Крысціна Бандурына: «А зараз — стой і глядзі, як раскладаецца вечнасць, саступаючы месца свабодзе»
2022-04-10 21:16
У новым роліку арт-праекта «Словы мацней» свае вершы чытае паэтка Крысціна Бандурына.
Арт-праект «Словы мацней» — гэта Беларусь галасамі сучасных беларускіх літаратараў.
Дэлакруа
яны хацелі цябе, аголеную, нямую,
тваёй датклівасцю — фігавым лісцікам гневу
прыкрываючы свае бязладныя жыцці.
чырвоная пляма зняважанай тваёй цнатлівасці
была для іх сімвалам часу, калі нельга маўчаць.
на блышыных рынках цябе прадавалі па гадзінах
прывіднай блізкасці, уяўнай улады і сілы.
а калі не засталося ані батысту, ані карункаў — прыкрыць сінякі і галечу —
яны запалілі паходні і пайшлі ў скокі па касцях імперыі,
услед за босымі тваімі ступнямі,
ненажэрная багіня жыцця і смерці,
эйфарыі і вар’яцтва.
пасля яны напішуць песні і карціны,
пасля яны адваююць цябе сваёй гартаннай мовай,
а зараз — стой і глядзі,
як раскладаецца вечнасць,
саступаючы месца
свабодзе, якая вядзе свой народ.
▼
Звыклае знікла.
На месцы звычайнага пуста:
тлустым прочыркам
імёны і прозвішчы —
крэсляць з затоенай злосцю,
схаванай нянавісцю.
Нам з імі цяпер не па гэтай дарозе.
Арфей растрывожана блытае павароты.
А хто ты? — пытае люстэрка. — Хто ты
ва ўсёй гэтай так і не скончанай
санта-варварскай казцы?
Яны па ўказцы зверху
страляюць у спіны
гумовымі феерверкамі і агнявым канфеці.
Куды тут ісці, мілая Эўрыдыка, скажы мне,
куды тут ісці?
*
Зніклае звыкла —
хто вораг, хто свой.
За паваротам учарашні герой
ашчэрыцца, драпане.
Каго б насамрэч мне й баяцца —
дык толькі мяне...
Морак і золак, адчай і святло.
Беспакаранасцю душыць вялікае зло.
Бессань, бяссілле, гнеў і спакой —
я засынаю з імі, але не з табой,
трохлікай багіні водбліск.
Вера і подласць, вырваныя крыжы.
Вастры нажы, — шэпчуць. — Бі ці бяжы.
Надзеі не выжыць, калі забіваюць свае.
І таму ён б’е:
тут кожнае ліха, што супраць любові, —
гэта яго загад.
Так што бяжы, мая незабыўная Эўрыдыка,
і не глядзі назад.
▼
Гавару яму: ведаеш, не мая.
Я старалася як магла, але што ёй з маёй душы?
Божа, я чую, як дыхае гэта зямля
ўначы, поўнай мораку і імжы.
Мы з ёй столькі год на мяжы,
мы — столькі бясконцых шасэ і трас,
столькі зношаных ботаў, праколатых шын...
«Бяжы», — гаворыць ледзь не штораз,
калі мне не хапае жадання тут жыць.
І не адпускае, трымае, глядзіць на мяне,
вось як ты глядзіш зараз на свой на абраз.
Я ведаю першыя зоркі і воўчыя ямы яе,
карані яе зла і любові агмень,
я — як той Ахілес: мне яе не стае,
каб стаяць і трымацца.
Вяртаюся. Гэта мае
птушкі, і рыбы, і гнёзды.
Увесь гэты божы і чортаў свет —
пра нас.
І яна загараецца промнем святла,
глядзіць морам вокнаў — чырвоных, гарачых.
Моўчкі глядзіць на мяне і плача:
цяпер будзе ўсё іначай,
ты трошкі яшчэ пацярпі, хоць ты столькі ішла...
Мяне разрывае — нібы цыгарэтны пачак
спаліла адразу. Як быццам
раструшчаных берцамі рэбраў кавалкі
захраслі ў грудзях.
І б’ецца на месцы сэрца раздаўленая сініца —
маленькі бяскрылы птах.
Яе неспакойнае сэрца — вялізныя гмахі і
варанкі,
у бетоне і шкле тут няма куды прытуліцца.
Пацярпі, мая родная, — просіць. —
Пакуль пацярпі.
Я ведаю, тут ці засіліцца, ці напіцца.
Плача і корміць мяне з рукі.
Крысціна Бандурына — паэтка, філолаг і рэдактарка. Нарадзілася ў 1992 годзе ў горадзе Мазыр, што на Гомельшчыне. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці «Беларуская філалогія». Затым — магістратуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Амерыканская літаратура». Скончыла Школу маладога пісьменніка пры «Саюзе беларускіх пісьменнікаў» у 2015 годзе і Школу маладога літаратара «W/Rights» у 2020 годзе.
Фіналістка і ўдзельніца шматлікіх конкурсаў і праграм для маладых літаратараў. Стала лаўрэаткай прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» у намінацыі «Дэбют» у 2016 годзе.
У 2019 годзе выдала паэтычны зборнік «Номо» і зборнік перакладаў вершаў на рускую мову «Псалмы и сонники» у 2021 годзе.
Яе вершы перакладаліся на рускую, украінскую, англійскую, нямецкую, літоўскую, чэшскую, польскую, шведскую і дацкую мовы.
Актыўна выступала супраць хатняга гвалту, з’яўляецца ЛГБТ-актывісткай, брала ўдзел у праекце «Маё права» грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі".