Гурт Sumarok прадставіў гімн-прысвячэнне беларускаму пратэсту
2020-12-01 14:57
1 снежня рок-гурт Sumarok прэзентаваў песню «2020» — гімн-прысвячэнне беларускаму пратэсту.
Лідар гурта Sumarok Ігар Палынскі напісаў песню пасля затрыманняў на адным з нядзельных маршаў, якія сталі традыцыйнымі пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 у Беларусі.
Ігар Палынскі: «Адзінаццаць гадоў запар я пісаў песні пра каханне і любоў. Сёлета нават гэта апынулася пад забаронай: любоў да сваёй краіны і яе жыхароў, імкненне да праўды і шчырасці, да міру без умоў і запужванняў. Сотнямі за кратамі аказваюцца тыя, хто не можа маўчаць, калі бачыць беззаконне і гвалт.
Гэтая песня — прысвячэнне Рыгору Лайкову, Андрусю Такіндангу, Яўгену Змушку, Раману Абрамчуку, Леаніду Паўлёнку, Паўлу Аракеляну, Іллю Чарапко-Самахвалаву, Аляксандру Памідораву, Аляксею Санчуку і ўсім творцам, якія не змаглі маўчаць — і апынуліся за кратамі.
Гэтая песня — прысвячэнне Віктару Бабарыку, Марыі Калеснікавай, Сяргею Ціханоўскаму, Максіму Знаку, Мікалаю Статкевічу, Яўгену Юшкевічу, Эдуарду Пальчысу, Ігару Лосіку, Алане Гебрэмарыям і ўсім палітыкам і актывістам, якія пазбаўленыя волі за любоў да Беларусі.
Гэтая песня — прысвячэнне Вользе Хіжынковай, Даніілу Аленіусу, Настассі Лявінскай, Яўгену Вялько, Паўлу Пяскову, Уладзіславу Еўсцігнееву, Яўгену Елісеенку, Басі Пучынскай, Аляксею Вайцяховічу, Сяргею Міронаву, усім, хто спазнаў адміністратыўны і крымінальны пераслед за тое, што асмеліўся мець пазіцыю.
Гэтая песня — прысвячэнне Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, Антону Раднянкову, Івану Краўцову, Тадэвушу Кандрусевічу, Вользе Кавальковай і ўсім, хто праз пагрозы быў вымушаны з’ехаць за мяжу і не мае магчымасці вярнуцца дамоў, але імкнецца наблізіць перамогу здаровага сэнсу ў Беларусі.
Гэтая песня — прысвячэнне журналістам, якія аказваюцца за кратамі проста таму, што робяць сваю работу, і ўсім медыя, хто ад 9 жніўня застаецца на баку дабра. Ягор Марціновіч, Максім Хлябец, Кацярына Андрэева, Кацярына Барысевіч, Вадзім Заміроўскі, Надзея Бужан, Аляксандр Ружачка — гэта толькі некаторыя імёны і прозвішчы, якія ўвойдуць у падручнікі для студэнтаў журфакаў.
Безумоўна, гэтая песня — рэквіем па Аляксандру Тарайкоўскаму, Мікіту Крыўцову, Раману Бандарэнку і ўсім загінулым падчас пратэстаў у Беларусі. Хутчэй за ўсё, мы дагэтуль не ведаем імёны ўсіх людзей, якія сёлета аддалі жыццё за права казаць і ведаць праўду — але іх імёнамі будуць называцца вуліцы ў беларускіх гарадах.
Гэтая песня — ода Ніне Багінскай, Яну Грыбу, медыкам, рабочым «Гродна Азоту» і іншых заводаў, спартсменам, акцёрам, блогерам, валанцёрам і ўсім беларусам, якія не апускаюць рукі ад 9 жніўня. Гэтыя спісы абсалютна няпоўныя, бо ад пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі ад ціску з боку ўладаў пацярпелі дзясяткі тысяч чалавек. «2020» — прысвячэнне кожнаму з іх. І гімн кожнаму з мільёнаў неверагодных беларусаў, якія вераць у праўду і справядлівасць і працягваюць ісці да непазбежнай перамогі. Бо праўда заўсёды перамагае».