Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя — спявачка і заснавальніца беларускай анлайн-школы Настасся Шпакоўская. З ёй пра новую дзёрзкую песню, а таксама пра адраджэнне гурта “Нака”, які не збіраўся поўным складам чатыры гады, размаўляе наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.
РР: Давайце нагадаем нашым слухачам, як даўно свет не бачыў новых песняў, новых кліпаў гурта «Нака».
Настасся Шпакоўская: Насамрэч з таго моманту ў жніўні 2020 года. 24 жніўня я з дзецьмі з’ехала з Беларусі, гурт не збіраўся поўным складам ужо амаль чатыры гады. Мы выдавалі дзве песні, але гэта былі электрычныя песні, таму што гурт не мог сабрацца поўным складам па зразумелых прычынах. І выступалі мы толькі ў складзе на акампіяна ў акустыцы і таксама не мелі мажлівасці збірацца поўным складам. І зараз вось аб’ядналіся з маімі беларускімі музыкамі, якія зараз жывуць у Польшчы і распачалі такі новы перыяд існавання гурта «Нака».
РР: Распачалі з такой эмацыйнай песні, як мне падалося, нават з надрывам такім. Што падштурхнула да напісання менавіта такой музыкі і менавіта такога тэксту?
Настасся Шпакоўская: Песня напісалася раптоўна, я нават не разлічвала на тое, што такім будзе працяг нашага існавання, але ж наша штодзённае жыццё, нашы інфармацыйныя абставіны, у якіх мы апынуліся, здаецца, што ўсё тое, што адбываецца вакол, як я і пісала, гэта і беларускія нашы падзеі, нашы рэвалюцыі, што рабілася і сталася надалей, і тое, што адбываецца вакол вайны, і тое, як гэта вайна працягваецца, і ўсе нашы думкі вакол гэтага неяк так згрупаваліся і атрымаўся такі жорсткі тэкст. Але ж хацелася ў нейкай такой жорсткай, але ў танцавальнай форме данесці свае думкі наконт таго, якое жыццё зараз мы маем.
РР: Ці ёсць вось у гэтай песні нейкі пэўны адрасат, можа гэта лукашэнкаўскі рэжым, можа гэта звычайныя беларусы, якім стала абыякава, можа гэта міжнародная супольнасць, якая неналежным чынам падтрымлівае Украіну?
Настасся Шпакоўская: Нягледзячы на тое, што ў песні, у прыпеве, ёсць зварот да Вовы, мне б не хацелася больш канкрэтызаваць, да якога Вовы, таму што ў мяне ў думках гэта выгляд такога агульнага палітычнага дзеяча, які зараз гуляецца лёсамі людзей, і канкрэтызаваць мне нічога не хацелася б, каб мы думалі пра аднаго Вову ці іншага, ці ўвогуле не пра Вову. Гэта хутчэй мэсэдж да ўсіх нашых кіраўнікоў, якія завялі простых людзей у тое жыццё, якое мы сёння маем.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: з Фэйсбука Анастасіі Шпакоўскай