Кніжкі сёння – больш, чым проста словы на паперы
2024-10-09 20:09
Кастрычнік у Еўропе – сапраўдны выбух розных культурніцкіх імпрэз. І сярод іх – фестываль «Revolutionale» ў Лейпцыгу, які праходзіў сёлета пад назвай «Выклікі ўмоў». Яго ўдзельнікі даследавалі вынікі наступстваў сацыяльнага падзелу, аўтарытарных рэпрэсій і таталітарнага кіравання. Не выпадкова апроч нямецкіх удзельнікаў на фестываль запрасілі таксама гасцей з Арменіі, Грузіі, Беларусі, Турцыі, Украіны.
Большасць імпрэз адбывалася на плошчы Вільгельм-Лойшнер, у цэнтры горада, дзе 35 гадоў таму гудзелі шматлікія дэманстрацыі з заклікамі перайсці ад «сацыялізму з людскім тварам» да дэмакратычнай сістэмы. Дарэчы, неўзабаве тут будзе пабудаваны помнік Свабодзе і адзінству.
Беларусь прадстаўлялі пэнаўцы Таццяна Нядбай, Ірына Козікава і Дзмітрый Строцаў. Яны расказалі пра катастрафічны стан палітвязняў, апавялі пра творы сваіх калег, прысвечаных беларускім палітычным актуаліям, чыталі вершы супраціву.
Таццяна Нядбай і Ірына Козікава
Свет быў уражаны беларусамі і Беларуссю ў 2020-м. І хоць час змяніўся, мы – не: засталіся такімі ж адважнымі і мірнымі, як і тады, хоць рэпрэсіі працягваюцца ўжо чатыры гады. Сёння маем больш за 1400 палітычных зняволеных, людзей затрымліваюць штодня.
Драматычная сітуацыя нарадзіла літаратуру пратэсту і супраціву, поўную моцных рэфлексій. Асабліва ў кніжках, якія ствараліся ў турмах. Гэтыя творы – больш, чым проста словы на паперы, бо паказваюць моцны і нязломны дух нашага народа. У іх не проста надзея, але – вера ў лепшае, у тое, што вынікам народнага змагання стане ўрэшце свабодны і справядлівы свет.
У самыя цяжкія, чорныя часы нашыя пісьменнікі даказваюць: патрэба самавыяўлення не можа быць зняволеная. Яна здольная змяняць думкі грамадства, прабуджаць, узрушаць пачуцці і выклікаць моцныя эмоцыі. Новымі класнымі творамі беларускія літаратары зноў і зноў даказваюць: ніякія абмежаванні творцаў не могуць задушыць свабоды слова, а ўсёдазволенасць і бязлітаснасць таталітарных уладаў паспяхова аспрэчваюцца сілай таленавітага пяра.
Адзін з прапагандыстаў рэжыму днямі цынічна выказаўся наконт стаўлення рэжыму да тых палітзняволеных, якія былі ў авангардзе рэвалюцыі 2020-га. Адкрыта прагучала выснова: калі неўзабаве іх усё ж і выпусцяць, дык толькі ў выніку вялікага палітычнага гандлю. І ці не галоўным «лотам» стане нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі… Пра яго дзейнасць распавяла Таццяна Нядбай, а перакладчыца Ціна Вюншман прачытала колькі фрагментаў з кнігі «Алесь». Ірына Козікава расказала пра лёс свайго брата Максіма Знака. Пад апладысменты са сцэны фестывалю гучалі таксама вершы супраціву Дзмітрыя Строцава і Таццяны Нядбай.
Дзмітры Строцаў і наведвальніца «Revolutionale»
Мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі пра беларускую частку праграмы «Revolutionale» тых перакладчыкаў беларускіх аўтараў на нямецкую, якія былі на фестывалі і дапамагалі нашай дэлегацыі трываць увагу ўдзячнай аўдыторыі.
Андрэас Вае:
– Паўсюль у свеце ёсць кола зацікаўленых у літаратуры людзей – і праз яе яны далучаюцца да інфармацыі пра краіну, адкуль паходзяць аўтар ці ягоныя героі. Беларускія літаратары ў гэтым сэнсе – не выключэнне.
– Калі вы адкрываеце свайго сябра Дзмітрыя Строцава нямецкім чытачам, то што ім найперш цікава?
– Хто захоплены паэзіяй, той цягнецца да любога новага яркага аўтара. А тут, да таго ж, тая рэдкая сітуацыя, калі паэт звяртаецца да палітычнай тэматыкі, захоўваючы пры гэтым уласную арыгінальную паэтычную мову.
– Нямала выпадкаў, калі, наадварот, гэта змушае зварочваць яе і звяртацца да простай публіцыстыкі…
– Гэта праўда, але Строцаву ўсё ж удаецца захаваць рэальнасць менавіта ва ўласцівым яму паэтычным ключы, хоць гэты чалавек глыбока занураны ў жахлівую палітычную сітуацыю. Заўважаю, як моцна ўплывае на яго гэтае занурэнне. Вершы становяцца на вачах складанейшымі, насычаюцца новымі прыёмамі, інтанацыямі, лексікай – рэаліі відавочна змянілі яго паэтыку.
Цяпер, дарэчы, якраз перакладаю артыкул Дзмітрыя для папулярнага берлінскага літаратурнага часопіса з незвычайнай назвай – «Мова ў тэхнічную эру». І там у яго шмат разважанняў менавіта пра сваю творчую эвалюцыю.
Але хачу паўтарыцца: заўсёды ёсць людзі, якія праз паэзію, літаратуру фільтруюць для сябе грамадска-палітычны працэсы, а ў іх – жыццёвую будзённасць у самых незвычайных фарбах. Сведчу: Строцаву ўдаецца дагрукацца да такіх чытачоў, у тым ліку і тут, у Нямеччыне.
Дзмітры Строцаў і Андрэас Вае
Ціна Вюншман нядаўна пазнаёміла нямецкую літаратурную грамадскасць з аповесцю Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Кніга трапіла ў кароткі спіс Міжнароднай літаратурнай прэміі за выбітны твор сучаснай замежнай літаратуры ў яго першым нямецкім перакладзе.
– Цяпер вельмі выразна адчуваецца зацікаўленасць маімі суайчыннікамі літаратурай Беларусі і самой Беларуссю, таму працую над перакладамі адразу некалькіх твораў і аўтараў. Пастаянна кантактую, напрыклад, з Юляй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам, Святланай Бень, Дзмітрыем Строцавым… Рыхтуюся пачытаць іх вершы на берлінскай Ночы паэзіі 30 кастрычніка. А трохі пазней у маіх планах – прэзентацыя кнігі «Алесь».
Бачу пазітыўную рэакцыю на творчасць беларускіх літаратараў. Вось і сённяшні фестываль у Лейпцыгу не стаў выключэннем.
– Тут не проста ветлівасць гаспадароў пляцоўкі?
– Я неаднойчы была сведкай, як немцы цікавяцца кантэкстам самых розных твораў і пасля такіх вечарын заходзяць далей у інтэрнэт, глядзяць «Вікіпедыю», іншыя крыніцы інфармацыі пра вашую краіну, падзеі ў ёй. Для многіх гэтыя кнігі фактычна становяцца ключом для разумення сітуацыі і духу, маральнага стрыжня беларускага народа.
Але хачу падкрэсліць яшчэ адзін прынцыпова важны момант: вельмі цешыць, што вашай найноўшай літаратурай захапляецца і цяперашняя беларуская эміграцыя ў выгнанні.
Ціна Вюншман, Таццяна Нядбай і Ірына Козікава
Томас Вайлер сёлета атрымаў прэмію Паўля Цэлана за пераклад рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Менавіта падчас гэтай працы ў Беларусі адбылася мірная рэвалюцыя, а далей пачаліся рэпрэсіі…
– Мне было вельмі цікава, хто і чаму наведаў сённяшнюю імпрэзу ў рамках фестывалю «Revolutionale», які не толькі пра Беларусь і Украіну. Тут хапае людзей, востра зацікаўленых сваёй, нямецкай культурай і гісторыяй – маю на ўвазе лейпцыгскія падзеі 1989 года. Гэта вельмі тонкі і важны момант: людзі, раней не ангажаваныя ў Беларусь, хочуць даведацца пра драматычныя падзеі ў ёй, параўнаць са сваім нядаўнім і больш далёкім досведам.
– І што, сённяшнія выступы беларускіх літаратараў знайшлі водгук у слухачоў?
– Мой сусед, а ён звычайны немец, далёкі ад літаратуры і палітыкі, дзеля гэтага якраз і прыйшоў сюды. Спытаў яго пра рэакцыю і пачуў: так, шмат чаго ён уведаў праз выступы Таццяны Нядбай, Ірыны Козікавай, Дзмітрыя Строцава. Іхныя вершы, развагі абудзілі памяць, чалавек правёў гістарычныя паралелі… Так вось праз літаратуру і наладжваюцца масткі паразумення паміж культурамі ды народамі.
Ціна Вюншман:
– Хачу дапоўніць Томаса: многія перакладзеныя мной фрагменты Бяляцкага з кніжкі «Алесь» пра падзеі канца 1980-х у гісторыі Беларусі, злом Савецкага Саюза, вельмі пасуюць нямецкім палітычным рэаліям той эпохі. Нашае грамадства таксама прагнула тады перамен – і яны адбыліся. Шкада, што да вас свабода прыйшла ўсяго на некалькі гадоў… Але сёння мы слухалі і адчувалі: беларусы працягваюць змаганне за яе, за сваю годнасць, людзі не скарыліся перад новым таталітарызмам, а значыць, прыйдзе ўрэшце лепшы час, цемра прайграе.
Таццяна Нядбай з кнігай «Алесь»
…Дарэчы, адной з мэтаў «Revolutionale» было стварэнне прасторы для ўзаемнай салідарнасці. Беларускія ўдзельнікі яе таксама адчулі…
Яшчэ праз дзень усе трое пэнаўцаў былі ўжо ў Вільні, выступалі ў рамках фестывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». Цікавасць наведвальнікаў і да гэтай імпрэзы пацвердзіла яшчэ раз: літаратура супраціву запатрабаваная, свабоднае, вольнае слова жыве, падтрымлівае веру ў Беларусь – робіць сваю справу.
Сябры Беларускага ПЭНа Дзмітры Строцаў, Андрэй Хадановіч і Таццяна Нядбай на фестывалі «Pradmova». Вершы чытае паэтка Марына Хоббель