Грыбалёва, Хаменка, вакаліст «Харлі» і іншыя запісалі песьню-зварот да беларусаў
2020-08-03 21:30
На YouTube адбылася прэм’ера песьні-звароту да беларусаў «Слухай праўду». У здымках кліпу прынялі ўдзел шэраг вядомых беларускіх музыкаў.«Усе ішлі з задавальненьнем. Усе ўсё разумеюць, што трэба нешта рабіць, што хочацца пераменаў». — расказаў Свабодзе Яўген Чалышаў, лідэр гурту «Харлі», які прыняў удзел у праекце.
Песьню «Слухай праўду» выконваюць Ларыса Грыбалёва, Андрэй Маркуц, Вікторыя Расолька, Рыгор Лайкоў, Алег Хаменка, Тацьцяна Булаўкіна, аўтарка словаў і згаданы ўжо Яўген Чалышаў, які апрача сьпеву, заняўся і студыйнай вытворчасьцю.
«Калі я пачуў песьню, пачытаў тэкст, то зразумеў, што мушу ў гэтым паўдзельнічаць. Мне здаецца, што там вельмі выразная грамадзянская пазыцыя кожнага з нас. У ёй выказаная нашая душа і пазыцыя, а таксама маё асабістае стаўленьне да той свабоды, якую хацелася б нарэшце ўбачыць і здабыць», — расказвае Яўген.
Тэкст песьні Тацьцяна Булаўкіна напісала амаль 2 гады таму, менавіта яна і стала ініцыятаркай запісу. У песьні сьпяваецца пра тое, што «толькі слабы баіцца зьмены», гучыць заклік «сьмялей шукаць да шчасьця шлях», жыць не знарок«, «не губляць надзею», «мацней трымацца меры» і «заціснуць у нэрвах жах перамен.
«Скажу шчыра: ужо абрыдла баяцца, — працягвае
Яўген Чалышаў.
— Па-першае, мы не разумеем, чаго мы баімся. Баімся кагосьці зьверху, што патэлефануе нехта з аддзелу ідэалёгіі і пачне чытаць мараль, або што цябе здымуць з канцэрту. Колькі ўжо можна. Ва ўсяго ёсьць нейкая мера і чаша цярпеньня ў многіх перапоўненая. Страх прыгнятае, выядае знутры. Лепш я выкажуся, а потым хай будзе тое, што будзе».
Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода