“Камунікат” выдаў квэст пра Лі Харві Освальда
2025-10-29 17:38
Выдавецкая серыя фундацыі «Kamunikat.org» папоўнілася новай кнігай Аляксандра Лукашука «Гульня ў Освальда».
Жанр кнігі аўтар пазначае як квэст. Квест (ад лац. quaerere ‘шукаць’) — доўгія пошукі нечага, што цяжка знайсці або дасягнуць, напрыклад, шчасця ці праўды. Час і прастора Лі Харві Освальда ў Мінску ў калекцыі дакументаў КДБ Беларусі і Камісіі Уорэна ЗША, успамінах сяброў і жонкі, варыяцыях літаратуры, геймінгу і лепідаптэралогіі.
Ілюстрацыі паводле матэрыялаў Нацыянальнага архіва ЗША, архіва Камісіі Прэзідэнта па расследaванні забойства прэзідэнта Кенэдзі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Радыё Свабода, адкрытых публічных крыніц і аўтарскіх здымкаў.
Пра аўтара:
Аляксандр Лукашук (нар. 1955, Брэст) — журналіст, пісьменік і перакладчык. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1977). Працаваў перакладчыкам, журналістам, рэдактарам. У 1990–1992 гадах галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь». З 1993 г. на Радыё Свабода, у 1998-2023 гг. — дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода. У 2004 — 2005 гг. дырэктар Радыё «Свабодны Афганістан», у 2007 — 2008 — выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа. Стыпендыят Гуверскага інстытута (Стэнфардскі ўніверсітэт, Каліфорнія, 2000).
Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча 2018 за стварэнне кніжнай серыі «Бібліятэка Свабоды», а таксама за выданне кніг «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «Сьлед матылька: Освальд у Менску».