Каліноўскі не пісаў «Зямля наша... называецца літоўская». Графалягічная экспэртыза адкрыла гістарычную сэнсацыю
2022-08-30 11:48
Графалягічная экспэртыза ў Празе пралівае новае сьвятло на асобу нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Паводле гісторыка Сяргея Абламейкі, новыя факты пацьвярджаюць гіпотэзу, што менавіта група Каліноўскага стаяла ля вытокаў беларускай нацыянальнай палітычнай гісторыі.Летам 2022 году, сабраўшыся выдаць свае гістарычныя эсэ апошніх гадоў кнігай, я зноў задумаўся над тэкстам пра Кастуся Каліноўскага і ключавы момант для нованароджанай беларускай нацыянальнай ідэі, які яна перажыла ў кастрычніку 1862 году.
У
тым тэксьце, які называўся «Чаго я не сказаў у кнізе пра Каліноўскага», я пісаў пра лёсавызначальны і драматычны, на маю думку, пункт у самай раньняй гісторыі нараджэньня мадэрнай беларускай нацыі. Ім стаў нявыхад у кастрычніку 1862 году шостага выпуску «Мужыцкай праўды», у якім сьцьвярджалася, што «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».
Грунтуючыся на сваім аналізе зьместу вядомых тэкстаў Каліноўскага, я зрабіў выснову, што ў тым месяцы лідэр будучага паўстаньня і кіраўнік рэдакцыі «Мужыцкай праўды» сам адмовіўся ад выданьня шостага выпуску. Пераконвае ў гэтым і той факт, што тады ж пад тым самым шостым нумарам сьвет пабачыў выпуск «Мужыцкай праўды» пра Ўніяцкую царкву.
Гэта былі часы падпольля, але татальных рэпрэсій яшчэ не было, і будучыя паўстанцы дзейнічалі адносна вольна і спакойна. Калі б знойдзены больш за 30 гадоў таму падчас рэстаўрацыі Бэрнардынскага касьцёла ў Вільні рукапіс нявыдадзенага выпуску «Мужыцкай праўды» пра «Літву і літоўцаў» быў у кастрычніку 1862 году дзеля нейкіх прычын згублены, а Каліноўскі хацеў выдаць менавіта яго, такі рукапіс быў бы лёгка адноўлены ці створаны наноў. Відавочна, што рукапіс быў менавіта адкінуты лідэрам будучага паўстаньня, прызнаны неактуальным і трапіў у архіў рэдакцыі ці аднаго зь яе сяброў.
Таму я і зрабіў выснову, што менавіта тады, магчыма, у спрэчках з астатнімі сябрамі рэдакцыі — Фэліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным, Валерыем Урублеўскім і Францішкам Юндзілам — Кастусь Каліноўскі прыняў канчатковае рашэньне, як будзе называцца яго народ.
Першага лютага 1863 году ён стварыў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі, у далейшых сваіх тэкстах пісаў пра «край Літоўскі і Беларускі», але ў «Лістах з-пад шыбеніцы» зьвяртаўся ўжо выключна да беларусаў і атаясамліваў сябе менавіта зь беларускім народам.
Таксама я пісаў у тэксьце 2021 году, што слабасьць нашай разгромленай за апошнія дзесяцігодзьдзі гістарычнай навукі праявілася ў тым, што за больш чым трыццаць гадоў, якія прайшлі з моманту знаходкі «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды», не былі праведзеныя тэксталягічная і графалягічная экспэртыза рукапісу і яго параўнаньне зь іншымі аўтографамі Кастуся Каліноўскага.
Я не графоляг, пісаў я тады, але бачу, што почырк Каліноўскага троху адрозьніваецца ад почырку аўтара «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды». У Каліноўскага меншы нахіл направа, больш акруглыя літары, іншае напісаньне прапісных літар «j», «t» і некаторых іншых. Разам з тым ёсьць падабенства ў напісаньні загалоўнага і прапіснога «d».
Тым ня менш ацэнкі прафэсійнага графоляга яўна не хапала. Таму ў жніўні 2022 году я вырашыў зьліквідаваць гэты прабел у нашай гістарычнай навуцы і аднёс трэцюю частку «Лістоў з-пад шыбеніцы» і старонку «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды» да прафэсійнага праскага графоляга Надзі Зікмундавай.
Паколькі ў Чэхіі выкарыстоўваецца лацінскі альфабэт, а беларускія тэксты ХІХ стагодзьдзя таксама пісаліся лацінкай, то іх графалягічны аналіз у Чэхіі, у адрозьненьне ад тэксталягічнага, цалкам карэктны і прымальны з навуковага пункту гледжаньня.
Параўнаньне «Лістоў з-пад шыбеніцы» і «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды»
Рукапіс «літоўскага» нумару падчас экспэртызы атрымаў нумар адзін, а «Лісты з-пад шыбеніцы» — нумар два.
Графоляг вывучыла розныя формы пісьмовых літараў і націску аўтараў абодвух рукапісаў і іншыя прафэсійныя парамэтры. У прыватнасьці, зьвярнула ўвагу, што аўтар «Лістоў» выкарыстоўвае як пісьмовыя формы літараў, так і друкаваныя, што вельмі індывідуальна і не характэрна для ХІХ стагодзьдзя.
Вэрдыкт быў наступны:
«З вышэйпададзеных прычын лічу, што мова пра аднаго і таго ж аўтара абодвух разгледжаных тэкстаў не ідзе».
Такім чынам, Кастусь Каліноўскі не пісаў тэксту пра тое, што «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы». Гэта пацьвярджае маю думку пра Рубікон, які Беларушчына перайшла ў кастрычніку 1862 году.
Псыхалягічная характарыстыка аўтараў «Лістоў з-пад шыбеніцы» і «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды»
Графолягі зьяўляюцца таксама прафэсійнымі псыхолягамі, якія, грунтуючыся на аналізе рукапісаў і зусім ня ведаючы аўтараў, могуць складаць іх псыхалягічны партрэт.
Папрасіў і я Надзю Зікмундаву даць сваю псыхалягічную характарыстыку аўтарам абодвух рукапісаў.
Паводле яе, трэцюю частку «Лістоў з-пад шыбеніцы» пісаў чалавек вельмі рашучы, валявы, сьмелы, здольны на барацьбу за адстойваньне сваёй пазыцыі і на ламаньне стэрэатыпаў, якое выяўляецца ў адступленьні ад чыста рукапіснага характару тэксту ў бок пэўнай формы друкаваных літар, якія ў Чэхіі называюцца skripty.
Аўтар «Лістоў...», паводле графоляга, здольны ісьці да канца.
Вось яго псыхалягічны партрэт у перакладзе з чэскай мовы:
«Аркадны малюнак шрыфта паказвае, што аўтар выглядаў высакародна, трымаў дыстанцыю і ня быў вельмі адкрыты для новых уражаньняў. Ён стварыў свае ўласныя стандарты ў ацэнцы навакольнага сьвету і звычайна быў даволі перадузяты ў меркаваньнях. Ён вынес даволі значную разумовую і фізычную напругу, не выяўляючы пры гэтым ніякіх прыкмет дысгармоніі.
Памер шрыфту адлюстроўвае ўяўленьне аб сабе, аб сваёй ролі ў сьвеце. Ён лічыў, што мае права патрабаваць для сябе вялікай прасторы для доказу сваёй рацыі незвычайнымі ўчынкамі і мог быць у гэтым непрыемна настойлівым. Яму не падабалася падпарадкоўвацца аўтарытэтам, што, улічваючы малады ўзрост аўтара, можа быць патрэбай вызначыць сябе ў адносінах да навакольнага сьвету і пэўнай формай непадпарадкаваньня. Ён меў патрэбу ў незалежнасьці, свабодзе і хацеў быць сам сабе гаспадаром.
Націск шрыфту сьведчыць аб высокай ступені жыцьцяздольнасьці, зьяўляецца праявай псыхалягічнай устойлівасьці асобы, якую зьнянацку нічым не агаломшыш. Ён без праблем пераадольваў перашкоды. Перарывістае пісаньне ёсьць праявай інтуітыўнага складанага мысьленьня. Гэта імгненныя азарэньні і ідэі, якія ня маюць патрэбы ў кантэксьце. Ён дрэнна працаваў у калектыве, быў індывідуалістам, прыдатным для самастойнай працы, прыроджаным лідэрам. Яго недахопам магла быць халодная настойлівасьць і абыякавасьць да іншых у спаўненьні сваіх намераў. Ён, верагодна, быў звыклы вырашаць праблемы сілай».
Вось так з глыбіні часу, амаль праз 160 гадоў, паўстае для нас постаць і характар кіраўніка Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі і «Чырвонага жонду», заснавальніка мадэрнай беларускай нацыі Кастуся Каліноўскага. Мы наяве бачым, што людзі зь лідэрскімі якасьцямі бяз розьніцы іх палітычных арыентацый валодаюць шмат у чым падобнымі характарамі.
А чалавек, які пісаў прапанаваную для экспэртызы старонку «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды», быў старэйшы за аўтара «Лістоў з-пад шыбеніцы», больш асьцярожны, дыпляматычны і не любіў рызыкаваць. Вось яго псыхалягічны партрэт у перакладзе з чэскай мовы:
«Гарманічна разьвіты почырк без прабелаў сьведчыць пра ўстойлівую, сьпелую, гарманічна разьвітую асобу. Аўтар быў разважлівы і практычны, пазбаўлены ўяўленьня, асьцярожны. Ён баяўся рызыкі і не дазваляў сваім эмоцыям занадта разысьціся. У сваёй прафэсіі ён быў акуратны і дакладны, добры назіральнік, заўважаў нават дробязі. Не перашкаджала яму прыземленасьць і штодзённасьць, наадварот, ён зь недаверам ставіўся да ўсяго новага, што выходзіла за рамкі агульнапрынятага. Бесьперапыннасьць пісьма сьведчыць на рацыянальным узроўні аб здольнасьці думаць кантэксна і лягічна.
Хоць графалягічны мэтад не дазваляе вызначыць узрост аўтара тэксту, можна меркаваць, што ён быў чалавекам сярэдніх гадоў».
Да гэтага графоляг дадала, што аўтар рукапісу «літоўскага» нумару быў паважаны ў сваім атачэньні і мог аказваць стрымальнае ўзьдзеяньне на аўтара «Лістоў з-пад шыбеніцы», калі б яны былі знаёмыя.
Мне ж застаецца дадаць, што ў рэдакцыі «Мужыцкай праўды» значна старэйшымі за Кастуся Каліноўскага былі Станіслаў Сангін і Францішак Юндзіл — першы на дваццаць гадоў, другі на трынаццаць. Абодва ў 1863 годзе ўзначалілі паўстанцкія аддзелы. Сангін у лютым 1863 году загінуў у баі з царскімі войскамі ў родных ваколіцах Рэчыцы. Юндзіл у якасьці начальніка Слонімскага павету удзельнічаў у бітве пад Мілавідамі, памёр ад сухотаў у Парыжы.
Яны, на маю думку, і зьяўляюцца імавернымі кандыдатамі на аўтарства «літоўскага» выпуску «Мужыцкай праўды». Але гэта маглі быць і іншыя людзі. Пра што сьведчыць яшчэ адно заключэньне графоляга, пра якое гаворка пойдзе далей.
Аўтарства дакумэнтаў, нядаўна знойдзеных Алесем Смаленчуком
Прызначанага на 16 жніўня прыёму ў графоляга я чакаў тыдзень.
Так сталася, што за дзень да гэтага гісторык Алесь Смалянчук апублікаваў старонкі яшчэ двух беларускіх тэкстаў ХІХ стагодзьдзя — «Каімшчыны на Літве і Белайрусі» і рукапісу бяз назвы, які зьяўляецца чарнавіком звароту да Папы Рымскага з апісаньнем перасьледу Ўніяцкай царквы. Гэтыя тэксты былі знойдзеныя разам з асабістымі рэчамі Кастуся Каліноўскага, а значыць, маглі паходзіць зь яго асабістага архіву ці з архіву рэдакцыі «Мужыцкай праўды». Іх я таксама захапіў з сабой да графоляга.
Разам з трэцяй часткай «Лістоў з-пад шыбеніцы» і старонкай «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды» рукапісаў для аналізу, такім чынам, было чатыры.
Графоляг упэўнена адзначыла ў сваім заключэньні, што ўсе чатыры дакумэнты напісаныя (увага!) рознымі асобамі.
Паводле Надзі Зікмундавай, рукапіс «Каімшчыны на Літве і Белайрусі» можа быць варыянтам створанага раней іншай асобай тэксту, начыста перапісанага сакратаром ці пісарам.
Мае высновы
Гэтыя надзвычай важныя заключэньні графоляга паказваюць на тое, што вакол Кастуся Каліноўскага існавала цэлае кола беларускамоўных аўтараў.
А гэта, у сваю чаргу, сьведчыць, што група Каліноўскага сапраўды стаяла ля вытокаў беларускай нацыянальнай палітычнай гісторыі.
Ідэя Беларусі — як асобнай краіны пад такой назвай — палітычна нарадзілася менавіта тады.