- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Каляндар 2021 складзены з папярэдніх, больш як двух дзясяткаў календароў, якія пабачылі свет на працягу 2001 - 2021 гадоў. Усе яны аб’яднаныя тэмай беларускага маляўнічага свету, найперш краявіду, яго прыроднага багацця і раснастайнасці: палёў, лясоў, паветраных даляў, водных крыніц. Гэта радасць і стымул жыцця, адвечны скарб, наша біялагічная і духоўная спадчына. Падстава і час заснавання каляндарнай традыцыі гістарычна ўнікальныя - сумежжа стагоддзяў, ХХ і ХХІ-га, імкненне ўвайсці ў дзверы будучыні праз сімвалічную годную арку. А што як не прырода ёсць самай лепшай аздобай будучыні, хіба не яна найпраўдзівы гарант прывабнай і вольнай краіны! На гэты - прыродна-пазнавальны і культурны - напрамак будучых выданняў ахвотна пагадзіўся генеральны дырэктар ААТ “Мінскводбуд” Сцяпан Паўловіч. Дзякуючы яму і калектыву прадпрыемства, якое ўзяло на сябе фінансавую частку праекта, выдадзены розныя календары экалагічнага зместу. Надалей, падчас эканамічных цяжкасцяў, выжыванню праекта паспрыяла талака: наклад друкаваўся з папярэдняга попыту і адпаведнага ўнёску будучых карыстальнікаў. На замову талакі зладжаны і каляндар 2021.