Kamunikat.shop альбо шоп ад Камуніката ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве
2026-04-28 21:25
У Варшаве пачынае працу кнігарня Kamunikat.shop. Месца ўзнікае дзякуючы супрацоўніцтву Фонду Камунікат, які вядзе інтэрнэт-бібліятэку і займаецца выдавецкай дзейнасцю з Цэнтрам Беларускай Салідарнасці. У кнігарні будуць прадавацца не толькі кнігі Камуніката, але таксама іншых беларускіх выдавецтваў, якія працуюць у замежжы. Пра падрабязнасці для перадычы «Пад знакам Пагоні» ў эфіры Радыё Беласток расказаў кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.
—
Камунікат доўгі час працаваў выключна як інтэрнэт-бібліятэка. І гэтая інтэрнэт-бібліятэка ў мінулым годзе адзначыла 2
5-годдзе. У 2021 годзе мы пачалі таксама друкаваць кнігі, пачынаючы з рамана
Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». За гэты час мы выдалі больш за
70 беларускіх кніг у папяровай форме — гэта і мастацкая літаратура, і гістарычная, і кнігі для дзяцей, і нон-фікшн. Частка кніг — новыя, частка — перавыданні.
І цяпер настаў момант, калі пасля продажаў у інтэрнэце, на розных кірмашах і аўтарскіх сустрэчах, мы вырашылі
адкрыць стацыянарную кропку ў Варшаве. Там сапраўды вельмі шмат беларусаў, і разам з Цэнтрам Беларускай Салідарнасці мы вырашылі, што кнігарня будзе менавіта ў іх сядзібе.
Яна будзе называцца
«Kamunikat.shop», і там будуць прадавацца кнігі не толькі выдавецтва
Камунікат, але і іншых беларускіх выдавецтваў, якія працуюць за мяжой. Складана сказаць, калі мы дасягнем стану, што там будуць прадстаўлены ўсе — бо такіх выдавецтваў ужо больш за 20 — але асноўныя з іх будуць даступныя ад разу для ўсіх ахвотных
па адрасе ul. Oleandrów 6 у Варшаве. Гэта недалёка метро «Палітэхніка», літаральна тры хвіліны пешшу.
Гэта тое, што будзе дакладна з заўтра. Паступова мы будзем пашыраць асартымент кнігамі іншых беларускіх выдавецтваў. На дадзены момант
у нас будзе больш за 500 назваў беларускіх кніг.
— Калі інтэрнэт-бібліятэку можна адкрыць у любы час, як будзе працаваць кнігарня ў Варшаве?— Гэта стане дакладна вядома ўжо заўтра, бо будзе прызначаная асоба, адказная за кантакт з пакупнікамі і продаж кніг. Але ўжо цяпер можна сказаць, што кнігарня будзе працаваць у пасляабедзенныя гадзіны з аўторка да пятніцы. Паколькі
Цэнтр Беларускай Салідарнасці праводзіць шмат сваіх імпрэз у суботу — розныя майстар-класы, заняткі для дзяцей — у суботу кнігарня, магчыма, будзе працаваць нават восем гадзін.
Так што кожны, хто захоча набыць беларускую кнігу, знойдзе час, каб прыйсці і яе купіць.
— Якія кнігі вы цяпер можаце параіць чытачам? Якія навінкі?— Пра навінкі магу казаць толькі ад
«Kamunikat». Нядаўна, на Беластоцкім кніжным кірмашы, мы выдалі кнігу
«Незавершанасьць» Алеся Лукашука — былога кіраўніка беларускай службы
«Радыё Свабода». Гэта паэтычная, крыху філасофская кніга, кніга пра філасофію жыцця.
Будуць і навінкі іншых выдавецтваў — кожны, хто прыйдзе ў кнігарню, атрымае інфармацыю пра іх.
Асабліва я б цяпер рэкамендаваў кнігу паэзіі
Насты Кудасавай «Лірыка». Яна выйшла ў лютым у серыі
«Паэты планеты». Раней у гэтай серыі друкаваліся толькі мужчыны, а тут — паэтка. На мой погляд, адна з найлепшых прадстаўніц маладога пакалення беларускіх літаратараў.
Мы толькі што вярнуліся з туру з Настай — былі ў
Беластоку, Вільні, Рызе, Таліне — і ўсюды кніга і сама аўтарка выклікалі вялікую цікавасць. Людзі слухалі вершы, і часам аж дрыжыкі праходзілі. Таму гэтую кнігу я асабліва раю.
— Ці плануюцца далейшыя паездкі?— Камунікат у мінулыя гады разам з
Уладзімірам Арловым наведаў
15 еўрапейскіх краін. Мы сапраўды шмат ездзім на сустрэчы і заўсёды бярэм з сабой увесь асартымент кніг.
Найбліжэйшая падзея — гэта, канешне,
адкрыццё кнігарні ў Варшаве, куды ўжо дастаўлены ўсе кнігі. Потым —
Варшаўскі кніжны кірмаш, які сёлета адбудзецца
27–31 мая на
Нацыянальным стадыёне. Гэта будзе вялікая імпрэза з удзелам Нобелеўскага лаўрэата
Алеся Бяляцкага.
Таксама крыху раней, бо 15 мая, разам з
Уладзімірам Арловым мы паедзем у Вроцлаў, дзе будзем прэзентаваць кнігу
«Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. На жаль, не магу гарантаваць, што яна будзе даступная ў
кнігарні на Oleandrów 6 у Варшаве — наклад ужо амаль вычарпаны, засталіся толькі асобнікі для прэзентацыі ва Уроцлаве.