Кіраўніца беларускай суполкі Мікалаева загінула
2022-04-02 17:55
Тацяна Дзяменьнікава ўзначальвала культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы».
Як стала вядома Свабодзе, Тацяну Дзяменьнікаву, якая працавала ў эканамічным дэпартамэнце Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і ўзначальвала Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы», сёньня дасталі з-пад завалаў.
Тацяна Дзяменьнікава стала адной з больш як 30 ахвяр, якія загінулі ў выніку абстрэлу расейцамі будынку абласной адміністрацыі. Яе цела апазналі сваякі.
Тацяну Дзяменьнікаву шукалі з 31 сакавіка пасьля абстрэлу будынку абласной адміністрацыі.
«Голас Радзiмы» ў Мікалаеве
Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы» зарэгістравалі 28 сьнежня 2015 году. Суполка актыўна падтрымлівала кантакты зь беларускай амбасадай у Кіеве.
Міністэрства замежных справаў Беларусі ўзнагародзіла Тацяну Дзяменьнікаву юбілейным мэдалём «100 гадоў дыпляматычнай службе Беларусі» за значны ўнёсак у разьвіцьцё беларуска-ўкраінскіх культурна-гуманітарных сувязяў.
13 лістапада 2019 году амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал уручыў Тацьцяне Дзяменьнікавай юбілейны мэдаль, а іншых сяброў суполкі ўзнагародзіў ганаровымі знакамі беларускай амбасады. Тады ж Ігар Сокал перадаў ансамблю «Родныя напевы» беларускія нацыянальныя строі.
Вайна Расеі супраць Украіны
А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». Ён сказаў, што ў пляны Расеі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх земляў, і заклікаў украінскіх вайскоўцаў скласьці зброю ды «ісьці дадому».
Раней, 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
У першы дзень вайны расейцы захапілі востраў Зьмяіны, дзе захапілі ў палон 13 украінскіх памежнікаў. Затым іх абмянялі на расейскіх палонных.
Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расея за больш чым месяц актыўных баявых дзеяньняў здолела часткова ўзяць пад кантроль толькі Херсон, Мелітопаль, Энэргадар і атачыць Марыюпаль, апошні амаль цалкам зьнішчаны, у горадзе выкрадаюць журналістаў. На Чарнобыльскай АЭС, захопленай расейцамі, толькі праз 600 гадзін працы дазволілі правесьці ратацыю пэрсаналу, а 31 сакавіка расейцы пачалі адыходзіць з Чарнобылю.
10 лютага пачаліся беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы, якія скончыліся тым, што расейскія войскі засталіся на тэрыторыі Беларусі, насуперак ранейшым абяцаньням Масквы, і атакавалі Ўкраіну з поўначы, выкарыстоўваючы беларускія лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
Расейцы, як кажуць украінскі бок і краіны Захаду, шматкроць заніжаюць сваю статыстыку ахвяр, паведамляюць пра 1351 загінулага, пры тым што ў ЗША кажуць пра больш чым 10 тысяч загінулых, а Ўкраіна пра звыш 18 тысяч забітых захопнікаў.
Нелегітымны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 27 лютага прызнаў, што з тэрыторыі краіны запускалі ракеты па тэрыторыі Ўкраіны. У гэты ж дзень у тэлефоннай размове з Уладзімірам Зяленскім Лукашэнка паабяцаў, што атак зь беларускай тэрыторыі ня будзе, аднак пасьля яе зь Беларусі зноў ляцелі ракеты ва Ўкраіну.
27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы, у прыватнасьці «Белы Легіён». Па стане на 31 сакавіка трое беларусаў загінулі, гэта добраахвотнікі, адзін з пазыўным Літвін, другі Зьміцер Апанасовіч, а таксама Тур, які служыў ва Ўзброеных сілах Украіны.
20 сакавіка ва Ўкраіне забаранілі 11 прарасейскіх палітычных рухаў і партый.
30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцэгавіне.
Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 4 млн чалавек. Паводле ўпаўнаважанай у правах чалавека Вярхоўнай рады Ўкраіны Людмілы Дзянісавай, каля 400 тысяч украінцаў гвалтам вывезьлі ў Расею падчас вайны. У прыватнасьці, такія выпадкі фіксаваліся ў аточаным Марыюпалі.
У адказ на падтрымку вайны патрыярхам РПЦ Кірылам украінскія прыходы Маскоўскага патрыярхату пачалі масава пераходзіць у аўтакефальную Праваслаўную царкву Ўкраіны.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.