«КРАСАЎЦЫ» - прэм’ера падкасту Свабоды пра вайну сілавікоў супраць беларусаў у 2020 годзе
2022-08-08 16:55
9 жніўня Радыё Свабода прадставіць першы эпізод падкасту «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га». Ён расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў.
Ня толькі пра іхную падрыхтоўку і сам гвалт, але пра іхныя страхі і слабасьці. Пра тое, як усё выглядала знутры. Пра гэта расказваюць былыя сілавікі, чыноўнікі і тыя, хто пра ўсё вырашаў, хоць і ня думаў, што пра гэта стане вядома.
Хто даваў загады? Як рыхтавалі гвалт?
Калі сілавікі адчувалі разгубленасьць?
Як яны паміж сабой абмяркоўвалі Лукашэнку і мірных пратэстоўцаў
Чаму сілавікі не перайшлі на бок народу?
У падкасьце гучаць галасы высокапастаўленых супрацоўнікаў МУС, шараговых міліцыянтаў, былых і дзейных супрацоўнікаў.
У «Красаўцах» шмат унікальных аўдыё 2020 году і эксклюзіўных сьведчаньняў удзельнікаў і назіральнікаў, запісаных намі адмыслова для гэтага праекту.
Слухаючы падкаст, вы нібы апыняцеся ля стэлы, у дворыку турмы на Акрэсьціна, у аўтазаку ці міліцэйскім кабінэце.
Будзеце стаяць разам нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч ля вакна вечарам 9 жніўня і глядзець на баявыя дзеяньні ля стэлы «Менск — горад-герой». Разам з былым сьледчым Андрэем Астаповічам убачыце кроў людзей на асфальце 10 жніўня. З дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай перажывяце ноч пасьля дня галасаваньня і вымушаны ад’езд. З былым начальнікам «Валадаркі» Алегам Алкаевым паразважаеце, чаму сілавікі не падтрымалі мірную рэвалюцыю, а з былым супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта Анатолем Котавым — чаму ўрадоўцы ня здалі Лукашэнку. З былым супрацоўнікам ГУБАЗіКу Аляксадрам Азаравым пачуеце шэпт калегаў пра тое, што выбары сфальсыфікавалі.