24-25 кастрычніка ў Бельску Падляшскім пройдзе юбілейны ХХХ Фестываль беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень». Ілона Карпюк, якая дапамагае ў арганізацыі фэсту, расказала budzma.org, у якім фармаце сёлета адбудзецца вяртанне конкурсу выканаўцаў і якімі вясёлымі і цёплымі гісторыямі ёй запомніліся ранейшыя імпрэзы.
— Ілона, вас лічаць вялікай сяброўкай фестывалю. Чаму?
— Я на «Бардаўскай восені» з першых фэстаў (фестываль ладзіцца з 1994 года — budzma.org). Спачатку яшчэ школьніцай ездзіла на канцэрты ў Бельск з Гайнаўкі разам з бацькамі.
Калі стала ліцэісткай, то штогод ладзілася паездка на аўтобусе — на фэст ехаў поўны аўтобус вучняў беларускага ліцэя з Гайнаўкі. Гэта быў абавязковы пункт праграмы. Так моладзь далучалі да беларускай культуры, паказвалі магчымасць праявіць сябе ў музыцы. У залі Бельскага Дома культуры мы сядзелі побач з вучнямі Бельскага беларускага ліцэя.
І, дарэчы, у той час я была не толькі глядачкай. Мой першы выступ на «Бардаўскай восені» здзейсніўся не з гуртом Ilo&Friends, з якім мы граем ужо 20 гадоў, а са школьным гуртом, які называўся «Гоман». Мы выступалі ў конкурснай частцы ў 1999-2000 годзе. Заснавальнікам фестывалю быў «Звяз беларускай моладзі», які затым памяняў назву на Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры «Шчыты», а з 2022 года арганізацыйную адказнасць за фестываль узяў на сябе Фонд «Тутака».
Хоць я ніколі не была сябрам ні «Звязу беларускай моладзі», ні «Шчытоў», але заўсёды была заангажавана ў беларускую культуру і фестываль. Мая гісторыя адносінаў з фестывалем доўгая і ўсебаковая: ад глядацкай залі — да выканаўцы на сцэне, вядучай канцэртаў, удзельніцы арганізацыі. Былі гады, калі адзін з канцэртаў «Бардаўскай восені» абавязкова праводзіўся ў Беластоку ў Падляшскай оперы і філармоніі, супрацоўніцай якой я была, тады немагчыма было не ўключацца ў арганізацыю. У гэтым годзе я буду мець гонар у пэўным сэнсе адкрываць фестываль: стану вядучай 24 кастрычніка.
Ілона Карпюк выступае на фестывалі «Бардаўская восень» з гуртом Ilo&Friends, 2017 год. Фота Давіда Гайко. Крыніца: старонка «Бардаўскай восені» ў Фэйсбуку
Сярод іншага ў
праграме — размова пра гісторыю фестывалю, які будзе праводзіцца ўжо ў трыццаты раз.
— Адметнасць сёлетняга фэсту — вяртанне конкурсу выканаўцаў. Як ён будзе адбывацца?
— Конкурс выканаўцаў бардаўскай песні быў часткай фэсту «Бардаўская восень» большасць гадоў яго існавання. Адборы вяліся і на Беласточчыне, і ў Беларусі, на сцэне ў Бельску Падляшскім удзельнікі конкурсу станавіліся зоркамі для публікі, некаторыя затым адкрывалі для сябе новыя пляцоўкі.
Сёлета ўпершыню ў гісторыі фестывалю конкурс праводзіцца анлайн, а яго пераможцу абірае аўдыторыя праз сацыяльныя сеткі. Я назвала б сёлетні фармат пераходным, бо ў апошнія гады конкурснай часткі ўвогуле не было, бо не было магчымасці праводзіць у Беларусі ні нармальныя адборы, ні канцэрты.
Вялі размовы нейкі час над патрэбай конкурснай часткі і вырашылі, што варта вярнуць конкурс. Зможам пабачыць, ці ёсць запыт на тое, каб прэзентаваць свою творчасць у такім фармаце. Калі ён ёсць, то можна будзе вярнуцца да паўнавартаснага жывога фармату конкурсу.
У гэтым годзе пакуль спынімся на тым, што пераможца анлайн-конкурсу выступіць на сцэне ў Бельску Падляшскім у межах фестывалю.
— Адной з умоў удзелу ў конкурсе было жыццё ў адной з краін Еўропы.
— Час складаны, гэта ўмова вымушаная — з пункту гледжання бяспекі для саміх выканаўцаў. Ды яшчэ трэба было абмежаваць да Еўропы, бо не было б магчымасці забяспечыць прыезду лаўрэата, напрыклад, з Амерыкі.
— Сёлета фэст пройдзе выключна на сцэне Бельскага Дома культуры, але былі часы, калі сцэны знаходзіліся ў некалькіх гарадах.
— Сапраўды, былі гады, калі канцэрты праходзілі і на дадатковых пляцоўках — напрыклад, у Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы, у сінагозе ў вёсцы Орля ці ў Беластоку — у лялечным тэатры ды Падляшскай оперы і філармоніі. Аднак вытокі фестывалю менавіта ў Бельску Падляшскім. Традыцыйна тут праходзілі два дні фэсту — у пятніцу і суботу.
Так будзе і сёлета: сярод іншага ў другі дзень адбудзецца ўручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку. Вельмі важна падкрэсліць ролю Міхала ў змесце фестывалю і разуменні паэзіі — шмат гадоў ён адказваў на «Бардаўскай восені» за візуальныя бок фестывалю, быў сябрам журы, сябрам Бельска.
— Хто сёння з’яўляецца наведвальнікамі фестывалю «Бардаўская восень»?
— У асноўным гэта беларусы, якія жывуць на Беласточчыне. Доўгі час гэта былі прадстаўнікі мясцовай нацыянальнай меншасці і іхнія суседзі ды сябры — палякі. Цяпер, як вядома, шмат беларусаў, якія пераехалі жыць на Беласточчыну з Беларусі, і без якіх сёння цяжка ўявіць любую імпрэзу беларускай культуры.
— Якім вы бачыце спалучэнне фестывалю «Бардаўская восень» з больш маштабным фэстам «Тутака», які праходзіць летам?
— Гэта два розныя фестывалі, якія ладзяцца ў іншым часе, таму ўвогуле не трэба іх спалучаць, а дбаць пра развіццё абодвух. «Бардаўская восень» — гэта фестываль з зусім іншай атмасферай. Не гублялалася яго ідэя ў час, калі існавала «Басовішча», якое ўвогуле доўгі час было адным з самых вялікіх музычных фестываляў у Польшчы. Адно што заўсёды спалучала летні і восеньскі фэст — гэта выступоўцы, якім часта было цікава спрабавацца ў розных фарматах, сустрэцца з іншай публікай.
У «Бардаўскай восені» свой характар і свая публіка. У час восені фэст прыносіць зусім іншую рэфлексію, перажыванні, дае магчымасць для размовы творцаў і гледачоў у камерным фармаце.
Заля немаленькая, але гледачы могуць перажываць сустрэчу з выканаўцамі як размову сам-насам. Традыцыйна ўдзельнікі і наведвальнікі фестывалю могуць паразмаўляць у перапынках.
Пасярод шэрай восені «Бардаўская восень» — ідэальны момант, каб сустрэцца, паслухаць якасную музыку і пабыць разам.
— Якія цікавыя моманты вам успамінаюцца з гісторыі фестывалю?
— Было шмат усяго — і вясёлага, і цёплага. Думаю, многія памятаюць ранейшы антураж Бельскага Дома культуры, калі на лесвіцы да сцэны было рассыпана восеньскае лісце. Пасля генеральнага рамонту сцэна выглядае па-іншаму, але цяпер яна суперпрафесійная. Адным з сімвалаў фестывалю стала песня «Восень» Алеся Камоцкага, які не раз адкрываў ёю фэст. Менавіта на сцэне «Бардаўскай восені» адбылася прэзентацыя «Народнага альбома».
Гурт Naviband на "Брдаўсай восені" 2017
Згадваецца момант, калі з-за чэргаў на мяжы сябры журы не паспявалі ў час дабрацца да фестывалю, таму ў чаканні пашпартнага кантролю разам слухалі выканаўцаў конкурснай часткі ў аўтамабілі на хвалях «Беларускага Радыё Рацыя».
Згадваюцца неафіцыйныя сустрэчы пасля канцэртаў, дзе абменьваліся навінамі і думкамі. Цешылі заўсёды сустрэчы з новымі людзьмі ды яшчэ такіх розных прафесіяў: былі настаўнікі, інжынеры ці юрысты, як Максім Знак. Размовы былі заўсёды важнымі для лепшага разумення нашых рэчаіснасцяў — па абодвух баках мяжы.
З 1990-х Беласточчына была акном для беларускіх творцаў на Захад, месцам, дзе ў сяброўскай атмасферы яны адчувалі сябе ўтульна — як дома. І тым больш фестываль стаў запатрабаваны пасля 2020 года, калі многія вымушаны былі пачынаць новы шлях. Спадзяюся, такім домам фэст для беларускіх творцаў і застанецца.
У гісторыі «Бардаўскай восені» было шмат розных момантаў, але найважнейшае, што гэта сям’я — і на сцэне, і па-за сцэнай. Гэта вельмі добра пачынаеш разумець, калі не стае такіх асобаў як Міхал Анемпадыстаў. Жыццё непрадказальнае, таму новыя сустрэчы на «Бардаўскай восені» мы цэнім яшчэ больш.
Антон Навумчык, budzma. org
Фота прадастаўлены суразмоўніцай