Які нечаканы вынік прынёс для беларускай нацыі падзел Рэчы Паспалітай, і ці дасць нам Расія пабудаваць сваю нацыянальную дзяржаву? Адказы на гэтыя пытанні шукае «Салідарнасць» у межах спецпраекту «Вытокі» разам з гісторыкам Аляксеем Ластоўскім.
«Па сваім характары беларусы больш блізкія да літоўцаў»
— Вы неяк распавядалі ў адным з інтэрв’ю, што ва Уладзівастоку давялося чытаць лекцыю пра тое, чым беларусы адрозніваюцца ад расіян. І як поспех? Ці ўдалося пераканаць, што мы іншыя? І чым, дарэчы, мы адрозніваемся?
— Пераканаць, пэўна, не атрымалася. Вельмі цяжка гэта для расійскай свядомасці. У іх ужо ёсць свае зафіксаваныя ўяўленні пра свет навокал, і вынік гэтага светаўяўлення мы зараз назіраем. Мне арганізатар потым расказваў, што пасля лекцыі падышла бабулька з прэтэнзіяй: маўляў, прыехаў тут нейкі габрэй і дзеліць нашы народы.
Калі казаць, што адрознівае, то, на маю думку, у аснове нацыянальнай ідэнтычнасці расейцаў — імперскасць. Гэта нацыя, якая прывыкла адчуваць сябе прыналежнай да вялікай дзяржавы, у іх свядомасць людзей, якія будуюць вялікую дзяржаву. Там адразу закладваецца імпульс для заваёўвання тэрыторый і вельмі цэніцца лаяльнасць і вернападданніцтва. І, зразумела, гэта адбіваецца на грамадзянскай супольнасці, якія кладзецца ахвярай арыентацыі на такую дзяржаву.
Калі мы кажам пра беларусаў, то наша свядомасць сфарміравана якраз паміж дзяржавамі, паміж рознымі імпульсамі, якія ішлі з Усходу і Захаду. Гэта хутчэй свядомасць выжывання, спробы захавання сябе ў той час, калі іншыя спрабуюць табе навязаць нейкія свае ўласныя парадкі.
Прыходзілі войскі з Масковіі, з Германіі, вельмі моцны культурны ціск ажыццяўляла Польшча, і зразумела, што ў такіх умовах беларусы становяцца майстрамі мімікрыі, выжывання ў неспрыяльных абставінах.
Безумоўна, гэта фарміруе розныя формы паводзін. Беларусы спрабуюць не вылучацца ў прасторы, быць сціплымі, старацца максімальна адаптавацца да сітуацыі, у той час як для расіян вельмі важна прадэманстраваць сябе, неяк сцвердзіцца, дабіцца, каб іх паважалі або баяліся.
І гэта зусім па-іншаму ўспрымаецца навакольнымі. Не сакрэт, што ў свеце да беларусаў заўсёды было вельмі добразычлівае стаўленне — прынамсі да таго часу, як беларускія ўлады падтрымалі расійскую агрэсію.
— Вы таксама казалі, што беларусы па сваім характары больш падобныя да літоўцаў — спакойныя, ураўнаважаныя, не лезуць наперад. Зараз, стала жывучы ў Літве, таксама бачаце гэтая падабенства?
— Так, я ўжо маю паўтарагадовы досвед пражывання і магу пацвердзіць свае словы. Сапраўды па сваім характары беларусы больш блізкія менавіта да літоўцаў.
Гэта, з аднаго боку, вынік вельмі сціслага ўзаемадзеяння на працягу гісторыі, калі былі кантакты паміж балтамі і славянамі, паміж праваслаўнымі і католікамі. Увесь час адбывалася ўзаемная асіміляцыі: літоўцы давалі нам нешта, мы ім давалі сваё. І па выніку сапраўды мы можам казаць пра пэўны сімбіёз.
Калі паглядзець, то паміж літоўцамі і беларусамі не было вялікіх канфліктаў. Апроч хіба раздзьмутага апошнім часам пузыра нейкіх дзіўных спрэчак пра літвінізм. Можна ўзгадаць, што яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны, калі на руінах Расійскай імперыі з’явілася акно магчымасцяў для фарміравання нацыянальнай дзяржавы , былі спробы стварыць супольную беларуска-літоўскую дзяржаву, аднавіць Вялікае княства Літоўскае. І гэта ў 1915-1917 гады — часы, калі ў рэгіёне ўжо квітнелі паўнавартасныя нацыяналізмы.
Практычна рэальная мяжа паміж Беларуссю і Літвой паўстала толькі пасля 1991 года. І гэтыя кантакты нас сапраўды ўзаемна ўзбагачалі.
Калі браць нацыягенез, то і беларусы, і літоўцы — гэта нашчадкі сялянскіх нацый. Яны фарміраваліся на такіх самых падмурках. Вясковая сялянская свядомасць, якая перажыла сваю трансфармацыю пры пераездзе ў вялікія гарады, — гэта таксама тое, што аб’ядноўвае сучасных беларусаў і літоўцаў.
— Калі б давялося ахарактарызаваць беларусаў некалькімі словамі, то якія станоўчыя і якія адмоўныя рысы вы б вылучылі?
— Тут цяжка сказаць, станоўчыя яны ці адмоўныя. З аднаго боку, гэта адаптыўнасць, уменне выжываць у экстрэмальных умовах, уменне перажываць вайну, захоўваць сваю свядомасць, тутэйшасць. А, з іншага боку, гэта вядзе да жадання схавацца, не лезці на ражон, не прымаць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці і чакаць, што ўсё гэта можна перажыць і дачакацца, што ўсе ворагі памруць.
І што тут дрэннае, а што тут добрае, я не вазьмуся ацаніць.