Купалаўцы пакажуць спектаклі паводле Бахарэвіча, Знака і не толькі
2025-07-28 16:44
Тэатральная група «Вольныя Купалаўцы», якая працуе ў эміграцыі і працягвае традыцыі менскага тэатра імя Янкі Купалы, падзялілася рэпертуарам на верасень і кастрычнік у Варшаве. З чатырох спектакляў 3 — паводле твораў беларускіх аўтараў і аўтарак.
2, 3 верасня — спектакль «ГУСІ-ЛЮДЗІ-ЛЕБЕДЗІ», паводле адной з частак рамана
Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», які сёлета быў уганараваны прэстыжнай Ляпцыгскай кніжнай прэміяй еўрапейскага паразумення.
24 верасня — трапяткі і тонкі прэм’ерны спектакль «ВАЛІЗКА» паводле п’есы вядомай польскай драматургіні Малгажаты Сікорскай-Мішчук.
1, 2 кастрычніка — спектакль «ЭКСТРЭМІСТЫ» паводле дэбютнай п’есы паэткі і перакладчыцы Юлі Цімафеевай, заснаванай на лёсах палітвязняў.
22 кастрычніка — спектакль «ЗЭКАМЕРОН» паводле кнігі адваката і літаратара, палітвязня Максіма Знака, якую ён напісаў напачатку свайго зняволення.
Усе спектаклі адбудуцца на сцэне
«Przodownik» Драматычнага тэатра ў Варшаве. Квіткі можна набыць проста цяпер па спасылцы
Linktr.ee/kupalaucy.
Купалаўцы абяцаюць, што неўзабаве мае з’явіцца інфармацыя пра гастролі ў іншыя гарады.
Паказы ў Варшаве адбываюцца пры фінансавай падтрымцы мэрыі горада Варшава (праграма «Культура Варшавы — справы, праекты, падзеі»).