Крысціна Дробыш пра «Кніжны Воз»: «Аплікацыя стварае асацыяцыі таго, што беларуская мова — гэта можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна»
2022-08-17 15:42
Шмат каму з чытачоў ужо знаёмая аплікацыя дзіцячых кніжак «Кніжны воз» — асабліва тым, хто мае сваіх дзяцей і падлеткаў. У верасні ёй споўніцца ўжо два гады. Гэтую ініцыятыву, якая пачыналася з прыватнай перапіскі двух чалавек, ужо можна лічыць устойлівым, і даволі значным праектам, які паспяхова развіваецца.Пра тое, як і чаму гэты праект узнік, што не так са школьнай праграмай, як пабачыць развіццё беларускай мовы ў рэальным часе, і пра студыю гуказапісу
«Шафа», распавядае
Крысціна Дробыш — акцёрка, «купалаўка» і адна з пачынальніц гэтага праекта.
Найперш, яна адзначае, што два гады «Кніжнага возу» — гэта амаль сто гадзін запісаў кніг як беларускіх аўтараў, так і беларускіх перакладаў розных часоў. «Падаецца, там самая старэйшая кніга, якія у нас існуюць — «Том Соўэр» у перакладзе Янкі Маўра 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Цяпер мы пішам «Востраў скарбаў», — кажа Крысціна.
— «Кніжны воз» — гэта праект дзіцячай літаратуры для падлеткаў і дзяцей. Ці не падаецца вам цяпер, што трэба пашырацца, і рабіць не толькі дзіцячую, але і дарослую літаратуру?— Так, хацелася б. Мы пачыналі менавіта з дзіцячай, і выбудавалі для сябе нават асаблівы сэнс, чаму мы менавіта дзіцячы праект. А цяпер мы ўжо прыйшлі да высновы, што нас слухае вельмі шмат дарослых людзей. Па-першае, побач з дзецьмі, а па-другое, у нас з’явіліся кніжкі, якія ўжо не зусім дзіцячыя — падлеткавыя. З’явіўся ўзроставы цэнз і рэкамендацыі слухаць з бацькамі, бо там уздымаюцца вельмі складаныя тэмы: адзіноты, смерці... Тое, што дзецям пакуль складана. І мы зразумелі, што ёсць запыт і на больш дарослыя кніжкі, але тут, канешне, ёсць праблемы: і з аўтарскімі правамі, і з платформай, дзе іх выпускаць.
Але такія думкі ў нас ёсць. І ёсць людзі, якія таксама запісваюць кнігі, — мы, відавочна, не адны такія, — і магчыма, мы зможам нешта зрабіць разам. Але мы пакуль што іх развіваем павольна, бо ёсць вельмі шмат кніг, якія б мы хацелі дапісаць для дзяцей, — літаральна, у чарзе. Мы будзем працягваць гэта, і паспрабуем сабраць каманду так, каб можна было пісаць і дарослыя кнігі, — і сучасных беларускіх аўтараў, якім складана выпусціць цяпер папяровую версію, і таксама пераклады.
— Вы сказалі пра «асаблівы сэнс» дзіцячых кніг. У чым ён?— Для мяне беларуская мова пачынаецца з дзяцінства, як бы пафасна гэта ні гучала. І ў нас ёсць школьная праграма. Я не ведаю, для каго яна распрацоўвалася, бо ў 12-13 гадоў чытаць Васіля Быкава — гэта складана. Гэта не зусім гэтага ўзросту літаратура, як мінімум мусіць быць добры настаўнік, які патлумачыць табе, дапаможа разабрацца ў сэнсе. А калі гэта самастойнае чытанне — гэта цяжка.
Праграма выбудаваная на тых рэчах, якія цяжка ўспрымаць узростам, і шмат хто, з кім я размаўляла, кажа, што беларуская літаратура ў школе падавалася такім нечым старым, пакрытым пылам, нешта «змрочнае, сумнае і ў лапцях». Гэта тое, што мне даслоўна казалі людзі. І для мяне таксама яна была складанай, і я не разумела, што там ёсць яшчэ што-небудзь, але потым, у больш-менш дарослым узросце я зразумела, што тут усё нашмат цікавей і разнастайней.
Таму была задача стварыць гэтае, скажам так, беларускае асяроддзе для маленькіх дзетак, каб яны маглі чуць якасную беларускую мову, якасныя цікавыя кніжкі, якія па ўзросце.
Больш за тое, з намі працуюць цікавыя беларускія кампазітары, якія адмыслова пішуць музыку пад гэтыя кніжкі, і выходзіць цалкам беларускі, створаны беларусамі кантэнт, які вельмі падабаецца дзецям. Я вельмі радая, што цяпер ёсць такая суполачка, куды могуць прыйсці дзеці.
Аплікацыя распрацаваная так, што яе можа ўключыць і дзіцё, прынамсі, маё дзіцё дае рады з гэтым. І гэта дзецям падабаецца, гэта стварае пэўныя асацыяцыі таго, што беларуская мова — гэта можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна.
І выдатна тое, што да нас далучаюцца іншыя праекты, іншыя каманды, якія запісваюць, робяць мультфільмы, аплікацыі, мы разам з імі наладжваем супрацоўніцтва, каб мы разам з імі таксама маглі нешта публікаваць у нас, і паказваць, што таксама ёсць вось гэта, вось гэта, вось гэта.
Каб дзеці і дарослыя ведалі, што беларуская літаратура — гэта не толькі Колас, Купала, Быкаў, што гэта нашмат больш.
— Багата цікавых дзіцячых (і не толькі) кніг ніколі не перакладаліся на беларускую мову. Ці працуюць з вамі перакладчыкі? Можа быць, вы самі перакладаеце кнігі, якія вам падабаюцца?— Гэта таксама такая «вудачка на будучыню». Нам бы хацелася, каб нейкія рэчы былі перакладзеныя. Бо, напрыклад, быў «Том Соўэр», дзе мы ведалі, што ёсць два пераклады — Янкі Маўра і новы пераклад. Але наноў была перакладзеная толькі адна глава. І мы думалі, што файна было б перакласці ўсю кнігу, і думалі, каб наладзіць гэта.
Але: на сёння існуе вялікая колькасць таго, што было ўжо перакладзена, і не было нідзе апублікавана, — не тое што выдадзена нават. Таму мая найпершая задача, я лічу, — даць гэтае аўдыёжыццё таму, што ўжо існуе. А яго вельмі шмат.
Мы цяпер выпусцілі «Замак Отранта», напрыклад, які лічыцца першай гатычнай аповесцю ў гісторыі літаратуры, існуе на беларускай мове ў перакладзе Ганны Янкуты. Але кніга была выдадзеная накладам ці то ў 250 ці то ў 300 экземпляраў. Гэта катастрафічна мала.
Паслухаць аўдыякнігу
«Замак Отранта» можна
тут.
Цяпер нам удалося зрабіць вельмі добрую агучаную версію: галоўную ролю там выконвае Алег Гарбуз. Там добрая музыка, зрабілі нават трэйлер да прэм’еры кнігі. І гэты трэйлер зрабіў 12-гадовы хлопчык, што для мяне — асабліва цёплы момант. Таму што дзіцячая аплікацыя, падлеткава-дзіцячая кніжка, і нават трэйлер зроблены 12-гадовым хлопчыкам.
Таму... Можа быць мы і прыйдзем да перакладаў, але ахапіць бы тое, што ёсць.
— Вы сказалі пра музыкаў, якія пішуць тэмы да кніжак, згадалі Гарбуза з «купалаўцаў»... Вы шчыльна супрацоўнічаеце з «купалаўцамі»? І колькі ўвогуле людзей працуе над кніжкамі?
— Колькі людзей працуе — сказаць складана. Так, мы сябруем з калегамі, я сама лічуся «купалаўкай», хоць і сышла адтуль з месяц таму. Я ведаю, што яны прафесіяналы сваёй справы, я іх запрашаю, мы працуем разам і з задавальненнем запісалі ўжо не адну кніжку разам.
А ўвогуле колькі людзей у камандзе , я не ведаю, бо з’яўляюцца і новыя галасы, і ёсць кнігі, напрыклад, якія ўжо былі запісаныя не маёй камандай. А чаму б нам не запісаць з людзьмі, якія ўжо гучалі, але мы разам не працавалі ніколі?
Напрыклад, я чытаю кнігу, і я разумею, што «вось, было б крута, каб гэта агучыў вось гэты, і вось гэты чалавек». І каманда для кнігі збіраецца заўсёды, як наноў. Але ёсць тэхнічная каманда, якая працуе заўсёды. У нас ёсць саўнд-дызайнер, які адказвае за гукавую частку, ёсць гукарэжысёры, музыкі, не ўсіх мы можам называць публічна, вы самі ўсё разумееце. Але, калі падлічыць, то можа, чалавек 15-20 набярэцца...
— Але гэта складаная тэхнічная праца, павінна быць, напэўна, студыя, апаратура... Наколькі гэта складана рабіць, калі вы ў вымушаным ад’ездзе з краіны?
— Канешне, гэта складана ў тым сэнсе, шгто мы ўсе раскіданыя па свеце, але, як кажуць, «калі моцна хочацца, то трэба». Таму мы знаходзім шляхі, каб пісаць гэта анлайн, пішам мы гэта ў некалькіх гарадах, пішам некалькі кніжак адначасова. З іншага боку — плюс у тым, што мала хто застаўся ў Беларусі, а вялікая частка нашай каманды апынулася ў адной кропцы, у адным горадзе.
Канешне, часам мы пішамся літаральна ў шафе, таму мы і назвалі месца свайго запісу «студыя гуказапісу «Шафа». Таму што гэта рэальная шафа — з падушкамі, коўдрамі, рэчамі... Канешне, нашмат зручней працаваць у адным месцы, гэта дае шмат магчымасцяў. Але мы стараемся развіваць і анлайн-магчымасці, каб не залежаць ад тэрытарыяльных момантаў.
— Ці былі ў вас кніжкі, якія б вы не хацелі агучваць, але трэба?
— Не, напэўна не было. Для мяне каштоўнасна ўсё, што прыходзіць у якасці прапановы, ці я сама знаходжу, ці нехта з маёй каманды. Мне падаецца, што ўсё, што з’яўляецца ў беларускіх перакладах... Перакладчыкі самі бяруць тое, што ім даспадобы, у большасці.
Але мне цікавыя заўсёды і розныя пераклады, і розных часоў, і розных перакладчыкаў. Бо ў гэтым ёсць нейкі такі самы сок — рознай мовы і розных падыходаў. Бо мы не займаемся прапагандай нечага ў стылі «толькі так, і ніяк інакш». Мы акурат за тое, каб людзі маглі мець магчымасць параўноўваць.
Калі ў нас ёсць магчымасць прадставіць, напрыклад, пераклад 30-х гадоў мінулага стагоддзя і пераклад цяперашні — гэта будуць вельмі розныя рэчы. У гэтым акурат есць сэнс, тут мы бачым развіццё мовы, як яна змянілася за сто гадоў. Бо ў Янкі Маўра вельмі цікавы пераклад. Ён быў вельмі складаны для нас, але і тым быў вельмі цікавы.
Таму кніжак, пра якія Вы кажаце, напэўна, не было, і мне не хацелася б, каб яны былі — кніжкі, якія б не хацелася агучваць, бо гэта заўсёды чуваць: калі акцёр гучыць кніжку, якая яму не падабаецца. Лепей альбо ўлюбіцца ў кніжку, закахацца ў яе — альбо не чытаць увогуле.
— Да вас, напэўна, прыходзіць шмат прапаноў агучыць тое ці гэта. Якім чынам Вы абіраеце кнігі для працы?
— У нашай камандзе ёсць перакладчык, які мае свае кантакты, ведае досыць шмат і сваіх калег, і літаратуры. Ён чалавек абазнаны, прафесіянал у такім сэнсе. Ёсць тое, што мы чытаем самі. Будучы ў Мінску, я часцяком заходзіла ў «Букініст», шукала беларускія кніжкі розных перакладаў і часоў, — так мы знайшлі «Маўглі», «Пітэра Пэна», якога мы таксама плануем зрабіць.
Людзі, якія ведаюць, што ёсць аплікацыя «Кніжны воз», іншыя каманды часам кажуць: «У нас ёсць агучанае, мы хацелі б у вас размясціць». І мы заўсёды толькі «за». Так да нас трапілі «Хронікі Нарніі» і «Сем камянёў». Ёсць перакладчыкі, якія звязваюцца з намі і кажуць, што «ў мяне ёсць пераклад, я яго падрэдагую, і ці можаце вы яго агучыць». Ёсць аўтары, якія пішуць кніжкі, яны прыходзяць з прапановамі, ёсць тое, што нехта з нашай каманды чытае сваім дзецям і кажа: «Ой, я такую класную кніжку прачытаў». Шляхі вельмі розныя. Працуе «сарафаннае радыё», і шмат яшчэ што рэкамендуюць нашы чытачы і дасылаюць нам у сацыяльныя сеткі — часам проста вялізнымі спісамі. І мы самі запытваемся, што б людзям было цікава пачуць. Так і ўтвараецца вялізная чарга, і, падаецца, там недзе на паўгода наперад у нас ужо стабільна ёсць праца.
— Але ж час начыткі кнігі — гэта адно. А трэба ж яшчэ проста чытаць кнігу, каб, як Вы казалі, «улюбіцца ў яе»... Дзе той час Вы знаходзіце?
— Так, гэта складана, але бывае і так, што ты чытаеш кніжку, і з першых двух-трох главаў разумееш, што цябе захапіла. Ты ўжо чуеш, якім голасам гэта магло б быць прачытана, ты ўжо чуеш гэтага персанажа, хто б яго прачытаў, а вось музыку было б крута, каб зрабіў вось гэты... І калі гэта складаецца, ты ўжо закідваеш вудачку, што «давайце вось гэта пачнем рабіць», распрацоўваць, у працэсе начытваеш, падключаеш каманду, і тут важны момант, каб дэлегаваць гэтую працу. Калі я агучваю кніжку сама, тады я на сто працэнтаў паглыбляюся ў яе. Калі гэтую кніжку гучыць хтосьці ў адзін-два галасы збоку, то я дазваляю сабе трошкі адысці ўбок і пакінуць гэта на творчы момант тых, хто выконвае. Бо ні ў якім разе не хачу дыктатуры тут, я не дырэктар, я магу толькі падказаць нейкую лінію, пракантраляваць дзесьці націскі, вымаўленне, што ўсе блытаюць, незалежна ад дасведчанасці. Але ў агульным я давяраю тым, хто бярэ на сябе гэтую кніжку у плане начыткі. Гэта нават складана назваць начыткай, бо ў нас кніжкі мяжуюць з аўдыёспектаклямі.
Гэта цалкам супольная праца, пабудаваная на адказнасці і на творчасці. Мы сабралі вакол сябе каманду з такім жа адказным стаўленнем да таго, што мы робім.
Ёсць момант творчасці, даверу, адказнасці, і для мяне вельмі важна, калі чалавек, які чытае кнігу, каб яму самаму гэта было ў кайф. Бо я тады гэта чую, гэта чуе слухач, і калі ў нас ёсць нагода, каб паплакаць альбо парагатаць, — значыць, усё будзе добра.
— «Кніжны воз» — аплікацыя бясплатная...
— Так, у нас не было мэты зарабляць на гэтым, бо ў нас асноўная задача была ў тым, каб зрабіць гэта даступным — кніжкі, пераклады, агучку — каб да гэтага мог мець доступ чалавек з любой кропкі свету. Але бліжэйшым часам мы плануем запусціць свой рахуначак, дзе можна аформіць падпіску альбо данаціць «Кніжнаму возу», бо апошнім часам вельмі шмат людзей у нас пыталася, як можна аддзячыць, як можна падтрымаць. І мы разумеем, калі ёсць такі запыт, трэба нешта такое стварыць, каб у людзей была магчымасць хоць і бясплатна паслухаць, але нейкі свой унёсак зрабіць. І гэта будзе скарбонкай для стварэння новых праектаў, каб мы маглі спакойна нешта планаваць, не азіраючыся на тое, дзе нам узяць грошы.
— Вы сказалі, што працы ў вас — на паўгода наперад. Што мы можам пачуць бліжэйшым часам?
— Цяпер мы дапісваем «Востраў скарбаў», мы плануем запісаць «Пітэра Пэна», у нас ёсць кніжка Сержа Мінскевіча «Прыгоды Какоса-Маракоса», таксама будзе працяг «Ката-Шпрата». Будзе Аляксей Шэін. А яшчэ ў нас ёсць невялічкія апавяданні невядомай аўтаркі — дзяўчыны, якая складае вельмі кранальныя і добрыя апавяданні пра бусліка, мы дамовіліся, што таксама іх агучым. Гэта такі крок, што ў нас не толькі вядомыя аўтары — ёсць людзі, якія ствараюць, і ствараюць гэта вельмі цёпла, і чаму б гэта не пабачыла свет?
Гэта з асноўнага. А самае доўгачаканае з нашага боку — гэта «Віня-Пых», беларускамоўная версія Віні-Пуха. Літаральна цяпер мы пачынаем працэс запісу. Я спадзяюся, што да восені мы зможам яе дарабіць і выдаць.
Таму — слухайце нас, далучайцеся, наша аплікацыя даступная для Android і IOS, яна ёсць у App Store і Google Play, ёсць вэб-версія. А калі ў вас ёсць жаданне падзякаваць стваральнікам «Кніжнага Возу» — завітвайце на нашыя старонкі ў Facebook і Instagram. І ўсё, што будзе аддзячана, будзе накіравана на тое, каб ствараць новыя праекты і надалей.
Аліна Бялова, budzma.org