Арганізатары Прэміі Гедройця, якая выдаецца за найлепшую празаічную кнігу, абвясцілі поўны спіс намінантаў 2024 года. Пасля разгляду журы ў яго ўвайшло 14 пазіцый.
«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» – Валянцін Акудовіч, выдавецтва «Логвінаў», 2023
«Пастэга» – Яўген Аснарэўскі, выдавецтва «Выдавецкія рашэнні», 2023
«Джа: Легенда аб забраным сэрцы» – Эліяш Барт, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023
«Забіць упалмінзага» – Зміцер Бартосік, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022
«Я танцую» – Віка Біран, выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023
«Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» – Ева Вайтоўская, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
«На прызбе ў Сілічах» – Марыя Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023
«Жамяра: жаночыя гісторыі» – Алена Вешторт, выдавецтва «Альфа-кніга», 2023
«Вольнеры. Прадвесце» – Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
«Хлопчык Томчык = Tomčyk the Boy» – Сяргей Календа, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023
«Круглая Square: Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі» – Вал Клемэнт, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023
«Камень Вавілонскай вежы» – Уладзімір Мароз, выдавецтва «Зміцер Колас», 2023
«Слюнькоў. Палітычная біяграфія» – Дзяніс Марціновіч, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
«Час пустазелля» – Ганна Янкута, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
У складзе журы сёлета: літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; філолаг, кандыдатка філалагічных навук, пісьменніца, перакладчыца Вера Жыбуль; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.
Прэтэндаваць на сёлетнюю перамогу могуць арыгінальныя кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2023 года, а таксама тыя, што з абгрунтаваных прычын не змаглі ўдзельнічаць у папярэднім сезоне прэміі.
Прэмія Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску ўручаецца з 2012 года, на сённяшні дзень гэта галоўная незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Патрон прэміі – Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.