Ігар Варашкевіч: Калі Лукашэнка «выйграе» выбары, народ не даруе
2020-08-04 16:25
Беларускія незалежныя музыкі ўключыліся ў грамадскія пратэсты. Іх песні спяваюць на мітынгах, іх запрашаюць асабіста падтрымаць кандыдатаў, іх нараўне з іншымі затрымліваюць «сілавікі» і ўносяць у «чорныя спісы» выканкамы.
Пры тое, як гэта быць беларускім музыкам падчас выбарчае кампаніі, карэспандэнт Радыё Рацыя пагутарыў з Ігарам Варашкевічам.
РР: Ці можаце вы параўнаць канец 80-х і сённяшні час, па духу ў грамадстве, па адчуваннях. Гэта штосьці падобнае, ці рознае ўсё ж такі?
Ігар Варашкевіч: Мне падаецца, не зусім падобнае. Калі параўнаць, што надышоў час перабудовы і разбуралася вялікая краіна, можа нешта крыху нагадвае, але зараз іншая сітуацыя. Таму што параўноўваць тое, што пабудаваў Лукашэнка, з Савецкім Саюзам – гэта розныя рэчы. Я не люблю Савецкі Саюз, нягледзячы на тое, што я там нарадзіўся, не вельмі люблю ўспамінаць пра гэта, хаця дзяцінства – гэта дзяцінства, там бацькі, дзяды, там усе жывыя, ты маленькі хлопчык, усё добра, сонейка свеціць, яшчэ гарэлку не ўжываеш, цыгарэты не курыш, усё класна. Але справа ў тым, што такім страшным метадам селекцыі быў выведзены савецкі чалавек, у прынцыпе, нармальны, таму што мае дзяды па матчынай лініі, яны былі камуністамі, яны сапраўды былі людзьмі шчырымі, то бок я нічога дрэннага пра іх не магу казаць. Майго дзеда па сённяшні дзень яшчэ ўспамінаюць, хаця ён памёр у 1996 годзе, ён быў начальнік вузла сувязі, яго па сённяшні дзень помняць там. А, напрыклад, мой бацька, яго цягнулі ў кампартыю, але ён не ўступіў, таму што не хацеў. Але з маім дзедам Іллёй не было ніколі ніякіх спрэчак. Гэта да таго, што Лукашэнка пабудаваў такі аскепак Савецкага Саюзу, але сам ён з’яўляецца мільярдэрам. Такога ў Савецкім Саюзе не было, такое было немагчымым. Калі ўспамінаць Сталіна, яму не патрэбны былі мільярды рублёў, таму што ён проста валодаў вялікай краінай. Праўда, насамрэч там былі падпольныя мільянеры, напэўна, як Карэйка з “Залатога цяльца”. Савецкі Саюз разбурыўся таму, што проста гэта была нейкая штучна пабудаваная “істота”. Зараз сітуацыя такая, што Лукашэнка ўсіх задзяўбаў. Чалавек не можа столькі кіраваць, трымаць уладу. Усяму ёсць канец. Гэта вядома ўжо. Не будзем назваць прозвішчы тых, хто дрэнна скончыў.
РР: Наколькі зараз мажлівы перамены, і на ваш погляд, што адбудзецца 9 жніўня?
Ігар Варашкевіч: У даным выпадку я не скептык, хаця мяне часта лічаць скептыкам, але мне падаецца, што нешта атрымаецца, нешта можа быць. Самае страшнае, што можа быць кроў, і ён да гэтага рыхтуецца. Чалавек не разумее, што трэба проста сысці і ўсё. Ён не хоча аддаваць маёмасць. Ён думае, што зараз усіх паб’е, пасадзіць за краты і ўсё застанецца як было. Насамрэч як было ўжо не будзе. Нават калі ён і выйграе, калі Ярмошына напіша яму колькі яму патрэбна адсоткаў. Людзі не даруюць яму нават тое, што ён ужо зрабіў. Нешта адбудзецца, можа крыху пазней – у гэтым годзе, ці ў наступным. Яго яшчэ можа выратаваць, калі ён хутка здасць тэрыторыю Пуціну. Вось такі варыянт. Дамовіцца там на нейкі ўмовах. Гэта адзіны варыянт. Нягледзячы на тое, што пастаянна падкрэслівае, што ён за незалежнасць, што мы павінны быць незалежнымі. Але адразу прыязджае ў Маскву і кажа: я на радзіме. Як можна хворага чалавека слухаць.
З Госцем Рацыі размаўляла Вольга Сямашка
Фота з Фэйсбука Ігара Варашкевіча