Анлайн-курс «Радавод» на платформе адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў» — у топе паводле папулярнасці. Як так сталася? Чаму беларусы пацягнуліся да каранёў? Ці можа генеалогія стаць тэрапіяй і метадам прыняцця сябе? На сайце "Будзьма беларусамі! —
вялікая гутарка са стваральнікам і вядучым курса, журналістам, даследчыкам сталінскіх рэпрэсій Ігарам Станкевічам.
Уласная гісторыя Ігара Станкевіча з пошукам продкаў пачалася ў 1997 годзе. За гэты час ён адкрыў не толькі сямейны герб, але і падоўжыў сямейную гісторыю да часоў ВКЛ. Выявіў дзясяткі рэпрэсаваных сваякоў. Знайшоў родных у іншых краінах. Яго пошук працягваецца дагэтуль.
«Калі людзі не маюць каранёў, імі лёгка маніпуляваць»
— Адкуль мода на складанне радаводаў?
— У мяне ёсць толькі гіпотэза. Беларусы доўгі час жылі пад Саветамі, мэтай якіх было разарваць сувязь пакаленняў, зрабіць з людзей манкуртаў. Усе гэтыя гісторыі пра Паўліка Марозава... Калі людзі не маюць каранёў, імі лёгка маніпуляваць. Таму ў нашых суайчыннікаў ёсць «голад» на гэтую тэму. Гэта аб’ектыўны запыт быць сабою, мець гонар.
— Як Вам бачыцца сэнс курса?
— Практычная задача — знайсці інфармацыю праз фота, дакументы, расповеды сваякоў. Як гэта рабіць? Усё тлумачу. А сэнс у тым, каб «уваскрасіць» людзей, якіх няма побач. Праз гэта пачаць цікавіцца гісторыяй краіны. Бо гісторыя складаецца з асобных лёсаў, праўда ж?
Гэта таксама і пра сацыяльныя сувязі: пакуль мы шукаем, то камунікуем з бацькамі, дзядулямі, бабулямі. Гэта дапамагае намацаць грунт пад нагамі. Адчуць сябе ўпэўнена.
Аўтар курса Ігар Станкевіч трымае ў руках адноўлены сямейны герб
Таксама дазваляе па-іншаму зірнуць на сённяшнія абставіны. Здаецца, усё дрэнна, але глядзім на досвед прабабуль і прадзядуляў — не так ужо і блага. І яны здолелі прайсці ўсе выпрабаванні.
Напрыклад, мой тата — звычайны хлопец з вёскі. Ён атрымаў некалькі вышэйшых адукацый, займаў пасады. Толькі дарослым я зразумеў, наколькі гэта было няпроста. Чалавек імкнуўся і перамагаў.
А калі глядзіш на перамогі продкаў, па-іншаму ацэньваеш і сваё жыццё: чаго дамогся ты? Гэта змяняе светапогляд.
«Памёр чалавек — яго спадчына ідзе на сметніцу...»
— Ствараючы курс, Вы арыентаваліся на нейкі прыклад?
— Выключна на свой 30-гадовы досвед пошуку. Размовы з роднымі, хаджэнні па архівах. У мяне быў нават такі мемары-трып па могілках і месцах, дзе стаялі вёскі, у якіх жылі сваякі. Цяпер ёсць моцны інструмент — інтэрнэт. Ён шмат у чым спрашчае задачы, але і тут трэба ўмець карыстацца.
Ігар Станкевіч каля магілы аднаго з родзічаў
— Ці рэальна аднавіць генеалогію, напрыклад, за 8 заняткаў?
— Відавочна, што гэта — першы крок на дарозе ў тысячу крокаў. Чым глыбей капаеш, тым больш знаходзіш. Бясконцая праца. Нагадвае дэтэктыў, бо працуеш як следчы: шукаеш людзей, іх фота, а ўрэшце — матывацыі: чаму яны зрабілі так, а не інакш?
Курс не зробіць за вас радавод «пад ключ». Але дасць уяўленне пра магчымасці ды матывацыю, навошта яно трэба.
— Кажуць, беларусам куды цяжэй са складаннем радаводаў, чым палякам ці немцам. Сямейныя архівы не захоўваліся. А нешта ішло «ў печку» адмыслова, каб праблем не было...
— У маіх родзічаў была гісторыя: палілі здымкі, гербы, бо гэта магло скончыцца ГУЛАГам. Дакументы — гатовы кампрамат. У дадатак няма культуры сямейнай памяці. Памёр чалавек — яго спадчына ідзе на сметніцу. Разам з тым, калі ісці па сваяках, можна знайсці неверагодныя рэчы. Кажу цётцы: «Даставайце лісты, будзем глядзець...» А там — перапіска 1950-х, праз якую знайшоў сваякоў у Польшчы!
Ігар Станкевіч разам са сваякамі, знойдзенымі ў Польшчы
Пасля ўжо і мяне пачалі знаходзіць па маіх тэкстах. Неяк напісаў незнаёмы чалавек у Фэйсбуку: знайшоў на сметніцы (!) архіў фота, хацеў прадаць. З іх самае старое — 1918 года. Некаторыя здымкі такія ж, як у маім сямейным архіве. Некаторыя новыя. Сапраўдны цуд!
Цудам знойдзены архіў, які мог аказацца на сметніцы...
«Адзін дзед расстрэльваў, а другі рэпрэсаваны»
— Ці не нагадвае ўсё гэта псіхатэрапію? Пошук і прыняцце знойдзенага...
— У псіхалогіі ёсць панятак «трансгенерацыйная траўма». Нешта такое, што даўным-даўно перажылі вашы продкі, але яно далей транслюецца ў сям’і. Напрыклад, дзед сышоў і кінуў бабулю — і яно ідзе па жаночай лініі. Жанчыны з сям’і не могуць пабудаваць нармальныя стасункі.
Ці вось я меў нейкі страх перад дзяржавай. Невытлумачальны. Прыйдуць і ўсё забяруць. Адкуль гэта?.. Пачаў паглыбляцца, а ў мяне агулам 30 сваякоў рэпрэсаваныя, 12 расстраляныя. Арыштаваныя, выселеныя з хутароў, пазбаўленыя правоў... Яно ўплывае.
Фрагмент пратакола допыту Антона Каменскага — брата прабабулі аўтара курсу «Радавод»
Калі ўсё гэта збіраеш па кавалачках, то атрымліваецца тэрапія. Паводле тэрапеўтаў, адзін з варыянтаў лячэння — апісваць. Таму я працягваю займацца тэмай Кабылякаў — урочышча пад Оршай, дзе чэкісты расстрэльвалі людзей у сталінскія часы. Збіраю прозвішчы ахвяраў, а цяпер — і катаў. Так я працую з траўмай.
— А што калі ў выніку пошукаў усплываюць «не такія» продкі, як хацелася б? Не акадэмікі і скульптары, але арганізатары калгасаў ці каты з НКУС?
— І гэта таксама — тэрапія. Прыняцце сябе праз тое, што твае продкі розныя. І маглі ў жыцці рабіць рознае. Так было ў знаёмага: адзін дзед расстрэльваў, а другі рэпрэсаваны. Як быць? А ўсё гэта наша гісторыя. Не бывае людзей, якія не памыляюцца ў жыцці. Не бывае радаводаў, дзе ўсё чорнае або ўсё белае. Тут пытанне, ці ты ганарышся тым, што твой сваяк кагосьці расстрэльваў?
Так, часам можа быць сорамна за кагосьці з родзічаў. Але кожны адказвае за сябе. Гэта таксама пра прыняцце выбару тваіх продкаў. Урэшце, калі нам сорамна, значыць, мы самі маем маральныя арыенціры. І ў крытычнай сітуацыі, магчыма, будзем рабіць не самы відавочны выбар.
Курс «Радавод: аднаўляем гісторыю сваёй сям’і і краіны»
Заняткі анлайн.
Усё бясплатна.
Запіс трывае да 9 лістапада.
Старт заняткаў 10 лістапада.
Агульная працягласць курса — 6 тыдняў.
Фармат: анлайн-лекцыі, вэбінары, хатнія заданні.
А. К., Budzma.org