Лаўрэатаў Прэміі Цёткі абвясцілі ў Вільні
2024-02-18 20:34
Лаўрэатаў Прэміі Цёткі абвясцілі ў Вільні падчас другога дня XІI Міжнароднага паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». Гэтая прэмія ўручаецца з 2016 года ў дзвюх намінацыях за найлепшую кнігу для дзяцей: літаратурная намінацыя і мастацкае афармленне дзіцячай кнігі.
Імёны лаўрэатаў прэміі агучыла кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай. У тэкставай намінацыі за лепшую дзіцячую кнігу перамог Антон Францішак Брыль з кнігай “Мышыныя каляды”. Праўда, ён не змог прысутнічаць на імпрэзе, прэмію яму ўручаць пазней. А ў намінацыі за лепшае мастацкае афармленне лаўрэаткай стала Лілія Бусарава за афармленне кнігі Эдзі Агняцвет “Мой рыжы Бім”.
Як кажа Лілія Бусарава, гэта яе першая прэмія, якая стала для яе нечаканасцю:
– Насамрэч гэта было зусім нечакана, як прапанова намаляваць і як сама навіна пра тое, што я стала лаўрэатам гэтай прэміі. Як папярэдне там казала дзяўчына, усё было таямніцай, і праз кагосьці штосьці я там даведвалася. І менавіта за месяц да гэтай падзеі мне напісалі, ці можна даць мае кантакты. Я сказала: “Можна”. І вось пра гэта я даведалася ад незнаёмай зусім жанчыны, таксама маёй цёзкі, таксама Лілі, яна сказала, што я буду лаўрэатам.
Падчас другога дня стральцоўскага фэсту адбыліся сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі, у тым ліку з Падляшша – Ганнай Кандрацюк і Андрэем Сцепанюком.
– Я захапляюся крэатывам беларускіх паэтаў, перш за ўсё маем выступленні паэтаў, бо ў Польшчы паэзія сышла на такі ўзровень, што людзі не толькі не чытаюць, але нават не ведаюць сучасных паэтаў.
– Люблю паэзію не толькі пісаць, не пішу замнога, але я яе люблю чытаць, бо ў ёй так многа той глыбіні, якой не маем мы штодня.
Сустрэчы адбыліся таксама з мэтрам беларускай паэзіі Уладзімірам Някляевым, літоўскай паэткай Вандай Марціньш душ Рэйш, беларускімі літаратарамі Валянцінай Аксак, Ганнай Комар, Андрэем Хадановічам, Ганнай Янкутай ды іншымі.
Скончыўся другі дзень XІI Міжнароднага паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова ноччу паэзіі, выступам гасцей фэсту і вольным мікрафонам.
***
XІI Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» распачаўся ў Вільні. Ён адкрыўся ў пятніцу, 16 лютага, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры. У фэсце бяруць удзел літаратары з Беларусі, Польшчы, Латвіі, Швецыі.
Падчас адкрыцця фэсту назвалі імя лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова.
Ім стаў Усевалад Сцебурака. Сам ён на фестывалі не прысутнічаў. Мяркуецца, што прэмію яму ўручаць у Менску на кватэры Міхася Стральцова.
Яго імя абвясціла жонка паэта Міхася Стральцова – Алена Стральцова, якая з’яўляецца сябрам журы.
Як кажа вядоўца фестывалю, літаратар Андрэй Хадановіч, часам людзі кажуць, што кепскія часы – добрыя часы для паэзіі:
– Хочацца, каб яны ў нас на яве мінулі і каб паэзія пры гэтым не канчалася. Усевалад Сцебурака найлепшыя свае вершы напісаў, і я спадзяюся, напіша вось зараз, рэагуючы на боль, выпрабаванні, рэпрэсіі, вайну, разлуку між намі тут і там.
Творчую супольнасць Падляшша прадстаўляў у тым ліку і Яўген Вапа, рэдактар штотыднёвіка “Ніва” і кіраўнік Радыё Рацыя:
– Сцебуракава творчасць знаёмая мне гадамі. Я ганаруся, што знаёмы з ім гадамі, што мы абменьваліся творчымі памкненнямі. Я так шаную ягоную паэзію, яна жыццёвая і праўдзівая, беларуская. Ён ідэальны біяграфіст, зрабіў чаго не хапае ў Беларусі. Ён вывеў памяць сваёй сям’і да мінулых стагоддзяў, апісаў гэта, зрабіў з ілюстрацыямі – і то ёсць вялікасць.
На імпрэзе прысутнічала шмат вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, прыехалі і калегі са Швецыі на чале з кіраўніцай Саюзу пісьменнікаў Швецыі Грэтай Рутбель.
Напрыканцы Юры Несцярэнка спяваў песні на вершы Міхася Стральцова.
Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» будзе доўжыцца ў Вільні яшчэ два дні. Падчас яго пройдуць шматлікія сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, паэтамі і прэзентацыі іх кніг. Таксама адбудзецца “Ноч паэзіі”, дыскусіі і цырымонія абвяшчэння лаўрэатаў Прэміі Цёткі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя