- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Міфалагічная сістэма беларусаў, якая адлюстроўвае касмалагічныя веды разуменне структурна-сістэмных адносін будовы свету тыпу Сусвет-Прырода-Чалавек прыблізна выглядала так. Сімвалам Сусвету быў вярхоўны бог, які ўяўляўся ў вобразе Агнявога Змея (па матэрыялах чарадзейных казак - Змей Гарыныч, Цмок - драконападобная істота). Сусвет у сваіх непасрэдных праявах усведамляўся як спалучэнне чатырох асноўных стыхіяў: неба, зямлі, вады і агню. Гэтым стыхіям адпавядалі чатыры галоўныя багі: стыхію неба ўвасабляў Пярун, стіхію вады - Вадзянік, зямлю - Вялес, агонь - Сварог. Правобразам Агнявога Змея паслужылі каметы і палярнае ззянне, якое зрэдку дасягае Сярэдняй Еўропы. Аб тым, што Агнявы Змей быў Сімвалам Сусвету, сведчыць уласцівасць гэтай міфалагічнай істоты лятаць па небу, плаваць па вадзе і жыць у норах пад зямлей; агонь з'яўляецца адзінай зброяй Змея. У яго часцей за ўсё тры галавы, што сімвалізуе трыадзінства стыхіяў свету: неба, вады і зямлі, а агонь знаходзіцца ўнутры Змея. Пацвярджае гэта і сведчанне пра існаванне ў старажытным Ноўгарадзе свяцілішча галоўнага драконападобнага бога «какадрыла» - скажонае ад «кракадыл». На Беларусі існуе народная гульня «Яшчур» (Яшчар). У гэтым лексічным радзе значнае слова «прашчур» - прабацька, пачынальнік роду.