Івонка Сурвіла віншуе беларусаў з Калядамі
2024-12-24 22:00
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Калядамі. «Не пакідайце веры ў будучыню! Толькі вера, што кашмар не вечны, што прыйдзе час, калі і яму прыйдзе канец, дазволіць нам дачакацца нашай вольнай дзяржавы, у якой і нам будзе дадзена людзьмі звацца!», — адзначаецца ў віншаванні Івонкі Сурвілы.
Старшыня Рады БНР заклікала тых, хто быў вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну, памятаць пра сваё паходжанне. Паводле яе, цяпер Беларусі пагражае вялікая небяспека, і яе трэба «абараніць ад бандытаў, якія толькі і чакаюць на магчымасць яе прысвоіць».
Івонка Сурвіла заклікала ўсіх разам памаліцца ў Калядны вечар за Бацькаўшчыну. «Памолімся з верай, што «Уладар вялікіх сонцаў і сэрц малых» нас пачуе! Жадаю вам утульных Калядаў! Жыве Беларусь», — сказала Івонка Сурвіла.