Тэатральная студыя «Купалінка» з аншлагам паказала ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі калядны спектакль «Віка, Хросная і калядныя цуды». Наступны паказ адбудзецца ў Беларускім Доме ў Варшаве 19 студзеня. Мы пагутарылі з кіраўніцай студыі Наталляй Локіць пра гэтую ды іншыя пастаноўкі і пра тое, як драматэрапія дапамагае дзецям і дарослым адаптавацца ў эміграцыі.
Пра калядны спектакль
П’есу мы зрабілі па матывах кніжкі Алены Масла «Каляды з Хроснай». На сцэне было больш за сорак артыстаў студыі «Купалінка» ва ўзросце ад чатырох да сарака гадоў.
Там ёсць батлейка Маляваныча, песні, танцы, прыходзяць сапраўдныя калядоўнікі з Казой і спевамі, а дзеці да спектакля нават вывучылі гістарычны тэкст батлейкі, запісаны ў ваколіцах Міра ў ХІХ ст. — складаны, далёкі ад сучаснай літаратурнай мовы. Мы хацелі паказаць гледачам розныя шляхі, як можна адзначаць Каляды, разбурыць мяжу між гледачамі і сцэнай.
На паказе ў Музеі Вольнай Беларусі не было вольных месцаў. Нашыя акторы праходзілі між гледачамі. Мы прасілі, каб пакінулі вольны праход, бо будуць ісці акторы, але не — публікі было столькі, што выступоўцы мусілі прабірацца між людзьмі. Гледачы нават падумалі, што так было запланавана. І мы вырашылі гэты момант, што акторы ходзяць праз публіку, скарыстаць у наступным паказе, які адбудзецца ў Беларускім Доме ў Варшаве 19 студзеня. Пачатак а 15.00. Запрашаем!
Пра гісторыю заснавання студыі «Купалінка»
Студыю мы стварылі ў 2020 г. у адказ на вялікую хвалю эміграцыі. У адрозненне ад пазнейшай украінскай эміграцыі, звязанай з вайной, дзе былі людзі рознага веку, беларуская эміграцыя пасля 2020 г. — гэта ў асноўным сярэдні клас з малымі дзецьмі.
Нашая эміграцыя ніколі яшчэ ў гісторыі не была такой масавай, адначасовай і сацыяльна аднароднай, а таксама — такой зычлівай і гатовай да беларушчыны.
З’ехаўшы, беларусы хацелі заставацца беларусамі і ў эміграцыі, а мы хацелі ім у гэтым памагчы. Па выніках пяці гадоў, мне здаецца, мы справіліся з гэтай задачай.
Назву студыі мы прыдумалі ў той дзень, калі купалаўцы ў Мінску сышлі з тэатра. Мы падумалі, што калі ў Беларусі памірае нешта дарагое і важнае для краіны, то ў эміграцыі хоць нешта павінна нарадзіцца. Таму і назва сугучная, а дзетак мы клічам «Купаліначкі». Да таго ж, песня «Купалінка» была вельмі папулярнай падчас пратэстаў, то бок недзе ў падсвядомасці кожнага беларуса жыве Купалінка.
Толькі пераехаўшы ў Польшчу, людзі былі засяроджаныя на побытавых справах і не заўсёды маглі даць дзецям дастаткова ўвагі. Дарослыя самі былі ў стрэсе, і прыводзячы дзяцей на заняткі, шмат размаўлялі міжсобку. Педагогам даводзілася працаваць і з дзецьмі, і з іх бацькамі: казаць, што ўсё будзе добра, што кватэру можна знайсці, працу — таксама, што польскую мову лёгка вывучыць... Хацелася зняць з дзяцей (і, па вялікім рахунку, з іх бацькоў) траўму ад пераезда.
Пра тое, як арганізаваная праца ў студыі
З 2020 г. мы займаемся з дзецьмі, моладдзю і дарослымі, выкарыстоўваючы метады драматэрапіі.
Дапамагаем вучыцца адольваць праблемы, будуем тоеснасць і ўпэўненасць у сабе.
Мы вядзём заняткі па-беларуску, вывучаем класічныя і народныя вершы, песні, показкі, хуткамоўкі, імкнемся ахапіць асноўны корпус нацыянальных (то бок гісторыка-культурных) ведаў адпаведна для кожнага ўзросту і ў выглядзе гульні. Базуемся і на фальклоры, і на класічнай драматургіі.
У нас гадавы цыкл, хоць ёсць удзельнікі, якія з намі пяты год, ад пачатку. Цягам года мы рыхтуем два паказы: калядны і выніковы, у канцы навучальнага года. Першы спектакль цалкам базуецца на традыцыйнай беларускай культуры — дзеці вучаць калядкі, даведваюцца пра нашую адметнасць, батлейку, калядоўшчыкаў. А летні паказ звычайна — вузка тэатральны. Мы трымаемся там нацыянальнай драматургіі, і фальклорныя элементы ўжо неабавязковыя, аднак яны ёсць і так, бо культура — сінтэтычная. Калі, умоўна, гэта проза Някляева ці драматургія Кавалёва, то скразныя фальклорныя матывы там у любым выпадку прысутныя.
Улетку тры гады запар мы сіламі «Купалінкі» ладзім Купалле, дзе ўсе нашыя артысты маюць свае заданні — вучацца быць рэжысёрамі свята, аніматарамі, старэйшыя займаюцца меншымі, вучацца адказнасці. Звычайна на Купалле збіраецца больш за тысячу гасцей — беларусаў Варшавы — на беразе Віслы.
У «Купалінцы» шэсць груп. У самую малодшую запрашаем малечу ад чатырох гадоў. Там, дарэчы, недабор, дзяцей запісана шмат, але яны часта хварэюць і не ходзяць на заняткі. Але ўсё ж з дзецьмі прасцей, чым з дарослымі: дарослыя радзей хварэюць, але маюць шмат іншых праблем — праца, легалізацыя, жытло, сталая неабходнасць зарабляць грошы. Для іх тэатр — гэта аддушына, дзе яны могуць ад гэтай звышадказнасці адпачыць. Быць не тое, што дзецьмі, а самім сабой, рэалізаваць творчы патэнцыял, які яны не могуць выкарыстаць на працы. А працы ў эмігрантаў бываюць даволі цяжкія — дастаўшчык, прыбіральшчыца. У нашай старэйшай групе — удзельнікі ад дзевятнаццаці гадоў, верхняга абмежавання па ўзросце няма. Зараз самаму старэйшаму артысту — сорак два. Падчас зімовага і летняга паказаў мы імкнёмся вывесці на сцэну ўсе групы, каб у кожнага была роля.
Акрамя кіраўніка студыі Наталлі Локіць у «Купалінцы» выкладаюць беларускія і ўкраінскія артысты: музыкі і спеў — Маша Пятровіч, Сьвятлана Зелянкоўская, сцэнічны рух — Павел Гарадніцкі, харэаграфію — Каця Зямлянка. З артыстамі працуе таксама апякун беларускай батлейкі Аляксандр Ждановіч (Маляваныч).
Як далучыцца да тэатральнай студыі «Купалінка»
Далучыцца можна ў любы час. Вельмі шмат людзей звычайна прыходзіць пасля паказаў і арт-летнікаў (дарэчы, ужо рыхтуемся да зімовага дзённага летніка). А ў планах у нас — спектакль паводле беларускіх казак, каб цікава і пазнавальна было не толькі дыяспары, але і палякам, украінцам і ўсім навокал. Лепш да нас далучацца чым хутчэй. Але былі і выпадкі, калі чалавек прыходзіў перад самым паказам, і мы знаходзілі для яго ролю. Напрыклад, адна дзяўчынка сыграла коціка. Мы ёй сказалі: «Ты не паспееш падвучыцца майстэрству, нават не паспееш проста вывучыць словы, але ты выдатна сыграеш коціка». І дзіця было цалкам шчаслівае!
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота з архіву студыі «Купалінка»