць неафіцыйна сябры арганізацыі працягваюць.
– На сённяшні дзень сітуацыя з усімі актывістамі і сябрамі ТБМ такая: нягледзячы на ліквідацыю і фактычную забарону дзейнасці, справы працягваюцца. Дзейнічаюць нашыя неарганізаваныя ініцыятывы. Ёсць тыя, хто працягвае праводзіць сустрэчы, навучанне, экскурсіі, спевы, лекцыі і г.д. Нават у гэтай неспрыяльнай сітуацыі рукі ніхто не склаў, усе робяць сваю справу, наколькі гэта можна.
Цяпер Беларусь і беларусы перажываюць надзвычай дэпрэсіўныя часы, і, як часам падаецца, безнадзейныя. Аднак мая суразмоўца кажа, што не варта адчайвацца.
– Асабліва складана маладому пакаленню, бо яны пражылі дастаткова вялікі прамежак свайго жыцця ў адносна свабоднай еўрапейскай краіне, адносна свабоднай. Бо калі б яны пажылі ў дэмакратычнай і свабоднай краіне, мы не дапусцілі б таго, каб на палітычным алімпе не адбывалася зменаў. Моладзь прагне свабоды, цяпер гэтага бракуе ў Беларусі. Свабоды не толькі плане выказвання, думак, але і ў плане прафесійнага выбару, росту. Дэпрэсія найперш давіць маладое пакаленне, гэта не спрыяе таму, каб глядзець у будучыню з аптымізмам. Тым не менш. Мы выраслі ў таталітарным грамадстве, нам са школьнай парты казалі «адбыўся з’езд камуністычнай партыі», «мы жывём у лёсавызначальны час». Здавалася, што нічога не будзе. Тым не менш, недзе ў нетрах нашай беларускай душы была прага жыць у свабоднай краіне. І ў пэўны момант адбыліся падзеі, якія вызвалілі нас з лагера, як афіцыйна казалі «лагера сацыялістычных рэспублік». Важна не паддавацца песімізму, а добра разумець, чаго мы хочам. Для гэтага таксама патрэбныя нацыянальныя палітычныя лідары, якія будуць дбаць пра нацыянальныя інтарэсы. Калі мы будзем трымаць гэта ў галаве і сэрцы, у нас усё атрымаецца.
Таксама мовазнаўца, грамадская дзяячка Алена Анісім параіла ўсім браць прыклад з кіраўніка Мікалаеўскай вобласці Украіны Віталя Кіма. Там ідзе вайна, сітуацыя надзвычай цяжкая, але Віталь Кім не транслюе безнадзейнасць, а паказвае сваім прыкладам, як трэба быць адказным за сябе і сваю краіну.
вх