Хто ў Беларусі за вайну і што на гэта ўплывае? Дыскусія экспэртаў
2022-03-09 20:00
Паводле шэрагу апытаньняў, большасьць расейцаў падтрымліваюць напад Расеі на Ўкраіну. А якое стаўленьне беларусаў? Наколькі на гэта ўплываюць СМІ — беларускія і расейскія? Як зьмянілася ці мяняецца ў сувязі з вайной стаўленьне беларусаў да Расеі і да Пуціна? Ці лічаць беларусы сябе адказнымі за напад на Ўкраіну?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.
Астапеня
Беларускае грамадзтва падзеленае (40:40% ці 35:35%) адносна пытаньня, хто вінаваты ў гэтай вайне. Гэта ў значнай ступені зьвязана з мэдыяспажываньнем: людзі, якія глядзяць тэлевізар, людзі старэйшага ўзросту больш схільныя падтрымліваць ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.
Тыя, хто спажывае інфармацыю праз інтэрнэт і беларускія незалежныя мэдыя, крытычна ставяцца да дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне.
Але што аб’ядноўвае гэтых людзей і што назіралася і ў апытаньнях НІСЭПД з 2014 году — дык гэта нежаданьне, каб Беларусь удзельнічала ў гэтай вайне. Большасьць лічыць, што Беларусь не павінна падтрымліваць ніводзін з бакоў.
Мы яшчэ не апрацавалі цалкам вынікі апошняга апытаньня, але паводле папярэдніх дадзеных мы бачым, што антываенны кансэнсус у Беларусі існуе. Беларусы ня хочуць, каб іх краіна ўдзельнічала ў гэтай вайне, нават у тых формах, у якіх яна ў ёй ужо ўдзельнічае.
Эканоміка трашчыць па швах, і гэта ўжо відавочна адбываецца. Людзі ацэньваюць падзеі з гледзішча — якая ад гэтага карысьць для мяне? У беларусаў, у адрозьненьне ад расейцаў, няма імкненьня да значнага зьнешняга ўплыву сваёй дзяржавы.
Мой прагноз — будзе зьніжацца падтрымка ў Беларусі Пуціна. Ці будзе зьніжацца падтрымка саюзу з Расеяй — пакуль казаць рана. Беларусы бачаць у Расеі ня толькі Пуціна, але і тых людзей, якія выступаюць супраць Пуціна, супраць вайны.
Пагаршэньне стаўленьня да Пуціна выкліча зьмяншэньне ўплыву ў Беларусі прарасейскіх палітыкаў. Вобраз «мудрага Пуціна» зьнікне, будзе вобраз жорсткага і крывавага палітыка.
Кепска да Ўкраіны і да Захаду ставіліся толькі 10–15% самых «ядзерных» прыхільнікаў Лукашэнкі. Такіх людзей не паболела. З другога боку спэктру ня тое што вырасла колькасьць людзей, якія спачуваюць Украіне, але інтэнсіўнасьць іх сымпатыяў і спачуваньня павялічваецца.
Актыўная частка беларускага грамадзтва разумее, што ёсьць праблема адказнасьці за напад на Ўкраіну.
Чалавека бамбуюць у Харкаве, ён едзе праз усю Ўкраіну, трапляе ў Польшчу, сустракае там беларуса і чуе ад яго, што ў Беларусі рэжым, які вінаваты ў вайне — баюся, што на таго харкаўчаніна такі аргумэнт не паўзьдзейнічае. Прынамсі, не цяпер.
Мы павінны ўсьведамляць, што гэта наша краіна і мы за яе нясём адказнасьць. Яна палягае ў тым, што мы павінны больш дапамагаць Украіне, калі мы ня можам спыніць яе бамбаваньне з тэрыторыі Беларусі.
Быкоўскі
Адрозьненьні беларускай прапаганды ад расейскай яшчэ захоўваюцца. Важны беларускі прынцып «абы вайны не было» ў беларускай прапагандзе захоўваецца. Вядучы АНТ кажа: Не — вайне, але Расея — міратворца, вайну распальваюць «кіеўская хунта» і ЗША, гэта амэрыканцы ваююць з Расеяй ва Ўкраіне.
Калі не называюць гэта вайной, гэта выглядае крыху інакш для спажыўцоў такой інфармацыі.
У 2014 годзе, калі адбылася анэксія Крыму і забурэньні на ўсходзе Ўкраіны, беларускі рэжым «разбаўляў» расейскую прапаганду. Дзяржаўныя тэлеканалы бралі шмат кантэнту з расейскіх тэлеканалаў, але выключалі намінатыўную функцыю, пазьбягаючы гаварыць, хто з кім ваюе.
Недзе ўвосень летась гэтае «разбаўленьне», пэўная адсутнасьць маркераў зьніклі, украінскія ўлады пачалі называць «хунтаю», «нацыяналістамі», «нацыстамі». Цяпер праводзіцца думка, што там людзей забіваюць нацысты, а расейскае войска іх абараняе. Гаворыцца, што «Ўкраіна адварочваецца ад сьвету». А Лукашэнка спрабуе абараніць простых украінцаў, якіх мы па-ранейшаму любім.
У гэтай сыстэме каардынатаў не ўзьнікае пытаньня пра вайну: мы не вінаватыя, мы за мір, і ёсьць ваенная пагроза Беларусі. Прыводзяцца вырваныя з кантэксту альбо неасьцярожныя выказваньні прадстаўнікоў Украіны, якія кажуць, што могуць на стрэлы зь беларускай тэрыторыі адказваць ударамі па ёй.
Ідзе і дэгуманізацыя праціўнікаў. Рыгор Азаронак актыўна займаўся гэтым адносна пратэстоўцаў, цяпер ён гэта робіць адносна ўкраінцаў. Ён кажа, што яны «ня людзі», «вампіры».
Ня ўсе вераць дзяржаўным мэдыя, але рэха іх пасланьня разыходзіцца. Ёсьць людзі, якія любяць Расею, нават калі ня любяць Лукашэнку, ёсьць людзі, якія кепска ставяцца да выбару Ўкраіны.
Тое, што расейцы ў захопленых гарадах адключаюць украінскае тэлебачаньне і падключаюць сваё, мае абмежаваны плён. Ва Ўкраіне ня надта папулярнае эфірнае тэлебачаньне, многія глядзяць кабэльнае тэлебачаньне, тэлебачаньне праз інтэрнэт. Яны ўсё роўна могуць глядзець праз інтэрнэт украінскае тэлебачаньне, якое супрацьстаіць Расеі.
У Беларусі ў мэдыяманіторынгу мы яшчэ ў жніўні летась заўважылі нарастаньне мілітарызацыі прапаганды.
Я мяркую, што калі беларускіх салдатаў не пашлюць ваяваць ва Ўкраіну, стаўленьне да Расеі істотна ня зьменіцца. Але калі іх туды пашлюць, то стаўленьне да Расеі зьменіцца, і прапаганда тады хутка нічога зрабіць ня зможа, бо людзі будуць успрымаць сытуацыю як асабістую праблему.
Я вывучаю сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, дык некаторыя людзі проста адмаўляюцца прымаць карціну сьвету, дзе Расея бамбуе Кіеў. Яны ня могуць паверыць у гэта. І такім людзям прапаганда кажа, што гэта Ўкраіна сама сябе бамбуе, каб абвінаваціць у гэтым Расею. У сацсетках працуюць і брыгады расейскіх троляў, якія праводзяць меркаваньні, карысныя для Крамля.
Беларускі рэжым асноўную стаўку робіць на традыцыйнае тэлебачаньне. На яго дзяржава выдаткоўвае і больш грошай, чым на іншыя каналы інфармацыі. Але Расея паставіла сваіх спэцыялістаў на беларускі кірунак. І, у адрозьненьне ад «дубовай» беларускай прапаганды, расейская працуе больш эфэктыўна.
Ёсьць эксплюатацыя пачуцьця віны беларусаў, якая робіцца як шэрагам украінскіх аўтараў, гэтак і некаторымі беларускімі. Мне падаецца, што тыя апазыцыйныя гульцы, якія ў гэтым удзельнічаюць, ня маюць рацыі. Але я згодны, што для некаторых пачуцьцё віны стала штуршком для большай актыўнасьці ў дапамозе Ўкраіне.
Дарэчы, беларуская прапаганда вельмі адрозьнівае два тыпы ўцекачоў: тых, хто ўцякае ў Беларусь ці Расею, і тых, хто ўцякае ў Эўропу — у Польшчу, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну.
Вайна Расеі супраць Украіны
А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». Ён сказаў, што ў пляны Расеі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх земляў, і заклікаў украінскіх вайскоўцаў скласьці зброю ды «ісьці дадому».
Расея пачала абстрэлы ўсёй тэрыторыі Ўкраіны. У першы дзень расейцы захапілі востраў Зьмяіны, дзе захапілі ў палон 13 украінскіх памежнікаў.
Усе дні вайны трываюць абстрэлы Кіева з ракет і авіянапады. Расея атакавала Харкаў, Сумы, Чарнігаў і іншыя, але за больш чым 12 дзён актыўных баявых дзеяньняў здолела часткова ўзяць пад кантроль толькі Херсон і Марыюпаль, там адбываюцца акты гвалту і марадэрства.
Перад вайной улады Расеі правялі перамовы з ЗША і NATO аб гарантыях бясьпекі ў Эўропе. Згодна з расейскімі патрабаваньнямі, ЗША не павінны ствараць вайсковыя базы на тэрыторыі краін былога Савецкага Саюзу, якія не ўваходзяць у NATO, а альянс мусіць спыніць пашырэньне на ўсход. У прыватнасьці, Расея выставіла патрабаваньне не прымаць у NATO Ўкраіну. Краіны Захаду катэгарычна адмовілі расейцам па ўсіх пунктах.
10 лютага пачаліся беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы, якія ў выніку скончыліся тым, што расейскія войскі засталіся на тэрыторыі Беларусі, насуперак ранейшым абяцаньням Масквы.
Пуцін 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
Злучаныя Штаты, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя краіны накіравалі зброю ва Ўкраіну. Нямеччына, якая раней абараняла праект газаправоду «Паўночны паток – 2», дазволіла пастаўкі зброі толькі 26 лютага, на трэці дзень вайны. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен паведаміў, што яго краіна выдаткавала на вайсковую дапамогу Ўкраіне ўжо звыш 1 млрд даляраў.
26 лютага эўрапейскія дзяржавы дасягнулі кансэнсусу і пастанавілі адключыць Расею ад SWIFT.
Расейцы хаваюць сваю статыстыку ахвяр, а ў школы разаслалі інструкцыі, у якіх называюць падзеі не вайной, а міратворчай апэрацыяй. Раскамнагляд пачаў патрабаваць ад журналістаў менавіта так і называць падзеі ва Ўкраіне.
Нелегітымны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 27 лютага прызнаў, што з тэрыторыі краіны запускалі ракеты па тэрыторыі Ўкраіны. У гэты ж дзень у тэлефоннай размове з Уладзімірам Зяленскім Лукашэнка паабяцаў, што атак зь беларускай тэрыторыі ня будзе, аднак пасьля яе зь Беларусі зноў ляцелі ракеты ва Ўкраіну.
27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы, у прыватнасьці «Белы Легіён».
Тры раўнды расейска-украінскіх перамоваў амаль не прывялі да канкрэтных вынікаў.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расьсьледаваньне па пазове Ўкраіны да Расеі. Група з суду выправілася ва Ўкраіну для расьсьледаваньня.
Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што за восем дзён вайны страты расейцаў перавысілі 10 тысяч асобаў.
Флягман украінскага флёту фрэгат «Гетьман Сагайдачний» затапілі, каб не дастаўся Расеі.
У ноч на 4 сакавіка расейцы захапілі пляцоўку каля Запароскай АЭС і зладзілі пажар у адміністрацыйным будынку. Падчас абароны АЭС загінулі 3 украінскіх вайкоўцаў, 2 параненыя, 1 зь іх у цяжкім стане. Пажар ліквідавалі ўкраінскія ратавальнікі.
Расейскі бок тры дні запар зрываў гуманітарныя калідоры для жыхароў аточаных Марыюпалю, Валнавахі, Сумаў. Таксама калідор абяцалі 6 сакавіка ў Ірпеню, але расейскія войскі адкрылі агонь па цывільных.
Раніцай 8 сакавіка адбылося бамбаваньне Сумаў. Ад расейскага авіяўдару загінуў 21 чалавек, сярод іх двое дзяцей.
Колькасьць уцекачоў з Украіны дасягнула 2 млн чалавек. Тэмпы значна перавышаюць пэрыяд вайны ў Босьніі ў 90-я. Харкаў ужо страціў амаль траціну свайго даваеннага насельніцтва.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.