Ігар Лукашук: Гучала тэма меньшасцяў, што гэта вялікае багацце
2022-03-19 15:28
Польскі амбудсмен, альбо заступнік за правы грамадзян, Марцін Ёнсэк наведаў беларускі ліцэй у Гайнаўцы.
Госць Рацыі, дырэктар гайнаўскага ліцэя Ігар Лукашук распавёў, пра што размаўлялі вучні з Марцінам і чаму зацягнулася сустрэча.
– Мэтай візіту была размова з вучнямі, размова з вучнёўскім самаўрадам. Гэта была першая працоўная сустрэча, а потым размова з усімі вучнямі нашага ліцэя. Гэта была прастора, каб распавесці, чым займаецца абаронца грамадзянскіх правоў у Польшчы, а таксама нагода для таго, каб адказаць на вучнёўскія пытанні. Я ўазважыў, што пытанні былі смелыя і вельмі прадуманыя. Што прыемна, у час гэтай сустрэчы была агучана рэалізацыя ідэі заангажавання абаронцы праў грамадзян у школы меньшасцяў Польшчы, у тым плане, каб вучнёўскія самаўрады ці прадстаўнікі вучняў з зацікаўленых школаў, маглі таксама праводзіць сустрэчы, я б сказаў, пад крыламі абаронцы за правы грамадзян у Польшчы, ці ў яго, ці ў фармаце онлайн, ці ў рамках узаемных візітаў паміж школамі.
– А якія пытанні гучалі падчас сустрэчы?
– Тэмы былі вельмі розныя, з вуснаў спадара заступніка і яго супрацоўнікаў прагучала тэма меньшасцяў. Што гэта вялікае багацце, што вельмі важна мець сваю тоеснасць, ганарыцца, і што гэта вялікі патэнцыял на будучыню. Былі таксама тэмы, якія тычыліся сітуацыі на беларуска-польскай мяжы, таму што гэта непасрэдны тычылася ў вялікай ступені вучняў, якія жывуць непадалёк ад гэтай мяжы. Таксама была актуальная тэма ўцекачоў, у сувязі з расейска-ўкраінскай вайной. Але было і шмат пытанняў, якія тычацца грамадскага жыцця і далікатных тэмаў, такіх, як аборты. А былі тэмы, якія тычацца і звычайнага вучнёўскага жыцця. Размова была доўгая і плённая, зацягнулася ў два разы больш, чым планавалася.
Беларускае Радыё Рацыя