Ірына Кашталян: Сітуацыя з менскімі габрэйскімі могілкамі выклікае трывогу
2020-05-20 20:05
У Менску добра ведаюць, як складана захаваць памяць пра мінулую вайну ва ўмовах сучаснага вялікага гораду.
Падчас анлайн-форуму «75 гадоў Перамогі: захаваем месцы памяці» даследчыкі сярод іншага абмеркавалі праблемы мемарыялізацыі габрэйскіх могілак у Менску.
Кажа дырэктарка Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян:
– Напісана, што на тэрыторыі помніка ўвекавечана памяць ахвяр нацызма, што прысвоена найменне “Габрэйскі мемарыяльны парк”, але паўстрымаемся ад надання аб’екту статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Вось сёння я зрабіла скрыншот вулічнай кадастравай карты Беларусі. Мы бачым, што гэтая тэрыторыя не мае ахоўваемай зоны. Нягледзячы на запэўніванні, што забудова не будзе праводзіцца, яны ўжо залазяць на тэрыторыю могілак і ў тым ліку гэта на мяжы масавых пахаванняў ахвяр нацызма, якія мы да канца не ведаем, дзе знаходзяцца.
Арганізатары мерапрыемства спадзяюцца на тое, што форум стане штогадовым і будзе пляцоўкай для дыялогу ўсіх зацікаўленых бакоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск