- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Новапрызначаны кардынал Клаўдыё Гуджэроці падзяліўся сваімі разважаннямі пра міратворчую місію ва Украіне, а таксама ўражаннямі ад урачыстасці з нагоды 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. У інтэрв’ю Vatican News прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў пракаментаваў дыпламатычныя намаганні Святога Пасада на карысць міру ва Украіне. Ён адзначыў, што не ведае падрабязнасцяў місіі кардынала Дзупі, але ўпэўнены ў тым, што яго “майстэрства і ветлівасць крануць сэрцы”. Узгадваючы свой досвед у Беларусі, Украіне і Грузіі, дзе ён быў нунцыем, Гуджэроці папярэдзіў пра складаныя гістарычныя прычыны, якія стаяць за падзеямі ў гэтых рэгіёнах. На яго думку, людзі на Захадзе ў сваіх “спрошчаных” каментарах гэтых падзей часта абмяжоўваюцца сённяшнім днём. “На Усходзе ж, калі вы жадаеце зразумець “сёння”, вы павінны зразумець “учора”, – лічыць іерарх. На яго думку, на Захадзе не адбылося ўсведамлення, глыбокага асэнсавання падзення Савецкага Саюза, новых шляхоў, якія адкрыліся пасля яго распаду, але таксама і трагедый савецкага народа. Падзенне Берлінскай сцяны выклікала вялікі энтузіязм у сувязі са здабытай свабодай, але пры гэтым не ўлічвалася, што людзі страцілі ўсе грошы і былі вымушаныя гадзінамі стаяць у чарзе, каб атрымаць кавалак хлеба.