- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пра масавыя рэпрэсіі напісана нямала. Асаблівую цікавасьць да гэтых трагічных старонак гісторыі тлумачыцца перш за ўсё імкненьнем выкрыць таталітарызм у мінулым і будучым, не дапусьціць ягонага рэцыдыву. Прачыніліся архівы, паступова павялічваецца сьпіс дасьледчых работ на гэтую праблему, і ўсё больш зьяўляецца спакусаў казаць: «Усё зразумела!», «Усё вядома!». Дакумэнты, якія прадстаўленыя ў гэтай кнізе, дазваляюць аспрэчыць спрошчаныя на сёньня стэрэатыпы, удакладніць некаторыя ацэнкі, а значыць, больш яскрава ўявіць адзін з самых складаных і трагічных пэрыядаў нашай гісторыі. Гэтая кніга складзеная з дакумэнтаў, бюракратычных паводле паходжаньня й характару, напісаных канцылярскай мовай. Яны раскрываюць мэханізм рэпрэсіяў і канкрэтныя спосабы іх ажыцьцяўленьня, якія характарызуюць структуру і прынцыпы дзеяньня дзяржаўнай машыны, што стваралася для арганізацыі катаржнай працы й зьнішчэньня людзей у масавых маштабах. У кнізе даецца аналіз стварэньня і функцыянаваньня рэпрэсіўнай сыстэмы на тэрыторыі СССР у пэрыяд з 1920 да пачатку 1950-х гадоў. Сярод дакумэнтаў, што публікуюцца ў гэтай кнізе, — дырэктывы, пастановы, загады, дырэктыўныя лісты, дакладныя запіскі і справаздачы ОГПУ-НКВД-МГБ, рашэньні ВКП(б), СНК і ВЦВК СССР. У спэцыяльны разьдзел выдзеленыя ўспаміны ўраджэнцаў Беларусі, якія прайшлі празь пекла сталінскіх канцэнтрацыйных лягераў. Большасьць дакумэнтаў друкуецца ўпершыню.