Курсы «Мова Нанова ў Беластоку» пайшлі на летнія вакацыі канцэртам Алеся Дзянісава
2022-07-02 15:15
Курсы «Мова Нанова ў Беластоку» правялі заключную ў гэтым сезоне сустрэчу і пайшлі на летнія вакацыі.
Гэтым разам на занятках, якія доўжыліся рэкордныя тры з паловай гадзіны, пра гісторыю кніжнай справы распавяла спявачка і журналістка Кацярына Ваданосава, а гаспадыня крамы «Адметнасць» Вольга Верамеенка распавяла пра зёлкі, іх уласцівасці і правілы збору, а таксама пачаставала прысутных духмянай гарбатай. А завяршыў вечарыну сваім выступам – госць з Варшавы, лідар легендарных беларускіх гуртоў DZIECIUKI, «Людзі на балоце» і «Кальян» Алесь Дзянісаў. Таксама падчас мерапрыемства прайшоў невялічкі кніжны кірмаш ад бібліятэкі Kamunikat.
Расказвае вядучы і адзін з арганізатараў курсаў «Мова Нанова ў Беластоку» Ігар Палынскі:
– Вельмі страшныя і чорныя часы, у якія мы зараз жывем, неверагодна важна паказваць нашую еднасць як нацыі, нашую еднасць тых людзей, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. Гэта значыць, што яны адчуваюць сябе беларусамі, яны не гатовыя забыцца на гэта, нават па-за домам, нават па-за нашай краінай. Крута, што мы вучым тут мову, крута, што мы знаёмім тут нашых наведвальнікаў з цікавымі людзьмі. Але самае важнае – адчуванне сябе беларусамі.
Курсы «Мова Нанова ў Беластоку» сыходзяць на летнія вакацыі і плануюць аднавіць сваю дзейнасць у верасні.
Беларускае Радыё Рацыя