Бліскучы сатырычны раман Севярына Квяткоўскага «Каларадская пушча», які ўпершыню быў выдадзены ў 2019 годзе, цяпер можна паслухаць у аўдыё фармаце. З гэтай нагоды паразмаўлялі з аўтарам пра прорву між жыхарамі «Менска» і «Горада Героя», перспектыву Трэцяй сусветнай вайны і тое, чаму дыялогі з ворагамі бессэнсоўныя.
«Зараз нашая краіна пад панаваннем "жукоў"»
— Спадар Севярын, сёння чытачам «Каларадскай пушчы» абсалютна відавочна, што раман атрымаўся прароцкім. Скажыце, ці адчуваеце вы сябе прарокам ці прынамсі «бачуном», як ваш герой Дзікун, што так дакладна прадчуваў небяспеку?
— Насамрэч я прыдумаў тэрмін «бачун», таму што і сам з дзяцінства бачыў пэўныя рэчы. Не хочацца спойлерыць для новых чытачоў ці слухачоў, але калі я пісаў канцоўку «Каларадскай пушчы», інтуітыўна адчуваў, што Трэцяя сусветная вайна будзе. Хаця тады, у 2019-м, ніхто не мог чакаць, што перспектыва гэтай вайны так хутка стане такой блізкай.
Таму, з аднаго боку, мне як аўтару, вядома, прыемна, што не толькі фантазія, але і інтуіцыя спрацавала як след. З іншага боку, лепш бы яно і заставалася на ўзроўні фантазіі, а не ўвасаблялася ў жыцці.
«Каларадская пушча» – гэта гісторыя апошняй чвэрці стагодзя ў Беларусі і працэсаў, якія адбываліся ў нашай краіне. Але штосьці мне сапраўды ўдалося прадказаць – напрыклад, эпідэмію. Дакладней, у рамане замест эпідэміі паводка, але так ці інакш Беларусь у 2020 годзе апынулася цалкам ізаляванай краінай, якая жыла па сваіх правілах.
Некаторыя рэчы я не тое што прадбачыў, хутчэй убачыў наўпрост – як падзел на «Менск» і на «Горад Герой», на «менчукоў» і «жукоў». Вядома, гэта актуальна не толькі для Мінска, але для ўсяго беларускага грамадства. Светапоглядны, каштоўнасны падзел адбыўся вельмі моцны, усё апынулася падзеленым на чорнае і белае, паўтаноў вельмі мала.
Зараз наша краіна пад панаваннем гэтых «жукоў» (так я іх назваў у рамане, зараз мы іх называем ябацькамі).
Візуальна я заўважыў гэты падзел яшчэ тады, калі ў цэнтры Мінска, ля Ратушы, ладзілі джазавыя вечары з адпаведнай публікай. У той жа час каля Палацу спорту былі танная гарэлка, чабурэкі і гэтак далей. Я трымаў гэты вобраз у галаве, калі пісаў «Каларадскую пушчу».
— Што новага вы зразумелі пра свой жа твор, калі чыталі яго ўслых, працуючы над аўдыякнігай?
— У рамане я шмат чаго закадаваў, пакінуў пасхалкі для аматараў разгадвання квэстаў. Працуючы над агучкай, я ўбачыў, што шмат якія рэчы ў «Каларадскай пушчы» будуць зразумелыя толькі мінчукам, а некаторыя – толькі беларусам, абазнаным у грамадска-палітычных працэсах. Таму я пачаў працу над гідам па гэтай кнізе. Думаю, гэта будзе цікавы паралельны твор, самастойная рэч.
Распрацоўваючы структуру рамана, я арыентаваўся на «Гарганцюа і Пантагрюэль» Франсуа Рабле – твор XVI стагоддзя. Калі я ўпершыню чытаў Рабле, скажу шчыра, нічога не зразумеў, але мне падабалася адчуванне прысутнасці магіі падарожжа. А калі ўжо пачаў чытаць каментары спецыялістаў да рамана, дык проста захапіўся. Магчыма, гід будзе выконваць функцыю падобных каментароў.
Гэта будзе твор для людзей, у якіх зараз няма часу і жадання паглыбляцца ў мастацкую літаратуру, якім патрэбна больш канкрэтная інфармацыя. Гэта літаратура фактаў.
Аўдыякнігі зараз карыстаюцца вялікім попытам, таму што гэта проста зручна. Ты вядзеш машыну ці едзеш у транспарце, прыбіраеш у хаце ці чысціш бульбу на дранікі – і паралельна можаш штосьці слухаць.