- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Можна з упэўненасьцю сказаць, што ў ноч з 23 па 24 чэрвеня пад Вільняй не было ані ведзьмакоў-вядзьмарак, ані вупыроў ці якіх піявак нязграбных. Прынамсі, сярод удзельнікаў самага ўшанаванага сьвята беларуска-ліцьвінскае этнакультуры. За 20 кілямэтраў ад Вільні ў турыстычным заказьніку “Неменчыне” сустрэліся беларусы, літоўцы й нават брытанка Вера Рыч, якая праніклася духам беларускай культуры больш за 30 год таму, а зараз сьпявала й танчыла разам з усімі, нягледзячы на свой сталы шаноўны век. Лес, нераспаленае яшчэ вогнішча - як сымбаль сьвята, якое яшчэ не пачалося. Зіхоткія агеньчыкі лунаюць над палянай, на якой пачынаюць зьбірацца удзельнікі Купальля. Што зьяўляецца адным з асноўных чыньнікаў і паказчыкаў усьведамленьня сваёй сутнасьці? На мой погляд – паразуменьне значнасьці сьвята. Клясыка й мадэрн, традыцыі й сучаснасьць пераплятаюцца ў адзінае, нібы паўстаюць зь мітаў славутыя духі лясоў і палёў, назіраюць за намі, вырашаючы, ці далучацца?! Сьвята праходзіла па-сапраўднаму незвычайна, шчыра кажучы, дзіўна - але такое й мусіць быць, дзіўны дзень, вечар... вось і ночка прыйшла. Пачынаецца карагод супрацьстаяньняў. Кампанія сабралася, як кажуць, “яшчэ тая” – літоўцы з партыі ЛХД (Літоўская хрысьціянская дэма- кратыя), студэнты ЭГУ, спадарыня Людвіка Кардзіс - дырэктарка музэя Луцкевіча ў Вільні, Сяржук Вітушка з дачкой Паўлінкай, віленскія беларусы. Але такая рознабаковасьць спрыяе абмену досьведам, камунікацыі ў межах такога незвычайнага соцыюма, як беларускі народ.