Кацярына Ваданосава: Мая сям’я зноў уцякала ад гвалту і вайны
2022-03-10 16:08
Госць Рацыі – музыка, паэтка, мастачка, тэлевядоўца Кацярына Ваданосава.
РР: Давай пачнем з апошніх мірных дзён. Ты тады была ў Кіеве. Якая там атмасфера панавала? Была ўжо нейкая напружанасць? Ці ўсе усур’ёз усведамлялі пагрозу?
Кацярына Ваданосава: Насамрэч я не магу казаць за ўсіх, але скажу толькі за сябе і сваё найбліжэйшае атачэнне. Нешта такое ў паветры лётала. Усе пастаянна задавалі пытанне, кшталту, бахне ці не бахне? А калі бахне, то ўласна калі? Але калі я мела кантакты з украінцамі, то ніхто з іх не верыў, што нешта такое пачнецца. Яны да апошняга моманту былі ўпэўненыя, што гэта проста бравада з боку Расеі, што нічога не будзе. Яны прыводзілі такія доказы, кшталту, глядзіце, колькі ў нас нейкіх эканамічных стасункаў, колькі праектаў адкрываецца, колькі фільмаў будзе здымацца бліжэйшым часам. У прынцыпе, нам, беларусам, было даволі дзіўна гэта чуць.
РР: Беларусы гэта ўсведамлялі лепш?
Кацярына Ваданосава: Так. Мне так падаецца, прынамсі. І паколькі мы пастаянна чулі, што вайны не будзе, мы спрабавалі займацца самазаспакаеннем. Вайна, на колькі памятаю, у чацвер пачалася, яшчэ ў панядзелак адкрыліся, напрыклад, у Кіеве курсы «Мова Нанова», на якіх я выступала. Людзі планавалі сваё жыццё. 24 лютага ў майго мужа ўвогуле быў дзень народзінаў. І я памятаю, 23-га думаю, я не паспела купіць падарунак, мне трэба з самай раніцы зрабіць, хуценька. І мае праблемы скасаваліся ў адзін момант. Не трэба было купляць ужо ніякіх падарункаў, трэба было рыхтавацца да хуткага выезду.
РР: Вашая сям’я прачнулася пад выццё сірэнаў?
Кацярына Ваданосава: Нават яшчэ цікавей. Паколькі ў мяне хранічнае бяссонне, то з 2-х ночы я не спала. І бліжэй да 5-ці раніцы я ўжо падумала, што варта сябе неяк прымусіць і хаця б пару гадзінак урваць. Але не паспела, не атрымался. Таму што раўнюсенька ў пяць раніцы пачаліся выбухі. Я не тое, каб ад іх прачнулася. Я іх пачула. Пабудзіла мужа. Ён сказаў: ну ўсё, пачалося. А ў 7 раніцы дзеці ўжо прачнуліся ад паветранай трывогі. На той момант мы не разумелі, што гэта такое. Мы не ведалі, што значыць паветраная трывога. Мы думалі, што гэта сігнал пачатку вайны, штосьці такое з урокаў грамадзянскай абароны ўсплыло.
РР: І што, вы мусілі тады ісці ў бомбасховішча, схавацца там?
Кацярына Ваданосава: На той момант мы нічога не ведалі, мы нічога не ўсведамлялі. Мы толькі ведалі, што калі прыйдзецца спускацца ўніз на вуліцу, то нам абавязкова трэба ісці па лесвіцы, бо ў любы момант могуць адключыць электрычнасць. Таксама пачалі аўтаматычна набіраць ваду ў пластыкавыя бутлі. Таму што невядома што далей будзе з вадой. Пачалі збірацца, але гэта было настолькі хаатычна, бо я не спаўшая, не ўсведамляючы, што адбываецца, ты ходзіш па кватэры і разумееш: гэта ты не можаш узяць, гэта ты не можаш узяць, і ўвогуле праблематычна выехаць, таму што машыны ў нас няма. Вокны ў нас выходзілі на трасу, і я бачу, што спачатку там едзе адна машына ў пяць раніцы, потым дзве, потым дзесяць, потым сто, і ўжо ў сем раніцы ўся траса ўжо запружаная машынамі так, што яны не едуць, а проста стаяць. І мы разумеем, калі мы зараз вельмі-вельмі захочам эвакуявацца, то ў нас гэта не атрымаецца, таму што ў нас няма сродкаў для гэтага, няма магчымасцяў. Але потым пашанцавала. Мой калега ехаў у бок Львова і ён узяў нас у сваю машыну. Ён ехаў са сваёй дзяўчынай, а мы ўчацвярох селі ззаду. З сабой мы ўзялі змену адзення, прадметы гігіены, я ўзяла свае 6 кніжачак па вышыўцы і дачка мая ўзяла сваю скрыпку.
РР: Як вашыя дзеці ўспрынялі гэтыя падзеі?
Кацярына Ваданосава: Надзвычай стойка. У мяне ўвогуле дзеці вельмі гераічныя, вельмі стойкія. Можа яны загартаваліся з нашых часоў выезду з Менску. Па сутнасці мая сям’я адкацілася да таго моманту, у якім мы знаходзіліся ў жніўні 2021 года, калі мы выязджалі з Менску. Тады мы выязджалі без нічога. І яшчэ раз мы выязджаем без нічога. Досвед ёсць. З аднаго боку гэта прасцей. Таму што мы ведаем, што не ўсё так страшна. З іншага боку, калі з Менску мы маглі штосьці замовіць поштай, перасылкай, то зараз ужо з Кіева ніяк. І зараз мы знаходзімся ў жытле нумар 7. Гэта былі не толькі кватэры…
З Кацярынай Ваданосавай размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя