Ігар Станкевіч: Мусім памятаць пра рэпрэсіі 1930-х, бо ў цяперашніх уладаў тыя ж метады
2020-06-03 20:40
Заснавальнік ініцыятывы “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы” завяршыў даследаванні біяграфічных дадзеных ахвяраў сталінізму, расстраляных на Віцебшчыне.
У мінулым месяцы прайшлі анлайн-прэзентацыі вынікаў працы даследчыка пра бязвінна забітых у ваколіцах Віцебска і Полацка.
Ігар Станкевіч прааналізаваў дадзеныя, што да ўзросту, нацыянальнасці, узроўню адукацыі, прафесійнай дзейнасці ахвяраў. Цяпер вядома, якія абвінавачванні найбольш часта выстаўляліся гэтым людзям, і нават якія месяцы 1937-38 гадоў адзначаны найбольшай колькасцю арыштаваных і забітых.
Непісьменны селянін і дырэктар віцебскага тэатра, аршанскі мастак і полацкі чыгуначнік – усе яны сталіся ахвярамі сістэмы, якая не шкадавала людзей, беспадстаўна іх забіваючы. Падставай для арышту і расстрэлу нярэдка была нацыянальнасць ці проста прозвішча – і ў выніку латышскай або польскай “аперацыі” НКУС былі расстраляныя сотні тутэйшых жыхароў. Але нашчадкам сёння зусім не лёгка даведацца праўду пра сваіх закатаваных сваякоў, кажа Ігар Станкевіч:
- У нацыянальным архіве ўтрымліваецца база дадзеных неабгрунтавана рэпрэсаваных людзей. На жаль, з 2018 года гэтая база закрытая для доступу, і я цяпер суджуся з нацыянальным архівам, каб яе адкрылі. Бо ў адрозненне ад тых адкрытых інтэрнэт-крыніцаў, дзе ёсць 60-80 тысяч імёнаў, у базе архіва 180 тысяч запісаў! Я бачу, што сённяшнія ўлады выкарыстоўваюць таксама рэпрэсіўныя механізмы і метады. І яны перагукаюцца з тымі, што былі тады. На шчасце, пакуль не расстрэльваюць… Таму тэма рэпрэсій у нас сёння неабгрунтавана адкінутая, у адрозненне ад тэмы Вялікай Айчыннай вайны, пра якую кажуць “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Што тычыцца масавых рэпрэсій, то тут наадварот: усё забыта і ўсе забыты.
Ігар Станкевіч – адзін з пачынальнікаў грамадскай кампаніі “Забітыя, але не забытыя”, мэтамі якой з’яўляюцца пошук месцаў масавых пахаванняў, акумуляванне дадзеных пра ахвяраў сталінізму і метадычная дапамога сваякам у атрыманні звестак з архіваў, у тым ліку КДБ і МУС. А сваё ўласнае наступнае даследаванне Ігар Станкевіч плануе зрабіць па Магілёўшчыне ці па Меншчыне. Гутарку пра тое, што падштурхнула даследчыка заняцца распрацоўкай тэмы сталінскіх рэпрэсій, і з якім фактаграфічным матэрыялам яму давялося працаваць, слухайце ў далучаным файле.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя