Хацела быць адвакатам, удзельнічала ў «Голасе». Хто такая Мерыем Гера, якая сьпявала на Зыбіцкай «Океан Ельзи»?
2022-08-06 13:32
Вялікая імавернасьць, што яна затрыманая. Прапагандысцкія тэлеграм-каналы абурыліся таму, што 3 жніўня ля бара «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Менску маладая сьпявачка выконвала па-ўкраінску песьню гурту «Океан Ельзи».
Мерапрыемства яны назвалі «бчб-шным шабашам», а выканаўцу Мерыем Геру — «змагарскай сьпявачкай ртом».
«І вось гэта спакойна выступае ў самым цэнтры Менску. У 2022 годзе. Напярэдадні гадавіны мяцяжу», — пісаў іншы тэлеграм-канал.
У рэальнасьці Мерыем Гера выканала па-ўкраінску зусім непалітычную песьню гурту «Океан Ельзи» «Обійми». Гурт неаднаразова выступаў у Беларусі, яго запрашалі на буйныя фэстывалі, і ніхто ня бачыў у гэтым ніякай праблемы.
5 жніўня выканаўца перастала выходзіць на сувязь. Блізкі да сілавых структур тэлеграм-канал паведаміў, што Мерыем была даўно ў полі зроку сілавых структур. Асабліва яе грашовыя пераводы, бо дзяўчына рабіла ахвяраваньне на набыцьцё Ўкраінай бесьпілётніка «Байрактар».
«Вы ўяўляеце? У цэнтры Менску зьбірала грошы на патрэбу УСУ», — напісалі яны. Дадаткам ішлі скрыншоты, хутчэй за ўсё, з тэлефона сьпявачкі, але пра затрыманьне так і не паведамілі.
Хто такая Мерыем Гера? Ёй 28 гадоў, родам зь Менску. Гера — гэта творчы псэўданім, сапраўднае яе прозьвішча — Герасіменка. Вучылася ў музычнай школе, але лічыла гэта сваім хобі. Проста тэлефанавала сама ва ўсе рэстараны Менску, каб там выступаць. Гэткім чынам хацела дапамагчы сям’і з грашыма.
Бацька Мерыем — араб, мама — беларуска. Бацька памёр, калі дзяўчыне было 16 гадоў, вялікую частку выступаў яна прысьвячае менавіта яму. Выступала ў юнацкай зборнай Беларусі па валейболе.
Вучылася спачатку ў юрыдычным каледжы, а пасьля паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Марыла пра кар’еру юрыста, але расказвала, што яшчэ падчас вучобы да іх прыйшоў пракурор, які сказаў, што з такой зьнешнасьцю ня раіць ёй працу ў органах.
У 2018 годзе ўдзельнічала ва ўкраінскім шоў «Голас краіны», у адборы дзяўчыну падтрымалі адразу трое сябраў журы. Яна сьпявала песьню Human выканаўцы Rag’n’Bone Man. У асноўнай частцы яна трапіла ў каманду да пераможцы «Эўрабачаньня» Джамалы.
«Вельмі блізкая нам у Беларусі Ўкраіна, мы, можна сказаць, браты», — казала яна ў адным з інтэрвію.
Таксама брала ўдзел у расейскім праекце «Песни на ТНТ» і беларускім «Главная сцена». Была заснавальніцай музычнай школы Music Space у Менску.