- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хрыстос уваскрос! Дарагія браты і сёстры, шчыра віншую вас з Пасхай Гасподняй – Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем, якое, як кажа нам пра гэта Святая Царква, ёсць “свята са святаў” і “ўрачыстасць з урачыстасцяў”! Міласцю Божай мы дасягнулі гэтага сапраўды Вялікага дня. Праходзячы разам з Царквой праз ачышчальны час Вялікага посту і падзеі Страстнога тыдня, у пасхальную ноч з благагавеннем мы набліжаемся да раскрытай магілы Хрыста – і бачым яе пустою. Са старонак Евангелля чуем мы словы вястуноў Божых – святых анёлаў, якія абвяшчаюць нам перамогу Жыцця над смерцю: “Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут, Ён уваскрос” (Лк.24:5-6). Уваскрасенне Хрыстова напаўняе наша жыццё сэнсам, дае веру ў будучыню. Сёлета перадпасхальны перыяд вызначаецца глабальным выклікам чалавецтву: распаўсюджаннем у сусветным маштабе згубнай пошасці – каронавіруснай інфекцыі, з’яўленне якой мы разглядаем як выпрабаванне нашай веры, нашай чалавечай годнасці. Але часы гісторыі нашай заўсёды былі складаныя: складаныя былі яны і тады, калі Збавіцель хадзіў па гэтай зямлі як уцеляснёны Богачалавек, і ў наступныя пасля гэтага стагоддзі былі войны, былі страшныя эпідэміі, быў голад, былі няшчасныя хворыя, былі старыя і нямоглыя.