Капернік і Скарына вучыліся ў адных і тых жа універсітэтах: цяпер пра гэта выходзяць кнігі
2024-01-11 22:42
Праўда, трэба адзначыць, што не ўсе студэнты з Польшчы, пра якіх сёння нагадваюць іх гербы, скончылі італьянскі ўніверсітэт, атрымалі дыплом. Затое некаторыя з іх займалі пасады ў Падуанскім універсітэце — да прарэктара і рэктара, як у выпадку Яна Замойскага, рэктара правазнаўцаў.
Дарэчы, размеркаванне гербаў на сценах не было выпадковым. Яны адпавядалі структуры ўніверсітэта таго ці іншага года. Такім чынам, ад герба рэктара ці прарэктара адыходзяць своеасаблівыя адгалінаванні — гербы асоб, звязаных з кіраўніцтвам навучальнай установы, якія належалі да ўніверсітэцкай адміністрацыі.
Гэтыя гербы сведчаць аб тым, што тая ці іншая асоба навучалася ва ўніверсітэце, завяршыла дактарантуру па правазнаўстве або па медыцыне.
Аднак некаторыя не заканчвалі навучанне. Здаралася, што Падуанскі ўніверсітэт толькі ляжаў па шляху ў іншы ўніверсітэт. У той час было модным падарожжа па ўніверсітэтах з калекцыянаваннем пасведчанняў аб тым, што студэнт пабываў на некалькіх лекцыях у таго ці іншага італьянскага прафесара ў адным універсітэце.
Часам таксама атрымлівалі па пратэкцыі пасаду ў Падуанскім універсітэце, а затым, складаючы свае паўнамоцтвы, пераязджалі ў іншую навучальную ўстанову, дзе таксама атрымлівалі адпаведныя пасведчанні.
Ольга Кухарчык дадае, што ў Падуі фактычна было два ўніверсітэты — правазнаўчы і мастацтвазнаўчы. Праўда, у выпадку апошняга гаворка ішла не пра жывапіс ці скульптуру, а пра г.зв. свабодныя навукі — тэалогію, філасофію і медыцыну.
Такім чынам, як ужо было сказана, Капернік таксама атрымаў у Падуі медыцынскую адукацыю. Ольга Кухарчык невыпадкова робіць на гэтым акцэнт.
Ольга Кухарчык: — У Падуі атрымала адукацыю цэлая плеяда выдатных медыкаў, якія затым прыехалі ў Польшчу і пачалі развіваць тут медыцыну. Гэта былі пераважна жыхары Гданьска, а таксама Кракава. Яны перадавалі свой вопыт у Польшчы, атрыманы ад выдатных італьянскіх педагогаў. Так што медыцына на еўрапейскім узроўні прыйшла да нас, у прыватнасці, з Падуі.
Але, вядома, падкрэслівае вучоная, адукацыя такога ўзроўню была ў той час даступна нямногім, а вось мода на яе трымалася доўга.
Ольга Кухарчык: — Спачатку нават нямногім шляхціцам гэта было па кішэні. Гэта ўсё мог сабе дазволіць чалавек з вельмі багатай сям'і. Ды да таго ж, патрэбна была пратэкцыя.
Пачнём з таго, што само падарожжа з Польшчы каштавала вялізарных грошай. Затым — пражыванне ў Італіі: гэта чарговыя расходы. А калі прадстаўнікоў «польскай нацыі» выбіралі на высокія пасады ў Падуанскім універсітэце, то для таго, каб весці свецкі лад жыцця, таксама трэба было мець капітал.
Паколькі Падуя ўваходзіла ў склад Венецыянскай рэспублікі, то адбываліся дзелавыя паездкі ў Венецыю. Таму на ўсе паездкі і іміджавыя мерапрыемствы трэба было спачатку адкласці сродкі.
Больш цікавых фактаў вы знойдзеце ў кнізе Ольгі Кухарчык. Дарэчы, яе даследаванне дапоўнена нарысамі вучонага Франка Бенучы з сучаснага Падуанскага ўніверсітэта і Міраслава Ленарта з Апольскага ўніверсітэта, які кіруе праектам, звязаным з 800-годдзем Падуанскага ўніверсітэта.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё