Івонка Сурвілла павіншавала Беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org з 25-годдзем!
2025-06-21 18:00
З нагоды юбілею Kamunikat. org мы атрымалі віншавальны ліст ад старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы:
Шчыра віншую ўсіх заснавальнікаў, супрацоўнікаў і чытачоў Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat. org зь яе 25-ці годзьдзем!
Чвэрць стагодзьдзя — тэрмін, які дазваляе падсумаваць вынікі. Сёньня відавочна, што значнасьць установы Kamunikat. org, офіс якой месьціцца ў Беластоку, даўно перайшла межы Падляшша і Польшчы.
Беларуская нацыя перажывае сёньня бадай што самыя цяжкія часы за апошнія дзесяцігодзьдзі, а маштаб і інтэнсіўнасьць разбурэньня культуры, зьнішчэньня нацыянальных каштоўнасьцяў увогуле ні з чым не параўнальны на памяці цяпер жывучых пакаленьняў.
Ва ўмовах, калі прамаскоўскі рэжым зьнішчае ўсё беларускае ў Беларусі, вельмі важнымі робіцца ініцыятывы беларусаў у вольным сьвеце. І Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat. org ёсьць цудоўным прыкладам мэтанакіраванай і пасьлядоўнай працы.
Сёньня гэта ня толькі свабоднае і адкрытае сховішча носьбітаў беларускага слова, выданьняў мастацкай, навуковай і дакумэнтальнай літаратуры, беларускай пэрыёдыкі.
Kamunikat. org — і выдавец, і асьветнік на ніве беларушчыны.
Рада БНР высока цэніць унёсак Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat. org у беларускую справу, сьведчаньнем чаго ёсьць узнагароджаньне яе заснававльніка і кіраўніка Яраслава Іванюка Мэдалём Ордэну «Пагоні».
Дык віншую ўсіх вас з выдатным юбілеем і жадаю плёну ў вашай выскароднай справе на карысьць нацыянальнага Адраджэньня!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
20 чэрвеня 2025
Атава.