«Кантроль за нафтай і газам належыць сям’і Назарбаева». Чаму казахі выйшлі на пратэсты
2022-01-05 15:42
У некалькіх гарадах Казахстана чацьвёртыя суткі ідуць маштабныя пратэсты. Спачатку жыхары выйшлі на вуліцы праз павышэньне цэнаў на звадкаваны газ больш як у 1,5 раза (з 70 да 120 тэнге за літар), аднак паступова іх патрабаваньні набываюць усё больш палітычны характар.
Яны заклікаюць выкараніць карупцыю і кумаўство, пачаць будаўніцтва фабрык і заводаў, скараціць беспрацоўе. Людзі таксама скандуюць «Стары, сыходзь!»: гэты лёзунг часта гучыць на мітынгах у адносінах да Нурсултана Назарбаева. Некалькі чалавек выйшлі на вуліцу з банэрам «Без Назарбаевых!»
Спрабуючы пагасіць пратэсты, улады Казахстана ўжо абʼявілі аб зьніжэньні цэн на газ больш чым удвая, урад краіны падаў у адстаўку. Адначасова прэзыдэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў заклікаў удзельнікаў пратэстаў «не прытрымлівацца заклікаў дэструктыўных асобаў», якія нібыта зацікаўлены «ў падрыве стабільнасьці і адзінства нашага грамадзтва».
Кіраўнік фонду Liberty Галым Агелеулаў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» падкрэсьлівае, што за рэзкім павышэньнем цэнаў на газ стаяць інтарэсы кіроўных эліт Казахстану, перш за ўсё сямʼі першага прэзыдэнта краіны Нурсултана Назарбаева. Аднак стомленыя двухгадовым «ковідным» эканамічным крызісам спажыўцы ня могуць і не жадаюць плаціць за газ больш (у Казахстане ён выкарыстоўваецца ня толькі для апалу, але і ў аўтамабілях).
«Народ у Казахстане стаміўся ад аўтарытарнага праўленьня, якое ня лічыцца з грамадзянскай супольнасьцю, не дае менавіта грамадзянам краіны рэалізаваць сваё права на кіраваньне краінай. Яно проста душыць грамадзянскія ініцыятывы, — тлумачыць Галым Агелеулаў. — Таму што цяперашняй уладзе не патрэбна грамадзянская нацыя. Ім патрэбны залежныя падданыя, якія проста працуюць у іх нафтавых кампаніях і абслугоўваюць эліту».
«Насамрэч цяперашнія ўлады выдатна могуць зьнізіць цэны на газ, таму што ўсё ў іх руках. Кантроль за нафтай і газам у Казахстане належыць сямʼі Нурсултана Назарбаева: гэта муж ягонай сярэдняй дачкі Цімур Кулібаеў, гэта меркаваны муж старэйшай дачкі Назарбаева Дарыгі Кайрат Шарып», — падкрэсьлівае палітоляг.
Агелеулаў мяркуе, што рост цэнаў на газ для спажыўцоў у Казахстане, пэўна, адбыўся праз тое, што кампаніі, якія кантралююць Шарыпбаеў і Кулібаеў, прадаюць газ за наяўныя грошы на Арэнбурскі газаперапрацоўчы завод у Расеі. Ён падкрэсьлівае, што з продажу гэтага газу ня плацяцца падаткі ў Казахстане.
«Сума складае ў раёне $750-850 мільёнаў, пра гэта гаварыў унук прэзыдэнта Назарбаева. Адпаведна, усе гэтыя адкаты ідуць за кошт зьніжэньня паступленьняў у бюджэт Казахстану, якія ён павінен быў атрымліваць за кошт продажу казахстанскага газу», — адзначае экспэрт.
«Актыўных лідэраў адразу ж затрымалі»
Палітоляг асобна падкрэсьлівае, што сёлетні пратэст у Казахстане ня мае яўнага лідэра, і кажа, што ў многіх гарадах пратэстоўцы выступаюць калектыўна. Іх настроі ніхто не падаграе «звонку», як гэта спрабуе прадставіць Такаеў і іншыя прадстаўнікі ўлады.
«Актыўных лідэраў адразу ж затрымалі, як гэта адбылося ў Атыраў з Максам Бакаевым, які карыстаецца падтрымкай. Але ў Жанаазэне няма яўнага лідэра, там людзі выступаюць калектыўна і не вылучаюць каго-небудзь у лідэры, таму што ведаюць, што будуць рэпрэсіі. Вядома, за трыццаць гадоў пласт публічных лідэраў грамадзянскай супольнасьці ў Казахстане актыўна зьнішчаўся ўладамі: я маю на ўвазе людзей, якія публічна выступаюць за палітычныя рэформы, за дэмакратызацыю», — кажа Галым Агелеулаў.
Пратэсты ў Казахстане
Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі.
Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, прыкладам, у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
Надзвычайнае становішча ўвялі ў сталіцы краіны Нур-Султане, Алмацінскай і Мангыстаўскай абласьцях да 19 студзеня. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час з 23:00 да 7:00.
5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, таксама захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю ў Алматы, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі будынак тэлеканала «Мир24» і спрабавалі выйсьці ў жывы эфір.
5 студзеня ў Алматы, а потым і ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт.
Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі. Найменшы супраціў відаць у паўночных рэгіёнах краіны, якія мяжуюць з Расеяй.
У першыя дні пратэстаў затрымалі каля 200 чалавек, каля 200 пацярпелых зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу.