Каго ня любяць беларусы? Вынікі апошняга апытаньня Chatham House
2022-01-20 15:17
Брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House правёў летась у лістападзе чарговае, шостае онлайн-апытаньне гарадзкога насельніцтва Беларусі. Як, паводле апытаньня, ставяцца адзін да аднога прыхільнікі і праціўнікі Лукашэнкі? Які ўзровень страху ў беларускім грамадзтве? Як зьмяніліся пратэставыя настроі за год? Каго беларусы хацелі б бачыць прэзыдэнтам краіны?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.
— У гэтым дасьледаваньні было некалькі новых пытаньняў. Адно зь іх тычылася вымярэньня так званай сацыяльнай дыстанцыі з прадстаўнікамі розных этнасаў, сэксуальных меншасьцяў, з гарачымі прыхільнікамі і праціўнікамі існай у Беларусі ўлады. Шкала стаўленьня да іх — ад «гатовы зь імі парадніцца» да «не хацеў бы іх бачыць у нашай краіне». Якія вынікі былі атрыманыя?
— Гэта стандартная шкала сацыяльнай дыстанцыі Багардуса, якая выкарыстоўваецца ў сацыялягічных дасьледаваньнях у розных краінах сьвету.
Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі менш талерантныя да ўсіх сацыяльных групаў. Беларусы ў цэлым даволі добра ставяцца да расейцаў, да ўкраінцаў, да палякаў. Горшае стаўленьне — да габрэяў, да французаў, да ўраджэнцаў Блізкага Ўсходу. Што аб’ядноўвае прыхільнікаў Лукашэнкі і прыхільнікаў пратэсту — гэта нэгатыўнае стаўленьне да цыганоў (ромаў).
Выяўлена моцная ўзаемная непрыязь паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Лукашэнкі. Гарачыя прыхільнікі Лукашэнкі шчыра ненавідзяць яго праціўнікаў. І наадварот, хоць у праціўнікаў Лукашэнкі ўзровень непрыязі да іх апанэнтаў крыху меншы.
Гэта пацьвярджае вынікі нашых папярэдніх дасьледаваньняў, паводле якіх палітычныя апанэнты карыстаюцца рознымі крыніцамі інфармацыі і слаба ўяўляюць сабе, як і чым жыве «іншы барак».
Палітычныя апанэнты — «ядро пратэсту» і «бастыён Лукашэнкі» — ставяцца адзін да аднаго горш, чым да ўсіх астатніх этнічных і сацыяльных групаў, у тым ліку і горш, чым да тых жа геяў і цыганоў.
— Ва ўсіх вашых дасьледаваньнях акрамя «ядра пратэсту» і «бастыёна Лукашэнкі» прысутнічае і група «нэўтралаў». Наколькі талерантная яна?
— Яны ў сваім стаўленьні да розных сацыяльных групаў прамежкавыя: яны больш талерантныя, чым «бастыён Лукашэнкі», і пры гэтым менш талерантныя, чым «ядро пратэсту». Паказьнікі іх стаўленьня блізкія да сярэдніх па ўсёй выбарцы. Што іх адрозьнівае — гэта досыць спакойнае, талерантнае стаўленьне і да прыхільнікаў, і да праціўнікаў Лукашэнкі. Гэтая група мае кантакты з абодвума лягерамі, яны чуюць і адных, і другіх.
— Вельмі часта гаворыцца, што ў аўтарытарным грамадзтве сацыялягічныя апытаньні даюць недакладную, неадэкватную карціну, бо дзейнічае фактар страху — людзі баяцца шчыра адказваць. У лістападаўскім апытаньні вы ўжылі вельмі цікава дасьціпны прыём для выключэньня гэтага фактару страху і адначасна для яго вымярэньня. Раскажыце, што ў вас атрымалася і які памер гэтага фактару ў вашым онлайн-апытаньні гарадзкога насельніцтва.
— Чаму людзі з падазрэньнем ставяцца да сацыялягічных апытаньняў у аўтарытарных краінах? Таму што няма нармальных інструмэнтаў вымярэньня грамадзкіх настрояў — няма выбараў. Таму да дасьледчыкаў стаўленьне, як да сумленнай ЦВК, якая можа дакладна падлічыць галасы. Вынік апытаньняў паказвае хутчэй трэнд, чым дакладнае разьмеркаваньне палітычных перавагаў.
Нам закідалі, што ёсьць фактар страху. Ён і сапраўды ёсьць. У Расеі «Левада-цэнтар» таксама вымярае памеры гэтага фактару. Нашае вымярэньне паказвае, што гэты фактар складае прыкладна 8-9%.
Практыка паказвае: калі людзі прыхільныя пратэсту, але асьцерагаюцца адказваць шчыра, то, сутыкаючыся з вострымі пытаньнямі (кшталту «Ці давяраеце вы Лукашэнку?», «Ці прагаласавалі вы за Лукашэнку?»), яны часьцей пазьбягаюць адказу, чым гавораць, што падтрымліваюць Лукашэнку.
У нашым дасьледаваньні мы выкарысталі два адмысловыя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў дасьледаваньнях на Захадзе, якія дазваляюць вызначыць сапраўдныя думкі людзей, нават калі яны ня схільныя іх выказваць.
Пры ўжываньні гэтых адмысловых прыёмаў мы атрымалі, што ў жніўні 2020 году за Ціханоўскую галасавала каля 60% гараджанаў. Калі ў верасьні 2020 году мы задавалі прамое пытаньне пра галасаваньне на выбарах 9 жніўня, то пра галасаваньне за Ціханоўскую паведамілі 51% апытаных. Калі мы даём магчымасьць рэспандэнтам схаваць свой адказ, то мы маем паказьнік, вышэйшы прыкладна на 8-9 адсоткавых пунктаў.
Фактар страху сапраўды мае месца. Але ён не неабсяжны, ён не такі, што кардынальна скажае ўсе вынікі.
— У вашым апытаньні вы задалі рэспандэнтам некалькі пытаньняў, якія задаваліся ў апошнім апытаньні НІСЭПД, сацыялягічнага цэнтру, разгромленага ўладамі ў 2016 годзе. Сваё апошняе апытаньне НІСЭПД правёў у чэрвені 2016 году. Што зьмянілася ў грамадзкай думцы беларусаў за 5 гадоў?
— Параўнаньне паказала, што з 2016-га па 2021 год грамадзтва ня так моцна і зьмянілася. Але, з другога боку, параўнаньне паказвае, што падзеі 2020 году сьпелі даўно.
І ў 2016 годзе ладная частка беларусаў лічыла, што дзяржава не прадстаўляе іхных інтарэсаў або прадстаўляе ў вельмі малой ступені. На пытаньне, на каго абапіраецца Лукашэнка, і 5 гадоў таму большасьць (тады адносная) лічыла, што на чынавенстве і на сілавым апараце.
Гэта ўсё было, а ў 2021 годзе гэтыя настроі ўзмацніліся. Цяпер ужо абсалютная большасьць апытаных гаворыць, што Лукашэнка трымаецца на сілавіках.
Праўда, на думку прыхільнікаў Лукашэнкі, ён трымаецца пераважна на прафэсіяналах, спэцыялістах, а таксама на падтрымцы простага народу. У той жа час, на думку праціўнікаў Лукашэнкі, сыстэма ў Беларусі трымаецца на сілавіках і ў меншай ступені на «вэртыкалі».
Значная частка прыхільнікаў Лукашэнкі шчыра верыць, што яны складаюць большасьць.
— Ці зьмяніліся пратэставыя настроі ў параўнаньні з папярэднім апытаньнем? А ў параўнаньні зь першым, у верасьні 2020 году?
— Мы бачым дэпалітызацыю беларускага грамадзтва. Гэта зьвязана і са страхамі, і з расчараваньнем. Пратэст абʼектыўна прайграў, і невядома, якія шанцы ў яго ёсьць. І людзі гэта адчуваюць. У выніку яны робяцца менш прыхільнымі да пратэсту.
З другога боку, застаецца велізарная колькасьць людзей, якія падтрымліваюць пратэст і яго патрабаваньні. Большасьць беларусаў выступае, як і раней, за вызваленьне палітвязьняў і за спыненьне гвалту.
Дэпалітызацыя праяўляецца ў розных формах: мы бачым, як мяняецца колькасьць падпісчыкаў у тэлеграм-каналах і ў youtube-каналах, як мяняецца аўдыторыя мэдыя.
Але цікава, што палітычныя погляды грамадзтва са жніўня 2020 году не зьмяніліся. Як ён ня выйграў выбары тады, так ён ня выйграў бы сумленныя выбары і цяпер.
Было б лягічна, калі б шмат людзей далучыліся да пераможцы. Але ў Беларусі гэтага не адбылося. Усе разумеюць, што Лукашэнка разграміў пратэст. Але пры гэтым людзі ня робяцца лукашэнкаўскімі прыхільнікамі. Ёсьць 25-30%, якія падтрымліваюць яго, і гэтыя лічбы не мяняюцца.
— Рэйтынгі, папулярнасьць палітыкаў — ці адбыліся тут зьмены? Бабарыка, Лукашэнка, Латушка па-ранейшаму самыя папулярныя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты?
— Застаюцца 4 самыя папулярныя пэрсоны. Віктар Бабарыка і Аляксандар Лукашэнка — самыя папулярныя, іхная папулярнасьць на прыкладна аднолькавым узроўні. Пасьля іх ідуць Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская.
Калі ў Бабарыкі і Лукашэнкі па 25-30% падтрымкі, то ў Латушкі і Ціханоўскай — каля 10-13%. У Лукашэнкі рэйтынг устойлівы, у Бабарыкі і Латушкі мы бачым зьмяншэньне папулярнасьці.
Раней Ціханоўская ўспрымалася як жонка Сяргея Ціханоўскага. Але цяпер ужо Сяргей успрымаецца як муж Сьвятланы. Яе рэйтынг ужо не зьвязаны з рэйтынгам Сяргея.
— Ці адбываюцца зьмены ў стаўленьні да Расеі?
— Стаўленьне беларусаў да Расеі істотна не зьмяняецца. Яны як ставіліся да яе прыхільна, так і ставяцца — як да народу, як да краіны. Як раней прыхільнікі пратэсту нэгатыўна ставіліся да Ўладзіміра Пуціна, гэта таксама захавалася.
У прыхільнікаў Лукашэнкі вельмі добрае стаўленьне да Пуціна. Але і ў «нэўтралаў» таксама. Пры гэтым «нэўтралы», як і прыхільнікі пратэсту, лічаць, што Лукашэнка трымаецца ва ўладзе ў значнай ступені дзякуючы падтрымцы Пуціна.
Што тычыцца замежнапалітычных установак, то захоўваецца беларускі кансэнсус наконт жаданьня, каб Беларусь сябравала і з Усходам, і з Захадам. Калі ставіць пытаньне жорстка — з Расеяй ці з Захадам, то апытаныя дзеляцца прыкладна напалам. Калі ж даваць опцыю адказу — быць і з тымі, і з тымі, то адносная большасьць выбірае менавіта яе.
Некаторыя частка прыхільнікаў Лукашэнкі ненавідзіць Захад. Але далёка ня ўсе. Значная частка зь іх хацела б паляпшэньня адносінаў з Захадам.
— Місія АДКБ у Казахстане, у якой удзельнічалі і беларускія вайскоўцы, актуалізавала пытаньне стаўленьня да гэтага вайскова-палітычнага саюзу. І якое яно ў беларусаў?
— АДКБ да апошняга часу была вельмі расплывістай структурай, было ўражаньне, што гэта саюз цэнтральна-азіяцкіх дзяржаў, у якім зь незразумелых прычынаў знаходзіцца Беларусь.
Па выніках апытаньняў мы ўбачылі, што ў беларусаў ёсьць памкненьне да большай нэўтральнасьці. Мы задавалі пытаньні і пра стаўленьне да АДКБ, і пра стаўленьне да нэўтралітэту.
Я думаю, што гэтая апэрацыя АДКБ у Казахстане і ўдзел у ёй беларускіх вайскоўцаў узмацніць памкненьне да нэўтралітэту. Лукашэнка хоча на рэфэрэндуме прыбраць з Канстытуцыі артыкул пра імкненьне да нэўтралітэту. Беларусы зь ім не пагаджаюцца.