Кацярына Ваданосава: Строй паўстанкі — пярліна маёй калекцыі для публікі, хаця працы там не так і шмат
2024-09-05 15:30
У чацвер, 5 верасня, адкрываецца выстава гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў у Музеі сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцу на Падляшшы. Паразмаўляла з аўтаркай работ Кацярынай Ваданосавай — як ствараюцца гістарычныя строі і колькі гэта каштуе.
— Я жыву ў Беластоку. Тут дзейнічае арганізацыя Цэнтр беларускай культуры, гэта арганізацыя не беларусаў-эмігрантаў, а тутэйшых, падляшскіх беларусаў. Мы ўсялякімі спосабамі спрабуем намацаць кропкі судакранання і рабіць нешта разам. Цэнтру беларускай культуры прыйшла ідэя, што варта арганізаваць выстаўку маіх строяў. І я за гэта ім вельмі ўдзячная, бо ні адна эмігранцкая пляцоўка не змагла гэтага зрабіць — банальна бракуе сродкаў, сувязяў.
У Цэнтра беларускай культуры добрыя сувязі з Музеем сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцу. Я спачатку думала, што там нейкая сялянская хатка, але, калі прыехала на агледзіны, была ў шоку ад абсталявання, плошчы, асноўнай выставачная залі, палаца, тэрыторыі, скансэна, кампутарызаваных фондаў. Калі я гэта ўсё пабачыла, то падумала, што мне пашанцавала.
— Ці звярталіся вы, напрыклад, у Музей вольнай Беларусі ў Варшаве, у іх ёсць плошча?
— Так. Але няма сродкаў на арганізацыю маёй выстаўкі. Справа ў тым, што адно – зрабіць выставу карцін ці фатаграфій, а іншая — выставу строяў. Для гэтага патрэбныя манекены, галовы ад манекенаў. Я са свайго заробку раз на месяц набывала адзін манекен, самы танны. Але мае рэсурсы не бязмежныя. Я сама магла б экспанаваць сама толькі восем строяў, бо маю столькі манекенаў, і з іх толькі тры будуць з галовамі. Я разлічвала на дапамогу ў матэрыяльным плане арганізацыі выставы – мне бракуе сродкаў на набыццё манекенаў, ды і захоўваць іх няма дзе.
На выставе будзе прадстаўлена 14 строяў — гэта гістарычныя, традыцыйныя строі. Яшчэ ёсць два дзіцячыя строі, яны будуць выконваць ролю фотазоны, будзе яшчэ мая ткацкая рама з адпаведнымі прыладамі працы.
Кожны манекен будзе суправаджацца вялікім інфармацыйным шчытом з апісаннем строя. Таксама будзе мастацкая гісторыя: я спрабавала ўявіць, якая жанчына насіла гэты строй, хто яна, што ў яе галаве. Падрыхтаваны каталог выстаўкі на 60 з нечым старонак. Яго можна будзе набыць.
Калінкавіцкі строй /facebook.com/KaciarynaVadanosava
Я не магу сказаць дакладна, колькі часу агулам стварэнне гэтых строяў заняло. Адзін са строяў, напрыклад, прыехаў да мяне з Беларусі, я рабіла яго яшчэ 10 гадоў таму. Нешта рабіла ўжо тут, у Беластоку, нешта ў Кіеве. Магу сказаць, што на стварэнне жаночага чорнага строю ХІХ стагоддзя з крыналінамі-панталонамі ў мяне сышло ўсяго пару месяцаў. Там не так шмат вышыўкі, як, напрыклад, на традыцыйным беларускім строі. Так, там шмат тканіны, падрыхтоўкі, працы з дакументамі, крыніцамі. Але працы рукамі — на пару месяцаў. А вось Калінкавіцкі традыцыйны строй – гэта працы месяцаў на дзевяць, бо толькі вышыўка кашулі заняла шэсць месяцаў. Усё вельмі адносна.
Кацярына Ваданосава сказала што для музея ацаніла ўласную калекцыю ў 16 тысяч долараў.
Цехановец (Ciechanowiec) знаходзіцца ад Варшавы не так і далёка, усяго каля 140 км.
Музей сельскай гаспадаркі працуе ў выходныя дні.
Я не магу сказаць дакладна, колькі часу агулам стварэнне гэтых строяў заняло. Адзін са строяў, напрыклад, прыехаў да мяне з Беларусі, я рабіла яго яшчэ 10 гадоў таму. Нешта рабіла ўжо тут, у Беластоку, нешта ў Кіеве. Магу сказаць, што на стварэнне жаночага чорнага строю ХІХ стагоддзя з крыналінамі-панталонамі ў мяне сышло ўсяго пару месяцаў. Там не так шмат вышыўкі, як, напрыклад, на традыцыйным беларускім строі. Так, там шмат тканіны, падрыхтоўкі, працы з дакументамі, крыніцамі. Але працы рукамі — на пару месяцаў. А вось Калінкавіцкі традыцыйны строй – гэта працы месяцаў на дзевяць, бо толькі вышыўка кашулі заняла шэсць месяцаў. Усё вельмі адносна.
Кацярына Ваданосава сказала што для музея ацаніла ўласную калекцыю ў 16 тысяч долараў.
Цехановец (Ciechanowiec) знаходзіцца ад Варшавы не так і далёка, усяго каля 140 км. Музей сельскай гаспадаркі працуе ў выходныя дні.
Строй шляхцянкі часоў паўстання 1863—1864 гг../facebook.com/KaciarynaVadanosava
Слухайце размову цалкам у далучаным файле!
ВХ