- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На старонках старых перыядычных выданняў можна знайсці шмат карэспандэнцый з нашага рэгіёна. Апісанні падзей, якія дзесяцігоддзі таму былі навінамі, цяпер з’яўляюцца каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі. Сёння мы зазірнём у “Dziennik Wileński”, №. 33 за 11 лютага 1932 года і згадаем асвячэнне касцёла ў Падсвіллі, якое адбылося роўна дзевяноста гадоў таму на Грамніцы. Але перш крыху ўзгадаем, адкуль узялося Падсвілле. Яшчэ 120 гадоў таму на картах нельга было знайсці населены пункт з такой назвай. У 1902-1906 гадах расійскі ўрад будаваў стратэгічную чыгуначную лінію, якая мела злучыць станцыю Балагое паміж Пецярбургам і Масквой з горадам Седльцы ў Польшчы. Адна са станцый гэтай чыгункі была збудаваная за некалькі кіламетраў ад вёскі Свіла. Шляхам дадання прыстаўкі ўтварылася назва новай станцыі – Падсвілле. Першыя два дзесяцігоддзі Падсвілле было пасёлкам з некалькіх дамоў пры чыгуначнай станцыі. Змены ў жыццё гэтай ваколіцы прыйшлі з польска-савецкай вайной і ўсталяваннем у сакавіку 1921 года паводле Рыжскага міру мяжы паміж Польшчай і СССР. У 1924 годзе для аховы мяжы і ўтрымання бяспекі на памежжы польскія ўлады стварылі Корпус Аховы Памежжа (КАП). Адразу на беразе возера Алоізберг, за два кіламетры ад станцыі Падсвілле, пачалося ўзвядзенне будынкаў гарнізона КАП. У 1925 годзе будаўніцтва вайсковых аб’ектаў скончылі. У Падсвіллі размясцілася камандванне 7 батальёна КАП, які ахоўваў польска-савецкую мяжу.