“Кніжны воз” адзначае народзіны анімаванай аўдыякнігай пра Алісу
2024-09-04 15:56
З нагоды ўласнага дня народзінаў “Кніжны воз” прэзентуе новую аўдыякнігу — Люіс Кэрал “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. Акрамя звыклай агучанай версіі на YouTube-канале праекту з’явілася анімаваная версія гісторыі з ілюстрацыямі Кацярыны Дубовік.
Дзяўчынка Аліса прайшла скрозь люстэрка і апынулася ў свеце, які ўяўляе сабой вялікую шахматную дошку. Гаваркія кветкі і лес, у якім зніклі ўсе імёны. Паядынак паміж Львом і Аднарогам, рыцары ды каралевы. Блізняты Гу-та-та і Гу-ля-ля ды круглае яйка, якое ператвараецца ў Жаўтуна-Баўтуна. Чым скончыцца гэтае незвычайнае падарожжа?
Пераклад з ангельскай зрабіла паэтка, даследчыца літаратуры і перакладчыца Вера Бурлак. Агучыла Крысціна Дробыш. Кампазітарка — Вольга Падгайская. Апрацоўка гуку — Аляксей Безбарабанаў.
Запіс — Everest Media.
Адмысловую анімацыю з ілюстрацыямі
Кацярыны Дубовік зрабіла
Наста Кветка.
Гэтая аўдыякніга сталася магчымай дзякуючы вашым ахвяраванням “Кніжнаму возу”
праз сервіс ko-fi.com, а таксама сябрам і сяброўкам аўдыявыдавецтва: Алеся Сёмуха, Ірына Курапаткіна, Павал Васілёнак, Артур Квяцінскі, Аляксандр Янкоўскі, Алесь Аляхновіч, Марыя Алейнік, Вольга Бабурына, Галіна Кашэўская.